Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзе тая крыніца, дзе чыстая вадзіца?


Радыё Свабода Паводле ўліку Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, у сельскай мясцовасьці Беларусі на сёньня больш як адзін мільён калодзежаў. У райцэнтрах – больш за 50 тысяч. Прычым, значная частка зь іх зьяўляюцца грамадзкімі. Хто і як клапоціцца пра гэтыя крыніцы водазабесьпячэньня?

У гарадку Масты на Гарадзеншчыне перасяленцы-чарнобыльцы скардзяцца на якасьць пітной вады. Справядлівасьць хваляваньняў засьведчылі ў красавіку вынікі праверкі калодзежаў. Санітарныя ўрачы канстатуюць, што ва ўсіх грамадзкіх студнях ваду ўсё больш атручваюць нітраты й жалеза. Абмяркоўваем сытуацыю ў Мастоўскай жыльлёва-камунальнай гаспадарцы. І вось што кажа майстар Таіса Мурына:

Мурына: “Апошняе абсьледаваньне было. І, калі гаварыць шчыра, то гэтую бяду ўжо не выведзеш аніякімі сіламі. Нітраты патрапляюць у ваду з глебы. Людзі п’юць гэтую ваду гадамі. Я таксама п’ю, бо жыву ў прыватным доме. П’ем, бо куды дзецца? Іншай вады для нас няма”.

Таіса Мурына ўдакладняе, што нават пасьля плянавай ачысткі калодзежаў, вада ў райцэнтры ў гэтую вясну застаецца хворая.

“Усе жыхары азнаёмленыя з тым, што нітраты ўтрымліваюцца. Напісаныя абвесткі. Гэта значыць, што ваду можна выкарыстоўваць для мыцьця, паліўкі агароду, а вось піць непажадана”.

95 працэнтаў дамоў у Мастоўскім раёне – прыватныя. Адпаведна, што калодзежы ў дварах не абслугоўваюцца камунальнай службай. Зьмяніць сытуацыю ў вялікай вёсцы Лунна спрабуе дэпутат-дэмакрат Аляксандар Пудаўкін:

“У нашай мясцовасьці праблема лішку жалеза ў вадзе. Я сам вазіў ваду на праверку. Утрыманьне жалеза перавышае норму ў тры-чатыры разы. Колькі мы ні пішам скаргі ў райвыканкам, улада спасылаецца на недахоп грошай для таго, каб пабудаваць у нашай вёсцы Лунна міні-ачыстную станцыю”.

Што ўрэшце рабіць, каб палепшыць якасьць вады ў калодзежах? Адну з прапаноў выказвае эколяг Валеры Дранчук:

Дранчук: “Людзі любяць калодзеж. Ня ўсім хочацца пераходзіць на нейкую альтэрнатыву. А ўратаваць калодзежы можна паглыбленьнем. Трэба калодзежную ваду дастаць зь зямлі. Якім чынам гэта зрабіць? Мяркую, што мусіць быць адпаведная праграма. Перш-наперш дзяржава павінна паклапаціцца. Трэба шукаць магчымасьць тэхнічна вырашаць гэтую праблему і на сучасным узроўні”.

Як нагадвае эколяг , так званую “жалезную” ваду лёгка выявіць. Дастаткова патрымаць у посудзе нават 10 хвілінаў, як яна закаламуціцца і набудзе спэцыфічны жаўтаваты колер. Паводле мэдыкаў, пры канцэнтрацыі жалеза ў вадзе 0,3 міліграма на адзін літар жаўцеюць зубы. Калі канцэнтрацыя жалеза перавышае адзін міліграм – жаўцее скура і блякнуць валасы. З “жалезнай” вады нельга гатаваць сокі і кампоты. Жалеза псуе каву і гарбату.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG