Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шанцаў усынавіць беларускае дзіця замежнікі амаль ня маюць


Іна Студзінская, Менск У Беларусі 32 тысячы дзяцей-сірот, зь іх 8842 выхоўваюцца ў дзіцячых дамах і інтэрнатах. Летась беларускія сем’і ўсынавілі 337 дзяцей, а замежныя — толькі 37 беларускіх дзетак. Штогоду працэдура міжнароднага ўсынаўленьня ўскладняецца. Днямі Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытаньні зьмены й дапаўненьні ў Грамадзянскі працэсуальны кодэкс, якія тычацца ўсынаўленьня беларускіх дзяцей.

Цяпер іншаземцы могуць усынавіць беларускае дзіця толькі пасьля пісьмовага дазволу міністра адукацыі, якое трэба падаць у суд.

Да гэтага пытаньне аб міжнародным усынаўленьні месяц разглядалі ў мясцовых органах апекі, потым пятнаццаць дзён у Нацыянальным цэнтры ўсынаўленьня.

Пабольшала і колькасьць дакумэнтаў для міжнароднага ўсынаўленьня. Цяпер патрэбнае заключэньне Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня пра тое, што беларускія грамадзяне і сваякі не прэтэндуюць на ўсынаўленьне дзіцяці.

Павінен быць і дакумэнт з датай пастаноўкі на ўлік у цэнтралізаваным банку зьвестак. Гэта пацьвердзіць, што дзіця ня менш за год было даступнае для ўладкаваньня ў сям’ю ў нашай краіне.

Нават на стадыі абмеркаваньня такія ўскладненьні выклікалі рэзкую крытыку дэпутатаў.

Меркаваньне Івана Семянені:

“Ад загадчыка РАНА, ад настаўніцы, ад старшыні камісіі да міністра трэба падпісаць, ды яшчэ судом застрахавацца. Гэта такая складаная працэдура, што людзі папросту ня могуць прайсьці яе. Гэта фізычна немагчыма.

Закон ідзе на ўскладненьне працэдуры ня толькі міжнароднага ўсынаўленьня, але і ў сябе дома”.

Дэпутат Аляксандар Шацько сказаў:

“На сёньняшні момант уся гэтая схема, якую вы распрацавалі, ня толькі не працуе — яна спыняе ўсё магчымае, добрае, што ёсьць у працэсе ўсынаўленьня”.

У 2003 годзе замежнікі ўсынавілі 714 беларускіх дзяцей, у 2004-м — 539. Летась разгледзелі 150 заяваў замежных грамадзянаў, задаволілі толькі трыццаць дзевяць.


Трыццаць сем дзяцей трапілі ў італьянскія сем’і, адно дзіця — у швэдзкую, адно — у расейскую сям’ю.

З пачатку 2007 году толькі чатырох беларускіх малых усынавілі іншаземцы.

Як паказала практыка, 75% дзяцей, якіх усынавілі замежнікі, маюць хранічныя захворваньні, інваліднасьць, асаблівасьці псыхафізычнага разьвіцьця. Такіх дзяцей беларусы не забіраюць.

За ўсю гісторыю міжнароднага ўсынаўленьня былі толькі два выпадкі, калі дзеці не засталіся ў прыёмных сем’ях за мяжой, апавяла намесьніца міністра адукацыі Тацяна Кавалёва:

“Адзін выпадак адбыўся ў Швэцыі, дзе сацыяльныя службы выкрылі жорсткае абыходжаньне зь дзіцёнкам. Вельмі хутка гэтае дзіця ўсынавілі іншыя людзі.

І быў выпадак у ЗША, калі хлопчык дасягнуў падлеткавага веку і сам выказаў жаданьне вярнуцца. Сказаў, што ён ня хоча там заставацца, і паводле ўзгадненьня зь сям’ёй зьехаў на радзіму”.

На вясновой сэсіі парлямэнту законапраект аб усынаўленьні разгледзяць у другім чытаньні. З аднаго боку, выглядае, што дзяржава клапоціцца пра дзяцей: часткова праблема сіроцтва вырашаецца коштам апякунскіх сем’яў, дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, SOS-дзіцячых вёсак.

Але 8842 дзіцяці застаюцца ў дзіцячых дамах і інтэрнатах. Складваецца ўражаньне, што чыноўнікі лічаць: беларускім дзецям лепш у айчынным дзіцячым доме, чым у сям’і за мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG