Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя ў Вірджыніі выклікала шок у Паўднёвай Карэі


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Трагедыя ў Вірджынскім тэхналягічным унівэрсытэце, дзе ў панядзелак 23-гадовы паўднёвакарэйскі студэнт расстраляў 32 чалавекі, а затым забіў і сябе, выклікала на радзіме забойцы і шок, і сорам, і спачуваньне ахвярам. Палітыкі і грамадзтва найперш абмяркоўваюць, як паўплывае крывавая падзея на стасункі паміж Паўднёвай Карэяй і ЗША і проста паміж людзьмі дзьвюх краін?

Карэйцы баяцца за сваіх у ЗША

У Паўднёвай Карэі ганарацца сваімі суайчыньнікамі, якія дасягнулі посьпехаў у Злучаных Штатах. Таму людзі былі шакаваныя паведамленьнем пра жахлівае злачынства Чо Сын Хі. Палітычныя і рэлігійныя лідэры адразу ж выказалі спачуваньні сем’ям загіблых. Прэзыдэнт краіны Но Му Хен заявіў, што “свой шок ён ня можа апісаць”.

Карэйскія палітыкі баяцца, што інцыдэнт можа адмоўна паўплываць на стасункі з ЗША. Найперш – на намаганьні Сэўлу ў скасаваньні візавага рэжыму для тысяч жыхароў краіны, якія штогод едуць у ЗША. Існуе і боязь зваротнай расавай рэакцыі і нават гвалту супраць карэйцаў у ЗША.

Сёньня газэта “International herald Tribune” піша пра аднаго карэйца, які запанікаваў, калі ня змог імгненна датэлефанавацца да сваёй дачкі, якая вучыцца ў Нью-Ёрку. А калі дачка нарэшце зьняла слухаўку, бацька ёй сказаў, каб тая пакуль не выходзіла з дому і нікому не казала, што яна карэянка. Дзяўчына толькі пасьмяялася з бацькі.

Гэта зусім натуральная рэакцыя. Шмат жыхароў Паўднёвай Карэі маюць ці сваякоў, ці сяброў ў ЗША, або спадзяюцца паехаць вучыцца ці працаваць туды. Амэрыканская амбасада ў Сэўле штодня разглядае болей як дзьве тысячы заяваў на атрыманьне візаў. Улетку колькасьць заяваў павялічваецца да трох тысяч.

У ЗША 2 мільёны карэйцаў, зь іх 93 тысячы – студэнтаў

Прыблізна два мільёны этнічных карэйцаў жывуць у ЗША. Карэйская эміграцыя атрымала імпульс, калі амэрыканцы прынялі тысячы сіротаў пасьля карэйскай вайны 1950 – 1953 гадоў. Цяпер карэйцы імкнуцца атрымаць адукацыю ў ЗША, бо дыплём прэстыжнага амэрыканскага ўнівэрсытэту адкрывае ў Карэі добрую кар’ерную пэрспэктыву..

Сёньня ў ЗША прыблізна 93 тысячы паўднёвакарэйскіх студэнтаў. І гэта адна з найбольшых замежных студэнцкіх суполак. Зь іх каля 460 чалавек вучацца ў Вірджынскім тэхналягічным унівэрсытэце.

Тым часам карэйская прэса адной з галоўных прычынаў крывавага здарэньня называе свабодны доступ да зброі ў ЗША. У Паўднёвай Карэі людзям забаронена мець зброю ва ўласным карыстаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG