Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Шушкевіч: “Я ў многіх выпадках быў гарачым прыхільнікам Ельцына”


Сяргей Абламейка, Прага Былы сьпікер Вярхоўнага савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч з нагоды сьмерці першага прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына сказаў Радыё Свабода:



Шушкевіч: “З гэтым чалавекам у мяне зьвязаныя вельмі добрыя ўспаміны – перад Белавежай, у Віскулях ды й пасьля Віскулёў. Я ў многіх выпадках быў яго гарачым прыхільнікам, і не было падстаў крыўдзіцца, калі я адышоў, а ён заставаўся прэзыдэнтам. Так што ў мяне самыя добрыя ўспаміны пра гэтага чалавека. І мне здаецца, што тое, што ў Расеі многія кажуць, маўляў, шмат чаго не атрымалася, таму што ён дзейнічаў ня лепшым чынам, то я б сказаў: ён быў першым прэзыдэнтам, і дзейнічаць лепшым чынам – вельмі цяжка. Я вельмі шкадую аб тым, што ён так рана памёр”.

Абламейка: “Ён быў адным зь людзей, якія спрычыніліся да распаду савецкай імпэрыі, у выніку якога Беларусь атрымала незалежнасьць. Вы былі яшчэ адным чалавекам, але ўсё ж цяпер, на Вашу думку – як ацаніць ролю яго асобы для набыцьця Беларусьсю незалежнасьці?”

Шушкевіч: “Ведаеце, гэта ня простае пытаньне, я думаю, што ў той момант, калі ён хацеў пазбавіцца ўлады Гарбачова над сабой, іншага кроку не было, акрамя як прызнаць незалежнасьць Беларусі. І ён зрабіў гэта дастойна і ніколі не рабіў выгляду, што гэта было вымушана”.

Абламейка: “На Вашую думку, ці ягоная сьмерць паўплывае на палітычную сытуацыю ў сёньняшняй Расеі?”

Шушкевіч: “Думаю, што ня вельмі, таму што ён быў далёка ад тых спраў і не зусім быў прыхільнікам таго накірунку, у якім разьвіваецца Расея”.
XS
SM
MD
LG