Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі цукар зноў пайшоў у Расею


Радыё Свабода Беларускія вытворцы пачалі пастаўляць цукар на расейскі рынак ў свабодным рэжыме. Пра гэта паведаміла афіцыйнае агенцтва БЕЛТА.

Па словах дырэктара Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылава, цягам некалькіх дзён цукар з Беларусі ўжо ідзе свабодна праз усе расейскія мытныя пасты, абмінаючы склад часовага захоўваньня.

Канцэрн “Белдзяржхарчпрам” склаў графік, паводле якога ўсе чатыры цукровыя камбінаты Беларусі змогуць сёлета паставіць на расейскі рынак па 45 тысячаў тон цукру кожны.

Паводле дасягнутай дамоўленасьці 23 сакавіка гэтага году, экспарт беларускага цукру ў Расею у 2007 годзе ня будзе перавышаць 180 тысячаў тон, у 2008 году - 100 тысячаў тон. Пры гэтым экспарт цукру роўнымі часткамі разьмяркоўваецца па месяцах.

Пастаўкі цукру дазволены чатыром прадпрыемствам канцэрну “Белдзяржхарчпрам”. З патрабаваньня расейскага боку пастаўкі ажыцьцяўляюцца толькі чыгуначным транспартам.

На мінулым тыдні ў Маскве адбылося паседжаньне працоўнай групы па беларуска-расейскім супрацоўніцтве ў галіне аграпрамысловага комплексу. На ім вырашана распрацаваць пагадненьне пра агульныя прынцыпы супрацоўніцтва ў галіне вытворчасьці і звароту цукру ў Беларусі і Расеі.

Да 5 траўня бакі мусяць абмяняцца прапановамі па гэтым пытаньні. Расейцы асьцерагаюцца, што кожная тона цукру, пастаўленая звыш дамоўленасьці, можа выклікаць чарговае паніжэньне цэнаў на цукар і павялічыць страты расейскіх вытворцаў.

Паводле расейскіх экспэртаў, пра дакладныя аб’ёмы паставак цукру з Беларусі ў Расею можна атрымаць інфармацыю толькі па выніках году.

Беларускія экспэрты цьвердзяць, што цукар з Беларусі не прынясе расейскай эканоміцы істотных стратаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG