Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Варшаве ўшанаваная памяць прадзеда Паўла Севярынца


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава На Радаўніцу беларусы, якія жывуць у Варшаве, ушанавалі памяць беларусаў, пахаваных у польскай сталіцы. Упершыню была ўшанаваная таксама памяць прадзеда Паўла Севярынца – Міхаіла Буцькі, чыю магілу знайшлі напярэдадні варшаўскія беларусы.

Наведваньне могілак, дзе пахаваныя беларусы, пачалося практычна ад самой раніцы – трэба было наведаць магілы ў розных частках польскай сталіцы. Беларусы, а гэта былі пераважна маладыя людзі – студэнты і асьпіранты - ушанавалі памяць менскага ўніяцкага сьвятара і беларускага дзеяча Вацлава Аношкі, пахаванага пад Варшавай, потым генэрала Станіслава Булак-Балаховіча і ягоных жаўнераў, былога кіраўніка СБМ у Наваградку Янкі Жамойціна.

Гаворыць удзельніца акцыі Наста Ільіна.

Ільіна: “Гэта зьвязана з нашай гісторыяй. Першая сусьветная вайна, другая, потым іміграцыя. Так аказалася, што шмат беларусаў пахаваныя ў Варшаве і іншых месцах Польшчы”.

Сёлета маладыя беларусы, якія жывуць у Варшаве, зрабілі таксама адкрыцьцё – паводле словаў Насты Ільіной, у польскай сталіцы пахаваны таксама прадзед Паўла Севярынца – праваслаўны сьвятар айцец Мітрафан – у міры Міхаіл Буцька.

Каля кожнай магілы былі прачытаныя малітвы і запаленыя сьвечкі.











Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG