Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Досьледы: крадзеж каляровых мэталяў


Ігар Карней, Менск Паводле Міністэрства статыстыкі і аналізу, штогод Беларусь імпартуе каляровых мэталяў на 270 мільёнаў даляраў. За мяжу звычайна прадаюць лом, які дзяржаўнае прадпрыемства “Белвтормет” прымае ад фізычных асобаў. Мы дасьледуем тэму крадзяжоў каляровых мэталяў.

Сёньня зьявілася інфармацыя, што на трансфарматарнай падстанцыі ў Сененскім раёне Віцебскай вобласьці ад ураду токам загінуў мясцовы жыхар.

Дзяжурны Сеньненскага райаддзелу міліцыі:

“Хутчэй за ўсё, прычына ў каляровых мэталях. Прынамсі, раней такіх здарэньняў у раёне не было. Але дзеля высьвятленьня ўсіх дэталяў матэрыял накіраваны ў раённую пракуратуру”.

Летась па ўсёй Беларусі скрадзена 130 тон меднага дроту, разладавана 39 трансфарматараў, 23 лініі электраперадач. Агульная страта 600 мільёнаў рублёў. Пры гэтым 5 чалавек загінулі, 2 атрымалі моцныя апёкі.

9 сакавіка з фасаду дома №13 па вуліцы Раманаўская Слабада ў Менску зьнікла мэмарыяльная дошка, якой ўшаноўвалі памяць паўтысячы габрэяў, дэпартаваных у 1942 годзе зь Нямеччыны і зьнішчаных у Менскім гета.

Амбасадар Нямеччыны Марцін Хэкер абвясьціў пра ўзнагароду тысячу эўра за інфармацыю, якая дапаможа адшукаць помны знак.

Чалавек, які даў такую інфармацыю і атрымаў ад пасла грошы, не захацеў назваць свайго імя і сказаў, што натрапіў на дошку каля пункту прыёму каляровых мэталяў у Калодзішчах.

У менскім аддзеле нарыхтовак чорных і каляровых мэталяў, якому падпарадкоўваецца нарыхтоўчы пункт у Калодзішчах, ня ведаюць пра тое, што там знайшлася мэмарыяльная дошка.

“У нас у Калодзішчах нарыхтоўшчык на доме прымае. Але, ва ўсялякім разе, нас ён пра гэта не інфармаваў. А што ўвогуле ад фізычных асобаў? Каструлі, лыжкі здаюць, ванны чугунныя, радыятары. Робяць у кватэрах рамонт, хтосьці нешта мяняе, нясуць усё старое. Нам жа прамысловыя вырабы прымаць забаронена. Таму калі іншым разам такое сустракаецца, нарыхтоўшчыкі назад заварочваюць. Гэта ўсё правяраецца. Нас моцна інспэктуюць і злоўжываць мы ня маем права”.

Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, падпісаным у 2005 годзе, для нарыхтоўкі каляровых мэталяў арганізацыі павінны мець ліцэнзію. У мэдыях забаронена друкаваць рэклямныя абвесткі пра закупы і продаж лому каштоўных мэталяў.

Летась невядомыя скралі тры бронзавыя карабіны з мэмарыялу “Прарыў” ва Ўшацкім ране Віцебшчыны. Разам са стрэльбамі зьніклі і помныя шыльды. Карабіны ў хуткім часе адшукалі ў лесе. Дырэктар мясцовага музэю Народнай славы Мікалай Кірпіч перакананы здарэньне – справа рук паляўнічых за каляровымі мэталямі.

“Фактычна ніхто нічога не знайшоў. Людзі, якія ўзялі гэта як каляровыя мэталы, але потым не змаглі іх збыць, самі ўсё і падкінулі. Дапамагло, што мы апэратыўна адрэагавалі на здарэньне, міліцыя падключылася. Карацей, за двое сутак выйшлі на сьлед. Але цяпер іншая праблема – 34 мільёны рублёў налічылі за аднаўленьне мэмарыялу. Міністэрства культуры ўжо дало дазвол на рэстаўрацыю, вызначыла, хто будзе яе рабіць. Да 9 траўня будзе, здаецца, усё зроблена”.

Гісторык Алег Трусаў нагадвае пра іншыя падобныя выпадкі. У 2001-м з будынку былога Інстытуту беларускай культуры зьнікла памятная дошка ў гонар клясыка літаратуры Максіма Гарэцкага. Невядомыя скралі дошкі нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага з кінатэатра “Вільнюс”, мастака Язэпа Драздовіча ў Траецкім прадмесьці, іншых выбітных асобаў.

“Акты вандалізму адбываюцца па ўсёй Беларусі. На вайсковых могілках колькі бронзавых дэталяў крадуць, зьбіваюць! Наагул зараз такая тэндэнцыя: з бронзы ніякіх дошак не рабіць (бо каляровы мэтал), а з сілуміну. Сілумін, на аснове алюмінію, нікому не патрэбен. Але ня толькі Беларусі праблема тычыцца. У Вільні адкрыла беларуская інтэлігенцыя прыгожую бронзавую дошку Натальлі Арсеньневай. Пабыла трохі -- і скралі. Хто будзе шукаць? Ні паліцыя там, ні міліцыя тут дошкі не ахоўвае. Напішаш заяву, яны ў папку яе пакладуць і забудуцца. Калі гаворка пра каляровы мэталь, то трэба, каб была ахова -- сыгналізацыя, відэакамэра. Можа быць і вонкавая сыстэма, але павінен быць чалавек, які яе ахоўвае. А няма аховы, трэба рабіць з матэрыялаў, якія не здасі”.

Паводле Крымінальнага кодэксу за крадзеж крыжоў, знакаў і шыльдаў можна атрымаць пакараньне папраўчымі працамі ці пазбаўленьнем волі да 3 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG