Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларуская моладзь падзеленая?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў сьвеце адзначаюць Міжнародны дзень салідарнасьці моладзі. Ці ёсьць магчымасьць ў беларускай моладзі розных палітычных поглядаў разам працаваць над вырашэньнем сваіх праблем?

Напярэдадні сьвята лідэры шэрагу маладзёвых арганізацый дэмакратычнага кірунку правялі канфэрэнцыю. Адбылася сустрэча не ў Беларусі, а ў Літве. “У Беларусі нас усіх маглі затрымаць. Такое ўжо шмат разоў было”, – кажуць удзельнікі. Сярод іх лідэры “Маладога фронту”, “Моладзі БНФ”, “Грамадзянскага форуму” ды іншых арганізацый.

“Фронтавец” Франак Вячорка лічыць, што ў Беларусі бракуе камунікацый паміж маладзёвымі суполкамі. Кантактаваць і сустракацца часьцей мусяць ня толькі лідэры, але і шараговыя актывісты. На сустрэчы ў Літве дамовіліся стварыць аргкамітэт Моладзевага форуму і прыняць агульны зварот да кіраўнікоў дэмакратычнай апазыцыі. Яго сэнс – абазначаць стаўленьне да актуальных палітычных пытаньняў.

А ці магчыма, каб за вырашэньне пэўных праблем разам узяліся апазыцыянэры і актывісты праўладных арганізацый? Франак Вячорка блізкай пэрспэктывы супрацоўніцтва “Моладзі БНФ” зь Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі ня бачыць.

“У нас не перасякаюцца пункты супрацы. Бо БРСМ створаны паводле палітычнай замовы, а я бачу агульную працу толькі з тымі арганізацыямі, якія паўсталі зьнізу. Вось учорашняе рашэньне аб намеры каапэравацца ёсьць першым крокам да моладзевай беларускай салідарнасьці”.

Што ў сваю чаргу думаюць пра маладзёвую салідарнасьць ў БРСМ? Загадчык аддзелу агітацыі БРСМ Іван Сінічкін шчыра прызнаў: на сёньня ніякіх мерапрыемстваў не заплянавана. “Вы ж ведаеце, такіх дзён шмат”, -- сказаў Іван Сінічкін. А вось меркаваньне пра магчымасьці супрацоўніцтва з апазыцыйнымі маладзёвымі структурамі:

“Гаварыць пра супрацоўніцтва зь нейкай адной арганізацыяй – гэта вузка. Мы гатовыя супрацоўнічаць зь любымі арганізацыямі, якія зарэгістраваныя”.

Між тым большасьць маладзёвых структур дэмакратычнага кірунку не маюць рэгістрацыі. Актывісты кажуць, што Міністэрства юстыцыі іх наўмысна ігнаруе, да таго ж дзейныя законы надзвычай ускладнілі гэтую працэдуру. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі ў Літве Зьміцер Яненка быў у гэтым сэнсе выключэньнем. Арганізацыя “Ленінскі камсамол Беларусі”, якую ён ўзначальвае, зарэгістраваная. Я спытаў у Зьмітра, ці магчыма, прыкладам, супрацоўніцтва камсамольцаў з актывістамі БРСМ ў абароне студэнтаў ад магчымай ліквідацыі ільгот на праезд у грамадзкім транспарце?

“БРСМ гэтым займацца ня будзе. Бо яны робяць толькі тое, што загадае ўлада, а ўлада зараз рыхтуе такі закон. Не, мы нават не губляем дарэмна час на прапановы”.

Іван Сінічкін з БРСМ у сваю чаргу заявіў, што ў змаганьні супраць адмены ільгот для студэнтаў больш разьлічвае на дэпутатаў-прадстаўнікоў гэтай арганізацыі, чым на вулічныя акцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG