Дракахруст: “Заявы, зробленыя Аляксандрам Лукашэнкам напачатку году пасьля беларуска-расейскага крызісу, сьведчылі пра жаданьне афіцыйнага Менску палепшыць адносіны з Захадам, знайсьці ў ім пэўнае апірышча ва ўмовах, калі традыцыйнае апірышча, Масква, стала ледзь не галоўнай крыніцай дэстабілізацыі. Потым былі пэўныя спробы такое ўзаемадзеяньне наладзіць. Варта прыгадаць, напрыклад, візыт у Менск старшыні ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэна. Але, гледзячы па ўсім, гэтае вакно магчымасьцяў так і не расчынілася. На мінулым тыдні на прэсавай канфэрэнцыі Лукашэнка заявіў: “Я заўсёды гаварыў, што мы не пацерпім панукваньняў — калі Эўразьвяз, дзякуючы сваёй “інэрцыі”, прапаноўвае нам сьпіс захадаў, якія яму загадзя напіша беларуская апазыцыя”.
Яшчэ раней іншыя прадстаўнікі афіцыйнага Менску адхілілі адну з цэнтральных умоваў дыялёгу з Эўропай – вызваленьне палітычных вязьняў, заявіўшы, што ў Беларусі такіх няма, а ёсьць толькі крымінальнікі. Але такія аргумэнты беларускага боку іх эўрапейскіх партнэраў ня надта пераконваюць.
Скажам, на гэтым тыдні падчас пасяджэньня ПАРЭ яе прэзыдэнт , прыгаданы ван дэр Ліндэн, сказаў, што “крок за Менскам”, іншыя кіраўнікі гэтай арганізацыі паўтарылі тэзу пра вызваленьне палітвязьняў як умову пачатку дыялёгу, гэта знайшло адлюстраваньне і ў рэзалюцыі асамблеі.
Зразумела, што Рада Эўропы – гэта не апошняя інстанцыя, якая прадстаўляе Захад, але і галасоў, якія б выступалі за іншыя ўмовы дыялёгу з афіцыйным Менскам, нешта не чутно. Ці азначае гэта, што магчымасьць такіх перамоваў фактычна зьнікла? І калі так, то чаму бакі не пайшлі на адпаведныя саступкі, можа – ня так ужо было і трэба? Натальля Лешчанка, як Вы мяркуеце?”
Для Лукашэнкі ідэя незалежнасьці – сапраўды самае важнае, гэтае тое, на чым трымаецца ягоны рэжым, гэта тое, што дазваляе яму супрацьдзейнічаць высілкам Захаду на працягу апошніх 10 гадоў. І зразумела, ён заўсёды ставіў бар''ер незалежнасьці ў адносінах з Расеяй. Ён сапраўды ніколі не аддасьць незалежнасьць, як ён і кажа. Але ідэя незалежнасьці не настолькі добрая для беларускага разьвіцьця, як гэта здавалася б.
Эўропа нарэшце атрымала хоць якую магчымасьць паўплываць на Беларусь, так бы мовіць, паставіць нагу ў дзьверы. Зразумела, Лукашэнка ня вызваліць палітвязьняў, гэта проста супярэчыць ягоным інтарэсам, асабліва ён ня можа выпусьціць Аляксандра Казуліна, які такі ж таленавіты палітык, як і ён сам.
Але тым ня менш у Беларусі загучалі эўрапейскія галасы. Магчыма, эўрапейцы разумеюць, што Лукашэнка гэтыя ўмовы ня выканае, але па меншай меры зьявілася магчымасьць узаемадзеяньня”.
ЧЫТАЦЬ УВЕСЬ ТЭКСТ ПЕРАДАЧЫ