Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карэн Ст''юарт: Цяпер я вывучаю беларускую мову па кнізе Ўладзімера Арлова “Адкуль наш род” +


Ганна Соўсь, Менск Надзвычайны і паўнамоцны амбасадар ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт дала інтэрвію Радыё Свабода.

Фотагалерэя

Слухаць:

Ганна Соўсь: “Спадарыня амбасадар, вы ўжо больш як паўгоду ўзначальваеце дыпляматычную місію ЗША.

Адразу па прыбыцьці ў верасьні вы сказалі, што Беларусь для вас зьяўляецца асаблівай краінай. У чым палягае гэтая адметнасьць?”

Карэн Ст’юарт: “Дзякуй вялікі за запрашэньне. Мне вельмі прыемна тут знаходзіцца.

Адметнасьць у тым, што я ня першы раз у Беларусі. Я ўжо шмат ведала пра гэтую краіну, пра яе гісторыю й палітычную сытуацыю.

Што да асабістага адчуваньня, то тут людзі вельмі добра да мяне ставіліся, і мне было вельмі прыемна вяртацца ў Беларусь да сяброў”.

“Як для жанчыны, для мяне найбольш кранальныя сустрэчы з бацькамі палітвязьняў”

Соўсь: “Урад Злучаных Штатаў неаднаразова заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітычных зьняволеных. Менавіта прадстаўнік ЗША прапанаваў вынесьці пытаньне пра галадоўку экс-кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна на паседжаньне Рады бясьпекі ААН.

І вы неаднаразова заяўлялі, што гэтае пытаньне ёсьць адным з кірункаў дзейнасьці ў Беларусі.

Ці сустракаліся вы зь беларускімі палітзьняволенымі і зь іхнымі сем’ямі? Якое ўражаньне зрабілі на вас гэтыя сустрэчы — як на кіраўніцу дыпмісіі ЗША і як на жанчыну?”

Ст’юарт: “Вы ўзьнялі пытаньне, якое ёсьць вельмі важным для амбасады, для ўраду ЗША, — вызваленьне палітвязьняў.

Я сустракалася зь некаторымі з былых палітвязьняў і зь цяперашнімі палітзьняволенымі. Некалькі разоў я сустракалася зь іхнымі сем’ямі. Мінулы раз гэта было на каляднай вечарыне.

Тое, што надзвычай ўражвае мяне і маіх калегаў, — гэта мужнасьць палітвязьняў, а таксама мужнасьць іхных сем’яў, якія чакаюць сваіх блізкіх.

Як для жанчыны, для мяне найбольш кранальныя сустрэчы з бацькамі палітвязьняў. Як бацькі, яны б, напэўна, жадалі, каб іхныя дзеці часьцей заставаліся дома, а ня бралі ўдзел у палітычным жыцьці. Але адначасова яны вельмі ганарацца сваімі дзецьмі”.

“Я аптымістычна стаўлюся да кантактаў паміж беларусамі і амэрыканцамі”.

Соўсь: “Падводзячы вынікі разьвіцьця дачыненьняў Беларусі й ЗША ў 2006 годзе, вы заявілі, што на афіцыйным узроўні станоўчых момантаў у іх было мала.

А калі гаварыць пра неафіцыйныя стасункі, пра кантакты паміж людзьмі, няўрадавымі арганізацыямі, ці ёсьць, на ваш погляд, нагода для аптымізму?”

Ст’юарт: “Так, я аптымістычна стаўлюся да таго, што тычыцца кантактаў паміж людзьмі. Яны ёсьць асновай для разьвіцьця доўгатэрміновых дачыненьняў паміж нашымі краінамі. Амбасада спрабуе спрыяць кантактам ня толькі паміж людзьмі, але і паміж арганізацыямі.

У нас ёсьць праграмы абмену студэнтаў, культурныя праграмы для падтрымкі недзяржаўных арганізацыяў. Але ёсьць і прыватныя амэрыканскія арганізацыі, якія актыўна працуюць у Беларусі, яны дапамагаюць чарнобыльскім дзецям. І гэта ёсьць цудоўным шляхам да разуменьня паміж людзьмі”.

Соўсь: “Вы згадалі пра студэнцкія праграмы... Карыстаючыся нагодай, я хацела выказаць спачуваньні ад усіх нашых супрацоўнікаў, ад нашага радыё ў сувязі з трагедыяй ва ўнівэрсытэце ў Вірджыніі”.

Ст’юарт: “Дзякуй. Гэта вялікая трагедыя”.

“ЗША выступаюць супраць таго, каб краіны выкарыстоўвалі энэрганосьбіты як палітычную зброю”.

Соўсь: “У сувязі з крызісам, які ўзьнік у дачыненьнях Беларусі і Расеі з-за цэнаў на газ, вы выказвалі пазыцыю свайго ўраду: краіны не павінны выкарыстоўваць энэрганосьбіты як палітычную зброю ў міждзяржаўных дачыненьнях.

Тое, што Беларусь спазнае нэгатыўныя наступствы ад падаражаньня энэргарэсурсаў, усім зразумела. А якія, на вашу думку, могуць быць станоўчыя вынікі пераходу на новыя газавыя і нафтавыя кошты?”

Ст’юарт: “Вы вельмі дакладна адзначылі, што Злучаныя Штаты выступаюць супраць таго, каб краіны выкарыстоўвалі энэрганосьбіты як палітычную зброю супраць іншых краінаў.

З эканамічнага гледзішча краінам лепей купляць і прадаваць рэсурсы за ўсясьветныя цэны, пры ўмове, што гэтыя цэны былі ўведзеныя паступова.

Што датычыць Беларусі, то такія дачыненьні паспрыяюць таму, што яе рынак стане больш адкрытым. Гэта будзе яшчэ адным стымулам для энэргазьберажэньня, а таксама дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў.

Як вынік, прадпрыемствы будуць працаваць без субсыдыяў. І будзе зразумела, якія прадпрыемствы больш канкурэнтаздольныя ў такіх варунках. І гэта прывядзе да зьмены палітыкі дзяржавы — што зробіць Беларусь больш прывабнай для замежных інвэстыцыяў”.

“Акт аб дэмакратыі для Беларусі” толькі адлюстроўвае, у якіх кірунках Кангрэс лічыць неабходным аказаць дапамогу”.

Соўсь: “Нядаўна працягнулі дзеяньне “Акту аб дэмакратыі для Беларусі”. Якая ў сувязі з гэтым дапамога дэмакратычнай супольнасьці ў Беларусі можа быць аказаная?”

Ст’юарт: “Амэрыканскае заканадаўства можа быць не зусім зразумелым з пэўнага боку. “Акт аб дэмакратыі для Беларусі” не выдзяляе рэсурсаў для дапамогі, ён толькі адлюстроўвае, у якіх кірунках Кангрэс лічыць неабходным аказаць такую падтрымку.

Калі ўрад ЗША вырашае выдаткаваць грошы на аказаньне дапамогі, ён ведае, што Кангрэс лічыць вельмі важным працягваць падтрымку дэмакратычных працэсаў у Беларусі. Выдаткаваньне грошай дзеля падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі ва ўмовах абмежаванага бюджэту азначае, што дапамога некаторым іншым краінам будзе зьменшаная.

У “Акце аб дэмакратыі для Беларусі” гаворыцца, што вельмі важна працягваць падтрымліваць палітычныя партыі, грамадзянскую супольнасьць і незалежныя мэдыі ў Беларусі”.

Соўсь: “Адным з кірункаў дзейнасьці амбасады ЗША ў Беларусі застаецца гуманітарная дзейнасьць. Неўзабаве чарговая гадавіна аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Ці плянуецца ў сувязі з гэтым дастаўка чарговага гуманітарнага грузу?”

Ст’юарт: “Гуманітарная дзейнасьць зьяўляецца адным з нашых асноўных кірункаў дзейнасьці. Пераважна дапамога ідзе хворым на рак дзецям і дарослым, большасьць зь іх зьяўляюцца ахвярамі чарнобыльскай катастрофы.

Цяпер я моцна чакаю прыбыцьця чарговага гуманітарнага грузу коштам больш за 1 мільён 800 тысяч даляраў. Гэта адбудзецца празь некалькі тыдняў”.

“Курапаты — тое месца, куды беларусы і амэрыканцы могуць прыйсьці і аддаць даніну павагі”.

Соўсь: “Спадарыня Ст’юарт, некалькі дзён таму на Радаўніцу я наведвала ўрочышча Курапаты й бачыла ўпрыгожаную кветкамі “Лаву Клінтана”, побач зь ёй гарэлі сьвечкі.

Нагадаю, што ў студзені падарунак прэзыдэнта ЗША мэмарыяльны знак “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці” быў чарговы раз апаганены. Гэта ўжо адзінаццаты акт вандалізму ў дачыненьні да “Лавы Клінтана”.

Некалькі гадоў таму пасьля чарговага акту вандалізму амбасада ЗША прапанавала перанесьці “Лаву Клінтана” на тэрыторыю амбасады, бо беларускія ўлады ня ў стане гарантаваць захаванасьці мэмарыяльнага знаку. Ці не разглядае амбасада цяпер такі варыянт — і калі й як будзе адрамантаваная лава?”

Ст’юарт: “Для мяне гэта вельмі складанае рашэньне. Відавочна, што адзінае рашэньне, якое дазволіць захаваць гэты мэмарыяльны знак, — перанесьці яго на тэрыторыю амбасады і трымаць яго там, пакуль не ўсталюецца сытуацыя, калі гэты помнік будзе бясьпечна вярнуць у Курапаты.

Але я асабіста лічу, што, паколькі гэта тое месца, дзе гэты знак будзе зьяўляцца сымбалем таго, як мы ставімся да ахвяраў таталітарызму, ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

Курапаты — гэта тое месца, куды беларусы і амэрыканцы могуць прыйсьці і аддаць даніну павагі.

Цяпер мы разглядаем некалькі варыянтаў, як можна адрамантаваць лаву, а таксама прыняць захады дзеля яе абароны ад наступных актаў вандалізму”.

Соўсь: “І ў працяг пытаньня. Якое ўражаньне зрабіла на вас урочышча Курапаты?”

Ст’юарт: “Курапаты — месца, якое хвалюе. Я думаю, што амэрыканцы майго пакаленьня не вельмі дакладна разумеюць, што адбывалася ў гэтай частцы сьвету ў 1930—1940-я гады.

Гэтае месца — напамін пра гісторыю. Калі я знаходжуся ў Курапатах, то гэта ня толькі моцнае эмацыйнае ўражаньне, для мяне гэта месца, дзе я больш разумею гісторыю. А гэта важна дзеля таго, каб такое не паўтарылася”.

“Я вывучаю беларускую мову, чытаючы кнігі пра гісторыю Беларусі”.

Соўсь: “Вы валодаеце тайскай, ляоскай і расейскай мовамі. Першыя вашы словы па прыбыцьці ў Беларусь былі па-беларуску.

Мяне вельмі ўразіла ваша прамова па-беларуску ў бібліятэцы Пушкіна з нагоды Месяца жаночай гісторыі. Хто ваш настаўнік беларускай мовы? Паводле якіх падручнікаў вучыцеся?”

Ст’юарт: “У нас у амбасадзе ёсьць тры выкладчыкі беларускай мовы. Мая настаўніца — Алеся Літвіноўская. Да гэтага часу я вывучала беларускую мову збольшага рыхтуючыся да выступаў.

Часткова я вывучаю беларускую мову, чытаючы кнігі пра гісторыю Беларусі. Цяпер я чытаю кнігу Ўладзімера Арлова “Адкуль наш род”.

Соўсь: “Зь якога СМІ пачынаецца ваш працоўны дзень? Ці слухаеце вы беларускую службу Радыё Свабода, ці чытаеце сайт?”

Ст’юарт: “Я маю прывілей кожную раніцу прыходзіць на працу і ўжо мець падрыхтаваную падборку з замежнай і мясцовай прэсы, якую робяць для мяне ў аддзеле сувязяў з грамадзкасьцю.

Але пазьней цягам дня я заходжу на некаторыя вэб-сайты сусьветных мэдыяў, і svaboda.оrg — адзін зь іх.

Я таксама праглядаю сайты брусэльскага офісу “За дэмакратычную Беларусь” і старонку Эўрапейскага радыё для Беларусі. Гэта дае мне агульнае ўяўленьне пра тое, што гавораць беларусы і што пішуць пра Беларусь у Эўропе і ЗША”.

Соўсь: “Спадарыня Ст’юарт, вы маеце ступень бакаляўра астраноміі. Ці ёсьць у вашай рэзыдэнцыі тэлескоп? Акрамя ЗША і цяпер вось Беларусі, вы працавалі ў розных краінах сьвету — Тайляндзе, Ляосе, Шры-Лянцы, Пакістане. Неба над якой краінай для вас было найцікавейшым?”

Ст’юарт: “Мой сябра ня так даўно падараваў мне тэлескоп. І цяпер чакаю добрага надвор’я, якое б дазволіла мне паназіраць за небам у садзе маёй рэзыдэнцыі. Пакуль я не магу параўноўваць беларускае неба…

Але раней найцікавейшым небам для назіраньня за зоркамі для мяне было неба Пакістану. Вельмі чыстыя прыгожыя нябёсы і горы. Калі я была там, мне пашанцавала нават убачыць цудоўную камэту”.

Наша даведка: Карэн Брэвард Ст’юарт — кар’ерная дыпляматка. Прэзыдэнт Джордж Буш рэкамэндаваў як на пасаду амбасадаркі ў Беларусі 21 ліпеня 2006 году, прыбыла ў Менск 18 верасьня 2006 году.

Спадарыня Ст’юарт нарадзілася ў штаце Фларыда. На дыпляматычнай службе з 1977 году. Працавала ў Тайляндзе, Шры-Лянцы, двойчы — у Ляосе, а таксама ў Пакістане і зусім нядаўна — на пасадзе намесьніка амбасадара ў Менску.

Сярод яе прызначэньняў у Дзярждэпартамэнце ЗША ў Вашынгтоне — пасады супрацоўніка ў міжнародных сувязях управы ў пытаньнях рыбалоўства, эканамічнага супрацоўніка ўправы ў праблемах краінаў-энэргаспажыўцоў, кіраўніка аддзелу эканомікі й гандлю ўправы ў ізраільскіх і арабска-ізраільскіх пытаньнях.

Апошні час займала пасаду дырэктара аддзелу Ўкраіны, Малдовы і Беларусі ў Бюро ў справах Эўропы і Эўразіі.

Карэн Ст’юарт скончыла каледж Ўэлсьлі, дзе стала сябрам студэнцкай суполкі “Фі Бэта Капа” і стыпэндыятам Дзюранта, мае ступень бакаляўра астраноміі (з адзнакай) і эканомікі. Працягвала вывучаць астраномію ва Ўнівэрсытэце штату Вірджынія. У 1998 годзе атрымала ступень магістра ў галіне стратэгіі нацыянальнай бясьпекі ў Нацыянальным вайсковым каледжы пры Ўнівэрсытэце нацыянальнай абароны ў Форт-Макнэр.

Ведае тайскую, ляоскую і расейскую мовы. Атрымала шэраг узнагародаў Дзярждэпартамэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG