Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане памёр дасьледчык беларускай культуры Гай Пікарда


Радыё Свабода У суботу ў Лёндане на 76-м годзе жыцьця памёр дасьледчык беларускай гісторыі і культуры Гай Пікарда.

Выпускнік Оксфардзкага ўнівэрсытэту і ўнівэрсытэту ў Сарбоне, Пікарда вывучаў творчасьць беларускіх кампазытараў, жыцьцё і дзейнасьць Францыска Скарыны, распрацоўваў гісторыю перакладаў Бібліі на беларускую мову, праблематыку гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Займаўся пошукам старажытных беларускіх царкоўных сьпеваў і іх выданьнем. Апублікаваў “Беларускі царкоўны сьпеўнік. Сьвятая Літургія”, “Беларускі духоўны сьпеўнік”, навукова-папулярнае выданьне “Царкоўная музыка на Беларусі. 989 – 1995”, уклаў анталёгію беларускіх песнапеньняў “Залатая Беларусь”, а таксама даведнік пра Беларускую бібліятэку імя Ф.Скарыны ў Лёндане. Друкаваўся на старонках рэлігійных і сьвецкіх выданьняў (“Божым шляхам”, “Беларус”, “The Journal of Byelorussian Studies” і інш.).

“Ён быў англа-францускага паходжаньня і прыйшоў да нас, беларусаў, – расказвае апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан. – Яшчэ будучы студэнтам у Оксфардзе, шукаючы царкоўнае музыкі, ён зацікавіўся ня толькі музыкай, але ўсёй беларускай культурай і гісторыяй, усім беларускім. І з таго часу ён жыў гэтай цікавасьцю. Па прафэсіі праўніка, яго найбольш цікавілі музыка і Беларусь.
А.Надсан: “Яго найбольш цікавілі музыка і Беларусь”.
Ён шмат зрабіў: і Англа-беларускае навуковае таварыства, і часопіс беларусаведы, і спэцыяльныя курсы лекцыяў беларусаведы, якія ў нас тут арганізоўваліся амаль што 30 гадоў, і ягоны ўдзел у міжнародных канфэрэнцыях, дзе ён гаварыў на беларускія тэмы.

Апошнія 18 гадоў Гай жыў у нашым беларускім цэнтры тут, у Лёндане. Для мяне гэта страта вельмі блізкага чалавека. Яшчэ зарана, каб асэнсаваць усё, што ён зрабіў для Беларусі. А ён зрабіў шмат, зрабіў сапраўды шчыра і самааддана”.
XS
SM
MD
LG