Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фаніпаль: “спальны раён” Менску


Віталь Сямашка, Фаніпаль, Дзяржынскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Фаніпаль на Дзяржыншчыне лічыцца месцам геаграфічна адметным і адміністрацыйна асаблівым.

З трох бакоў яго атачаюць два буйныя аўтабаны ды чыгунка. На 13,5 тысяч насельнікаў тут каля трыццаці прадпрыемстваў — у асноўным яны падпарадкаваныя Менску.

У савецкі час аб’яднаньне “Інтэграл” плянавала нават правесьці да сваёй фаніпальскай вытворчай філіі 22-кілямэтровую трамвайную ветку.

Пры гэтым толькі 19 адсоткаў мясцовых працуюць тут. Астатнія езьдзяць у сталіцу — балазе, чыгункай да Менску хвілінаў сорак.

Аднапакаёвая кватэра каштуе 45 тысяч даляраў — амаль столькі ж, колькі ў Менску.

Так што жыць у Фаніпалі, атрымліваецца, прэстыжна. Пра гэта вам скажа кожны. Мне, прынамсі, усё патлумачыў першы стрэчны — начальнік транспартнага ўчастку мэталаапрацоўчага заводу Анатоль Ждановіч.



Ждановіч: “Фаніпаль — спальны раён Менску. На 70 працэнтаў працуюць усе там, а сюды прыяжджаюць спаць. Знайсьці працу, асабліва жанчыне, вельмі-вельмі цяжка. На вытворчасьці не патрэбная жанчына. Таму на палову сёмай, пасьля сямнаццатай на электрычку натоўп людзей на Менск.

З пункту гледжаньня нават кватэры — пра Фаніпаль уся інфармацыя ідзе празь Менск, праз рыелтэраў. Вазьмі раённую газэту: у Дзяржынску “куплю-прадам”, а пра Фаніпаль няма. Тут новы дом адбудавалі, дык менскія рыелтэры тапталіся, каб перакупіць кватэры...”

Шчаковіч: “У нас горад-спадарожнік. Зь Менску вынесеныя сюды, у асноўным, брудныя прадпрыемствы — нафтабаза, хімбаза. У сувязі з гэтым зьявіўся замест вёскі гарадзкі пасёлак...”

Гэта кажа ўжо спадарыня Галіна Шчаковіч, настаўніца геаграфіі мясцовай гімназіі ды загадчыца краязнаўчага музэю. Сёньня яна адна зь нямногіх, хто ведае рамантычную легенду ўзьнікненьня паселішча.



Шчаковіч: “Існуе легенда, што тут некалі жыў вельмі жорсткі пан. Ён караў сваіх дачок за тое, што сябравалі з простым людам. За любую правіну даваў каманду секчы народ.

Аднойчы яго нянавісьць узрасла, калі даведаўся, што ягоныя Фаня і Поля ўратавалі прыгонных. Ён хацеў забіць дачок, але ад злосьці памёр сам. А дочкам удзячныя людзі прыносілі грошы, хто што мог. А яны казалі: лепей пасадзіце дрэўцы яблыняў. І вось Фаніпаль славіўся яблыневымі садамі. У перакладзе з грэцкай “фаніпаль” — горад танцуючых, вясёлых людзей...”

Яблыневых садоў у Фаніпалі дагэтуль шмат — нават у дварах шматпавярховікаў. Але на вуліцах ня надта патанчыш — перахопіць дых ад бруднага паветра.

Між іншым, найбліжэйшая лясная зона толькі за 5 кілямэтраў ад гораду. Акурат напярэдадні маёй вандроўкі спадарыня Шчаковіч разам з двума дзясяткамі гімназістаў правялі экалягічны экспэрымэнт. Апавядае Галіна Мікалаеўна:

Шчаковіч: “Тут праходзіць гарадзкі шлях, магістраль Берасьце — Масква і трэцяя, што ідзе да прамысловай зоны, дзе знаходзяцца нафтабаза, многія прадпрыемствы.

Мы зь дзецьмі палічылі, колькі машын праходзіць празь пяць-дзесяць і нават праз адну хвіліну. Каля школы за адну хвіліну да адзінаццаці машын, асабліва раніцай, калі ідзем на ўрокі. Праз магістраль да чатырохсот машын за пяць-дзесяць хвілін.

А праз 500 мэтраў у нас заводзкая чыгунка, а таксама Берасьце — Баранавічы — Менск — Масква. За суткі праходзіць да сарака электрычак ды грузавых цягнікоў. Вось вам і экалёгія!”

Дарэчы, правядзеньне экспэрымэнту стала магчымым дзякуючы адмысловаму графіку навучаньня ў гімназіі, што таксама зьяўляецца навацыяй.

Кажа намесьніца дырэктара спадарыня Ірына Баркоўская:

Баркоўская: “У першым паўгодзьдзі пяць тыдняў вучымся, а пасьля тыдзень вакацыяў. Ізноў пяць тыдняў адвучыліся, тыдзень адпачываем. Гэта вельмі добра для здароўя нашых вучняў, таму што падлічана вучонымі, што прыкладна да канца пятага тыдня пік стрэсавасьці наступае. Такая структура ў нас ужо сёмы год”.

Непадалёк ад гімназіі гарадзкі кірмаш. Ідзем па гандлёвых шэрагах разам з грузчыкам Сяргеем Чарнецкім.

Чарнецкі: “Я сам бываю ў Менску і бачу, што там кошты меншыя, чым у Фаніпалі, на тую ж каву, гарбату, садавіну-гародніну. Вось бачым алей “Золотое семечко” — тут тры, там дзьве з паловай тысячы. Прадпрымальнікі дамовіліся міжсобку, дэмпінгуюць...”

Падыходзім да 21-гадовай Веры, што гандлюе кветкамі.

Карэспандэнт: “Колькі кветачкі?”

Вера: “Ружа — да 9 тысяч, 2,5 — гвазьдзікі. Хрызантэма — 6”.

Карэспандэнт: “А чаму, Вера, кажуць, што ў Фаніпалі на кірмашы і ў шапіках цэны большыя, чым у Менску?”

Вера: “Большы дастатак у фаніпальчан! Лянота езьдзіць у Менск, і менш канкурэнцыі ў нас...”

Пачуўшы нашу гаману, вырашыў ужо ўсур’ёз выказацца дробны прадпрымальнік Зьміцер, які гандлюе тут гароднінай трэці год.

Зьміцер: “Не магу сказаць, каб нашмат большыя. Але, натуральна, у Менску буйныя крамы атрымліваюць прадукцыю зь іншымі нацэнкамі-расцэнкамі. А такіх базаў, што працавалі б на прыватніка ды ў адным месцы — няма. А езьдзіць адбіраць там адно, там іншае — штату няма...”

* * *

Заробкі на прадпрыемствах Фаніпалю досыць высокія — ад 700 тысяч да мільёна рублёў. Але колькасьць працоўных няспынна скарачаецца. Да прыкладу, апошнімі гадамі на дзьве траціны на хімбазе ды сельгастэхніцы.

Аднак найбольш яскравы прыклад — сытуацыя ў аб’яднаньні “Аўтасэрвіс”, якое калісьці забясьпечвала запчасткамі сельгастэхніку ўсёй краіны.

У 1985-м гадавы таваразварот тут складаў 50 мільярдаў рублёў, працавала тысяча чалавек. Сёньня засталося 85. Тлумачыць начальніца сэктару эканомікі спадарыня Людміла Сільвановіч:

Сільвановіч: “Пастаўцамі былі Горкаўскі, Ульянаўскі аўтазаводы, запчасткі ішлі на Ветку — у нас жа паўтара кілямэтра ўласнай чыгункі, блёк складоў. У нас каля 20 тысяч мэтраў квадратных былі забітыя да “фішкі”.

Быў разрыў сувязяў, калі перасталі атрымліваць тавары з Расеі, аддзяліліся ўсе вобласьці ў 1990-я гады. Цяпер здалі ўсё ў арэнду камэрсантам. У нас чатыры-пяць фірмаў, займаюцца расфасоўкай макароны, мукі. У 2001-м адкрылі мытню, ёсьць тэрмінал мытневы. Павінны выжыць!”

Але ў працоўных зусім іншы настрой. Вось што сказаў мне пажылы спадар на выхадзе з заводакіраваньня:

Спадар: “Пятнаццаць год працую — шмат! Я ўжо ня памятаю, калі што пакацілася. Маё меркаваньне — херова і тады, і цяпер. Я ўжо пагарэў неаднаразова, таму выключайце!”

Размову працягваю ў кабінэце спадара Івана Дзеніса. З 1999-га, калі Фаніпаль афіцыйна атрымаў статус гораду, аж да апошніх мясцовых выбараў ён быў спачатку намесьнікам, а пасьля і мэрам.

Дзеніс — аўтар зацьверджанага летась гарадзкога герба: смачны зялёны яблык на фоне трохкутніка. Кажа, што ягоны галоўны спадзеў на будучыню дэмаграфічны, сярэдні век працоўных — крыху больш за трыццаць.



Карэспандэнт: “Фаніпаль становіцца прыдаткам Менску, таму што арандуюць усё менскія прадпрыемствы, уласная вытворчасьць у заняпад прыходзіць. Ці ёсьць пэрспэктыва ў Фаніпалю як у гораду?”

Дзеніс: “У прынцыпе, ёсьць. Цяпер пайшла праграма ўздыму малых гарадоў. Мы фінансаваліся раёнам. А бачым, што трэба мець бюджэт мясцовы, заахвочваць інвэстараў. Падатак на зямлю будзе нам ісьці, а гэта з тых жа катэджных забудоваў.

Cёньня арэндная плата ў нас нашмат ніжэйшая, чым у Менску — 3 эўра за квадратны мэтар, а ў іх 6—7. Павінен быць Палац культуры, спорткомплекс для моладзі, кавярні. Будуем ЖСК 140-кватэрны плюс камэрцыйнае будаўніцтва”.

У часе размовы ня змог згадаць, дзе раней бачыў твар суразмоўцы. Ужо на вуліцы прыпомніў — у кадрах нашумелага фільму “Звычайны прэзыдэнт”, дзе ён быў зьняты сярод страйкоўцаў-прадпрымальнікаў на стадыёне “Дынама”.

Зрэшты, пра палітыку ў Фаніпалі мне таксама было з кім пагаварыць. Памянёны напачатку транспартнік Анатоль Ждановіч сказаў:

Ждановіч: “Наконт улады — ніхто ня хоча рыпацца. Я на заводзе працую дзявятнаццаты год, усе ведаюць мяне як заўзятага апазыцыянэра. Але — што вы нам дасьцё, а чаму тое, а ня іншае! Народ гэткі — каб штосьці нам хтосьці, мы б паглядзелі...”

У гарсавет на апошніх выбарах прайшоў сябра Партыі камуністаў беларускай, пэнсіянэр спадар Селядцоў. Канстанцін Адамавіч быў адзіны, хто вылучаўся ад апазыцыі.



Cелядцоў: “За семдзесят гадоў савецкай улады насельнікі адвучыліся ад палітычнага жыцьця, а за пць-дзесяць гадоў не навучыш. Улады заўжды ў патрэбны момант будуць запускаць ТБ, радыё, газэты і даваць інфармацыі больш, чым усе апазыцыйныя партыі.

Частка людзей прывучаная ўсе ўказаньні зьверху выконваць — а трэба каб улада працавала для чалавека. Улада ўзьняла цэны — партыі павінны падняць насельніцтва.

Вяртаньня да мінулага ня будзе. Мы раней толькі хлеб, малако куплялі ў Фаніпалі, а за мясам трэба было ехаць. А цяпер крама “Птушка” адкрылася, камэрцыйныя шапікі ў канкурэнцыю дзяржгандлю гандлююць адзеньнем. Насельніцтва прызвычайваецца да свабоды выбару”.

Карэспандэнт: “А да ўнутранай свабоды?”

Селядцоў: “А я сам не гатовы — шчыра скажу!”

Старшыня філіі КХП БНФ 43-гадовы Сяргей Чарнецкі, кажуць, у Фаніпалі найбольш палітычна актыўны. У 1994-м працаваў у прэзыдэнцкай кампаніі Зянона Пазьняка. У мінулым сакавіку дняваў і начаваў на Плошчы.



Чарнецкі: “Людзі, вядома, размаўляюць пра палітыку, але больш на кухнях. Пабойваюцца — на працы кантракты. Ёсьць хлопцы маладыя, палітычна і нацыянальна сьвядомыя. У электрычцы бачу, што едуць на палітычныя акцыі, але няшмат, трэба прызнаць.

Былі на Плошчы з Фаніпалю некалькі чалавек затрыманыя. У Фаніпалі нас не арыштоўвалі, але ціск на працы — нельга кіроўную пасаду заняць, прозьвішчы ж ведаюць...”

Карэспандэнт: “Апазыцыя не ідзе да народу — прымаеце такое абвінавачаньне?”

Чарнецкі: “Як не ідзе... Акцыяў ладзіць не атрымліваецца. А каб працаваць зь людзьмі, неабавязкова ісьці на фіктыўныя мясцовыя выбары — нічога там не сагітуеш. Даводзіць трэба з году ў год — найперш моладзі. І нацыянальная асьвета, таму што агульнадэмакратычныя каштоўнасьці — гэта ня тое.

Толькі на нацыянальнай глебе можна штосьці згадваць. Няма пэрспэктывы эканамічнай — хаця б гэта да іх дайшло. Тады ўжо і палітыкай пачнуць займацца. За жыцьцё трэба змагацца. І за будучыню дзяцей, унукаў. Таму працаваць зь людзьмі трэба. І будучыня будзе тады...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG