Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ю.Губарэвіч: “Рэгіянальныя кангрэсы – выйсьце, але ня самае лепшае”


Аляксей Знаткевіч, Прага Госьць “Начной Свабоды” – лідэр Берасьцейскай абласной філіі Партыі БНФ Юрась Губарэвіч.

Знаткевіч: “Юрасю, Вы скончылі энэргетычны факультэт Беларускай палітэхнічнай акадэміі. На Вашую думку, ці мэтазгодна ў Беларусі будаваць атамную электрастанцыю?”

Губарэвіч: “Мне падаецца, што ў сёньняшніх умовах будаўніцтва атамнай электрастанцыі нямэтазгоднае. Варта разьвіваць іншыя, альтэрнатыўныя крыніцы энэргетыкі, але атамная станцыя – гэта тая ж самая атамная зброя, якая ў няўмелых руках можа прынесьці толькі шкоду”.

Знаткевіч: “А як Вы ставіцеся да такіх аргумэнтаў, што Беларусь усё роўна з усіх бакоў аточаная АЭС – на поўначы Ігналінская, на поўдні – Ровенская і той жа Чарнобыль, на ўсходзе ў Расеі таксама ёсьць АЭС... Чаму б ня мець сваёй?”

Губарэвіч: “І тым самым толькі ўзмацніць небясьпеку, хіба так. Мне падаецца, што ў сёньняшніх умовах у сьвятле новых вынаходніцтваў у энэргетыцы можна пастарацца абысьціся і без атамнай энэргетыкі. Тым больш што шэраг дасьледчыкаў кажа, што з кожным годам гэты від энэргетыкі будзе абыходзіцца і Беларусі, і наагул у сьвеце ўсё даражэй”.

“Трэба думаць пра розныя крыніцы паступленьня энэрганосьбітаў у Беларусь”

Знаткевіч: “А наколькі гэта рэальна для такой краіны як Беларусь, якая практычна ня мае сур''ёзных запасаў нафты і газу, ня быць энэргазалежнай, і пры гэтым абысьціся бяз АЭС?”

Губарэвіч: “Перадусім, тут трэба думаць пра розныя крыніцы паступленьня энэрганосьбітаў на тэрыторыю Беларусі. Тое, пра што казаў БНФ яшчэ напачатку абвяшчэньня незалежнасьці, нарэшце пачало даходзіць да сёньняшніх уладаў. Праблема ў іншым, што з тымі людзьмі, якія сёньня прадстаўляюць афіцыйную Беларусь, вельмі мала хто хоча сур’ёзна размаўляць і абмяркоўваць нейкія пытаньні, у тым ліку і пытаньні зьвязаныя з пастаўкамі энэрганосьбітаў”.

Знаткевіч: “Давайце ўявім такую гіпатэтычную сытуацыю, што маладое пакаленьне палітыкаў, у тым ліку і вы, прыйшлі да ўлады – за колькі гадоў вы б змаглі аднавіць гэтыя праекты кшталту таго ж Балтыйска-Чарнаморскага калектара па дадатковых пастаўках энэргарэсурсаў?”

Губарэвіч: “У сьвятле сёньняшняга дня вельмі цяжка рабіць такія прагнозы. Адзінае, што я хачу сказаць, што мы б працавалі над вырашэньнем гэтых пытаньняў, і гэтыя праблемы былі б у ліку першачарговых. Я думаю, што цягам некалькіх гадоў можна было б іх вырашыць”.

Знаткевіч: “А ці выжыла б Беларусь за гэтыя некалькі гадоў? Вось, уявім сабе, прыйшлі дэмсілы да ўлады ў Беларусі, Расея абвясьціла, што ня хоча прадаваць нафту і газ па цяперашніх цэнах а падымае цэны ў 4-5 разоў... Наколькі рэальна для Беларусі ў такіх умовах захаваць сваю эканоміку?”

Губарэвіч: “Як вядома, Расея ўжо ў гэтым годзе пры рэжыме Лукашэнкі абвясьціла, што яна ня хоча прадаваць па ранейшых звышільготных коштах свае энэрганосьбіты. Таму ў любым выпадку, з Лукашэнкам ці без, нас чакае пераход да аплаты па ўсясьветных коштах энэрганосьбітаў, ад гэтага мы нікуды не падзенемся. Я лічу, што ў гэтых пытаньнях у першую чаргу будуць граць першую скрыпку эканамічныя чыньнікі, а не палітычныя”.

“Мы паўплывалі на разьвіцьцё Белаазёрску”

Знаткевіч: “Вы 4 гады былі дэпутатам гарсавету, нават намесьнікам старшыні гарсавету ў Белаазёрску. Ці ўдалося вам за гэтыя гады дабіцца нечага значнага, пра што можна будзе напісаць ва ўлётцы, калі вы вырашыце некалі балятавацца ў прэзыдэнты?”

Губарэвіч: “Нашую дзейнасьць ацэньваюць нашыя выбарцы. Мне вельмі прыемна было чытаць водгукі, лісты, якія нам дасылалі, з падзякай за тую працу, якую мы прарабілі. Натуральна, людзі разумеюць, што ў сёньняшніх умовах немагчыма было скочыць вышэй за галаву, але тое, што ў Белаазёрску зьявіліся маладыя ініцыятыўныя людзі, якія стварылі дэмакратычную групу ў гарадзкім савеце – гэта шмат у чым паўплывала на далейшае разьвіцьцё горада. Людзі адчуваюць, што ў выніку пратэстных настрояў выбарцаў улады на рэгіянальным узроўнім і на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі зьвярнулі ўвагу на гэты маленькі горад, яны зьвярнулі ўвагу на праблемы жыхароў, і вось літаральна паўгады таму была зацьверджаная праграма разьвіцьця горада Белаазёрска да 2010 году, згодна зь якой Белаазёрск мусіць атрымаць парадку 110 мільярдаў беларускіх рублёў на разьвіцьцё інфраструктуры горада. Гэта шалёная колькасьць грошай для Белаазёрска, які ў бюджэце ў лепшыя часы меў паўтара-два мільярды рублёў”.

“Віленская канфэрэнцыя – гэта пэўны зрух у той тупіковай сытуацыі, якая склалася вакол правядзеньня кангрэса”

Знаткевіч: “Часам можна пачуць, што беларуская апазыцыя вельмі моцна залежыць ад Захада. Напрыклад, апошнія разнагалосьсі ў апазыцыі згадваліся падчас разгляду пытаньня па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. У той заяве, якую прымаў камітэт па Беларусі, сярод іншага, беларускую апазыцыю заклікалі да еднасьці, і толькі на канфэрэнцыі ў Вільні беларуская апазыцыя здолела дамовіцца пра тое, як праводзіць кангрэс дэмакратычных сілаў. На вашую думку, наколькі абгрунтаваныя гэтыя закіды, што беларуская апазыцыя залежная ад Захаду?”

Губарэвіч: “Ну, мне даводзілася чуць і іншыя думкі адносна таго, што пэўная частка беларускай апазыцыі залежная ад усходу, ад Масквы – збольшага, мне падаецца, гэта інсынуацыі. Палітыкі, як разумныя людзі, яны перадусім залежныя ад думкі грамадзтва і стараюцца адпавядаць тым настроям, якія зараз пануюць у грамадзтве. Віленская канфэрэнцыя – гэта пэўны зрух у той тупіковай сытуацыі, якая склалася вакол правядзеньня кангрэса. Але калі вярнуцца на год назад, можна было і тады пачуць галасы: “Навошта гэты кангрэс зараз і што ён будзе вырашаць?” На жаль, на працягу году менскія лідэры так і ня здолелі даць адказ на гэтае пытаньне і знайшлі выйсьце, каб гэтыя праблемы, адносна якіх яны ня могуць дамовіцца ў Менску, скінуць на вырашэньне ў рэгіёны.

На маю думку, гэта пэўным чынам – выйсьце з тупіковай сытуацыі, але ня самае лепшае. Таму што давядзецца нам на ўзроўні абласьцей, рэгіянальных актывістаў вырашаць гэтыя праблемы, уступаць у пэўныя спрэчкі. Гэта ня нашыя спрэчкі, яны будуць нам навязвацца па вэртыкальнай лініі ўнутры партый, унутры арганізацый, зь Менску”.

Адказы Юрася Губарэвіча на пытаньні слухачоў у праграме "Госьць на Свабодзе". У студыі працаваў Аляксандар Уліцёнак

Слухаць:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG