Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад арганізатараў Чарнобыльскага шляху патрабуюць аплаты працы міліцыянтаў


Любоў Лунёва, Менск Прадстаўнікі апазыцыі рыхтуюцца да Чарнобыльскага шляху, традыцыйнай акцыі прымеркаванай да ўгодкаў аварыі на ЧАЭС. Тым часам ўлады запатрабавалі ад арганізатараў акцыі аплаціць працу міліцыянтаў, а таксама кампэнсацыю “Зелянбуду”, калі тыя дакажуць, што удзельнікі акцыі патапталі траву.

Сёньня заяўнікі “Чарнобыльскага шляху” наведаюць гарадзкую ўправу міліцыі Менску, каб яшчэ раз узгадніць свае дзеяньні пад час правядзеньня акцыі. 20 красавіка, на наступны дзень пасьля таго, як улады забаранілі шэсьце ад плошчы Я. Коласа да Нацыянальнай бібліятэкі, Аляксей Янукевіч, Юрась Зянковіч і Анатоль Сідарэвіч наведалі менскую гарадзкую ўправу міліцыі.

Кіраўнік аддзела грамадзкай бясьпекі Аляксандар Найдзенка паведаміў, што заяўнікі мусяць аплаціць працу міліцыянтаў пад час правядзеньня акцыі. Ён патлумачыў, што сума будзе залежаць ад колькасьці супрацоўнікаў міліцыі. Апроч таго, А. Найдзенка папярэдзіў заяўнікаў, што давядзецца заплаціць і “Зелянбуду” за сапсаваныя газоны. Ён спаслаўся на падзеі 25 сакавіка, калі прадстаўнікі “Зелянбуду” паскардзіліся, што ў некалькіх месцах на праспэкце Незалежнасьці былі сапсаваныя газоны.

Але ўдзельнікі акцыі ў Дзень Волі адзначаюць, што па газонах хадзілі байцы спэцназу міліцыі і салдаты ўнутраных войскаў. Гэта бачна на фота- і відэаматэрыялах. Гаворыць Юрась Зянковіч:

“Канкрэтная сума будзе названая па заканчэньні “Чарнобыльскага шляху”, таму што яны ня ведаюць колькі людзей будзе задзейнічана. У”Менскзелянбудзе” будзе створаная камісія, якая ацэніць страты і мы павінны будзем іх кампэнсаваць. Паводле іх падлікаў, пад час дэманстрацыі 25 сакавіка страты былі нанесеныя на суму ажно 700 тысяч рублёў. Мы можам не патрапіць на плошчу Якуба Коласа, не выключана, што не будзе спыняцца грамадзкі транспарт. Відавочна, што міліцыя на гэтым этапе разглядае варыянт блякады плошчы”.

Чыноўнікі Менгарвыканкаму дазволілі правядзеньне акцыі ад Акадэміі Навук да плошчы Бангалор. Заяўнікі – Валянціна Палевікова, Анатоль Сідарэвіч, Аляксей Янукевіч, Юрась Зянковіч, Алесь Чахольскі і Юрась Беленькі – зьвярнуліся ў суд са скаргай на чыноўнікаў Менгарвыканкаму, якія без папярэдняга ўзгадненьня з арганізатарамі зьмянілі фармат і маршрут масавай акцыі. Яны спадзяюцца, што суд прыме рашэньне на карысьць заяўнікоў “Чарнобыльскага шляху”.

Спадар Найдзенка казаў, што ўваходы на плошчу Я.Коласа могуць быць перакрытымі. Ён папярэдзіў намесьніка старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча аб крымінальнай адказнасьці за арганізацыю “Чарнобыльскага шляху”. Гаворыць Аляксей Янукевіч:

“Чаму менавіта мяне? Магчыма, таму, што я выкладаў нашы просьбы і прапановы канкрэтна да міліцыі па некаторых тэхнічных момантах ад імя ўсіх заяўнікаў, магчыма, таму, што маё прозьвішча стаіць першым у заяўцы. Спадар Найдзенка зьвярнуўся да мяне і папярэдзіў, каб я зрабіў усё магчымае, каб мяне не прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за арганізацыю “Чарнобыльскага шляху””.

Сёньня ў гарадзкой управе міліцыі заяўнікам прадэманструюць на мапе, дзе будуць знаходзіцца супрацоўнікі міліцыі і як будзе ажыцьцяўляцца ахова грамадзкага парадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG