Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У справе будаўніцтва новай АЭС “чарнобыльскі фактар” ужо неактуальны


Ігар Карней, Менск Пытаньне будаўніцтва ў Беларусі атамнай электрастанцыі вырашанае і рэвізіі не падлягае. Гэта неаднаразова падкрэсьліваў і Аляксандр Лукашэнка, і кіраўнік Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіл Мясьніковіч, якому даручана мабілізаваць на рэалізацыю глябальнага праекту акадэмічныя структуры. Пра сур’ёзнасьць намераў сьведчаць і тэрміны, цягам якіх “мірны атам” павінен пачаць сілкаваць беларусаў: ад пачатку будаўніцтва ў 2008 годзе да ўводу першага энэргаблёку пройдзе 3-4 гады. Ці гатовае беларускае грамадзтва да суседзтва з АЭС?

Плянавы кошт будаўніцтва атамнай электрастанцыі – 2,5-3 мільярды даляраў у разьліку на два энэргаблёкі па тысячы мэгават. Да 2025 году колькасьць такіх энэргаблёкаў павялічыцца да чатырох. У якасьці будаўнічых пляцовак разглядаюцца варыянты ў Чавускім і Шклоўскім раёнах Магілёўшчыны.

Чавускі варыянт службам геалягічнай выведкі падаецца больш прывабным. Аднак, як кажа начальнік аддзелу арганізацыі кадравай працы Чавускага райвыканкаму Ўладзімер Зелянкоў, пэўнасьці ўсё ж няма:

“На сёньняшні дзень сытуацыя няпэўная. Тое, што станцыю зьбіраюцца будаваць, дык гэта факт. Адна з пляцовак, і можа нават у большай ступені яна верагодная, будзе ў нас. Пакуль мы ўсе слухаем заявы, што будаўніцтва пачнецца ў наступным годзе. Пэўна, пры канцы году будзе большая яснасьць. Да таго ж, на сёньня няма нават пэўных фінансаў – якім коштам станцыю будаваць, паколькі аб’ект ня танны. А тэлефанаваньні йдуць з усёй краіны. Запытваюць: калі пачнуць будаваць, калі прыяжджаць на працу? Людзі вельмі зацікаўленыя, тэлефануюць з Берасьцейшчыны, з усходніх раёнаў: калі ў Чавусах пачнуць будаваць станцыю, хочам прыехаць на працу... Так што, плюс для рэгіёну з гледзішча сацыяльна-эканамічнага, натуральна, будзе”.

Галоўнай мэтай беларускай АЭС – аўтаномія ад імпартных энэргарэсурсаў, перадусім, з Расеі. Падлічана: увядзеньне двух энэргаблёкаў дазволіць зьнізіць спажываньне прыроднага газу да 5 мільярдаў кубамэтраў штогод. Аднак, па іроніі лёсу, у якасьці галоўнага рэалізатара праекту ўсё больш выразна выступае тая ж Расея. Яшчэ некаторы час таму старшыня прэзыдыюму НАН Міхаіл Мясьніковіч больш схільна ставіўся да францускіх распрацовак. Беларускія экспэрты езьдзілі на перамовы з кіраўніцтвам кампаніі AREVA, але вынікам візыту стала нараканьне: францускі бок па незразумелых прычынах “асьцярожнічае”.

Пасьля гэтага на адной з прэс-канфэрэнцый амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў даў зразумець: узаемаадносіны дзьвюх краін у немалой ступені будуць залежаць ад таго, каго Беларусь абярэ ў якасьці генэральнага партнэра на ўзьвядзеньне АЭС. І вось ужо Мясьніковіч кажа: самыя надзейныя АЭС – расейскія. Мой чавускі суразмоўца Ўладзімер Зелянкоў сам паводле адукацыі фізык, заканчваў фізфак БДУ па спэцыялізацыі “ядзерная фізыка”. І кажа, што тэхналягічна францускія і расейскія праекты падобныя. Прынамсі, калі параўноўваць, то ў любым выпадку гэта больш бясьпечна, чым Чарнобыль:

“Наколькі я чуў, плянуюцца вода-вадзяныя рэактары. І францускія, і расейскія распрацоўкі збольшага падобныя. Такія вода-вадзяныя рэактары досыць бясьпечныя. Гэта не Чарнобыль, дзе вельмі танна і вельмі сярдзіта атрымалася. З улікам цяперашняй сытуацыі і з улікам таго, што прыродныя рэсурсы зьнікаюць, мы нікуды ад гэтага не падзенемся. І нафта скончыцца, і газ скончыцца. А чымсьці трэба ж будзе сагравацца ў нашым клімаце”.

Воля беларускага кіраўніцтва да будаўніцтва ўласнай АЭС непахісная. Днямі абвешчана, што ў 2007 годзе Беларусь завершыць тэарэтычныя выпрабаваньні, абярэ стратэгічнага партнэра для рэалізацыі праекта, пасьля чаго неадкладна пачнуцца перамовы з пастаўшчыкамі тэхналёгій і абсталяваньня.

Наступны онлайн – са старшынём аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” Іванам Нікітчанкам
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG