Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выпрацуе Эўропа кансалідаваную пазыцыю адносна Беларусі?


Уладзімер Глод, Менск Сёньня ўвечары ў Страсбуры скончылася паседжаньне спэцыяльнага падкамітэту ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Яно прыцягнула ўвагу многіх вядомых эўрапейскіх палітыкаў. У дэбатах удзельнічалі кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі Рэнэ ван дэр Ліндэн, дакладчык у справах Беларусі палітычнага камітэту Андрэа Рыгоні. На дыскусію запрасілі беларускіх апазыцыйных палітыкаў – Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзьку, Анатоля Ляўковіча ды Валерa Ухналёва.

Эўрапейскія дэпутаты лічаць, што лепшым сыгналам для пачатку дыялёгу з Беларусьсю сталі бы канкрэтныя рухі зь боку беларускіх уладаў. Прынамсі, Рэнэ ван дэр Ліндэн назваў найбольш пажаданы для эўрапейскай супольнасьці першы крок – гэта вызваленьне палітычных вязьняў. Ён сказаў, што такі крок стаў бы добрым сыгналам аб гатоўнасьці для супрацоўніцтва.

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў, што на паседжаньні згадвалі ня толькі добра вядомых эўрапейскім парлямэнтарам вязьняў – Аляксандра Казуліна і Андрэя Клімава:

Мілінкевіч: “Гаварылася шмат пра маладафронтаўцаў. На ўсіх сустрэчах, у тым ліку і на гэтым паседжаньні. Усе кажуць пра тое, што кіраўнік Рады Эўропы зьвярнуцца да беларускіх уладаў, каб не судзіць гэтых ні ў чым не павінных маладых людзей. І на самым высокім узроўні прайшло гэта паседжаньне. Сапраўды, Беларусь застаецца ў цэнтры ўвагі аб’яднанай Эўропы”.

Страсбурскія дэбаты таксама далі надзею, што Эўропа выпрацуе кансалідаваную пазыцыю адносна Беларусі. Зацьвердзіць яе зьбіраюцца на буйной міжнароднай канфэрэнцыі з удзелам прадстаўнікоў беларускіх улады і апазыцыі, а таксама Эўрапарлямэнту, Парлямэнцкіх Асамблеяў Рады Эўропы і АБСЭ. Анатоль Лябедзька гаворыць, што на перамовах з новым дакладчыкам у справах Беларусі італьянцам Андрэа Рыгоні ён так аргумэнтаваў неабходнасьць менавіта такога падыходу:

Лябедзька: “Беларуская ўлада будзе спрабаваць шукаць добрыя і дрэнныя міжнародныя арганізацыі – “чэсныя” і “нячэсныя”. Каб гэтага пазьбегнуць, лепш выходзіць на фармат парлямэнцкай “тройкі”. Мажліва спадар Рыгоні не вельмі добра разумее, як яна функцыянавала раней. Але ж ёсьць тая ж Ута Цапф, ёсьць іншыя парлямэнтары, якія ведаюць, як гэта было арганізавана. Гэта складаней арганізацыйна, але больш эфэктыўна палітычна.

Я думаю, што гэта магло альбо падштурхнуць беларускія ўлады да рэальнага палітычнага працэсу, альбо пазбавіць міжнародную супольнасьць ілюзіяў, якія часткова сёньня прысутнічаюць”.

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, на паседжаньні быў прыняты дакумэнт, у якім падрабязна разглядаецца выбарчае права ў Беларусі. Міжнародныя экспэрты дакладна выкладаюць, што трэба выправіць перад выбарчай кампаніяй 2008 году па абраньню дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Глядзіце таксама:

У Страсбуры гавораць пра агульную пазыцыю Эўропы адносна Беларусі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG