Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У розных гарадох Беларусі на Радаўніцу ўшануюць загінулых авіятараў


Ігар Карней, Менск Сёньня ў Менску, Віцебску, Гародні ўзгадваюць загіблых падчас службовых камандзіровак авіятараў. Дзьве авіякатастрофы апошніх гадоў у Афрыцы паставілі прафэсію спэцыяліста грамадзянскай авіяцыі ў Беларусі ў шэраг асабліва небясьпечных. Аднак сваякі і калегі вымушаныя канстатаваць: іншых варыянтаў ўтрымліваць сем’і беларуская дзяржава прафэсіяналам пакуль прапанаваць ня можа.

Апошнія гады сталі трагічнымі для 20 авіятараў Беларусі. 23 сакавіка 2005 году ў Танзаніі пацярпеў крушэньне Іл-76, загінулі 7 беларускіх пілётаў. Праз тыдзень у Конга рухнуў самалёт, на борце быў лётчык авіякампаніі “Гродна”. У траўні 2005-га там жа ў складзе інтэрнацыянальнага экіпажу разьбіўся беларус. 23 сакавіка сёлета ў Самалі зьбіты самалёт Іл-76 кампаніі “Трансавіяэкспарт -- пасьля падзеньня знойдзеныя целы 11 беларускіх авіятараў. У часе пахаваньня сяброў адзін з пілётаў расказаў, чаму беларусы пагаджаюцца ляцець у месцы, куды астатніх не завабіш нават за вялікія грошы:

“Што туды штурхае? Перадусім адсутнасьць тут працы, на такіх тыпах самалётаў (маю на ўвазе цяжкую транспартную авіяцыю). Калі шчыра, там ня хочуць працаваць ні амэрыканцы, ні французы, ні ангельцы. Бо за палёты ў такіх умовах трэба надзвычай шмат плаціць. А нашы згаджаюцца і за істотна меншыя грошы... Так будзе і надалей, бо выйсьця іншага няма. Будуць рызыкаваць. Колькі хлопцаў Афрыка ўжо забрала... І самалётаў – АН-26, Іл-76”.

Сёньня ў Сокале пад Менскам, дзе жыве бальшыня супрацоўнікаў “Трансавіяэкспарту”, будуць узгадваць заўчасна загінулых у Самалі пілётаў Іл-76, камандзірам якога быў шматвопытны Ігар Вашкевіч. Але Вадзім Едыханаў, які працуе ў службе абслугоўваньня транспартных самалётаў, кажа, што кожны дзень знаходзіцца ў атмасфэры страты – як на працы, так і дома:

“У нас тут у Сокале тры загінулыя. Якая атмасфэра?.. Такая, як і ў любой сям’і, дзе страцілі блізкага чалавека. Я, што называеццца, у душу асабліва ня лезу. Дый хлопцаў ведаў збольшага не па сем’ях, а па асабістых кантактах”.

Прыканцы мінулага тыдня кампанія “Трансавіяэкспарт” пералічыла на рахункі сваякоў загінулых у Самалі па 15 тысяч даляраў страхавых выплатаў. Мізэрныя грошы ў параўнаньні з практыкай замежных кампаніяў. Аднак, як кажа Вадзім Едыханаў, на іншае ў цяперашніх умовах спадзявацца цяжка:

“Гэта тое ж, як вы машыну страхуеце, сваю грамадзянскую адказнасьць. Калі будзе як у Канадзе, то штомесяц трэба плаціць 200-300 даляраў страхавога ўнёску -- каб у выніку чаго сям’я атрымала мільён даляраў. А ў нас – 30-40 даляраў за год! Адсюль і такія сумы страхавых выплатаў. Усё ад жабрацтва”.

Блізкія авіятараў баяцца, што так толкам і не даведаюцца, за што ў Афрыцы забілі іх родных. Вось што кажа дачка аднаго з пілётаў:

“Тут кажуць пра нейкія афіцыйныя вэрсіі... Усё роўна ніхто толкам ні ў чым не разьбярэцца. Там жа няма ні беларускага прадстаўніцтва, нічога. Толькі расейцы, і тое на ўзроўні кансуляту, куды нашы ня вельмі ахвотна зьвяртаюцца па дапамогу (бальшыня ж нелегальна). Дый там асабліва ня хочуць дапамагаць”.

Сваякі і сябры загінулага два гады таму ў Танзаніі другога пілёта Юрыя Несьцярэнкі другую Радаўніцу зьбіраюцца на Ўсходніх могілках. Нягледзячы на абяцаньні дапамогі, дагэтуль на магілах стаяць крыжы, помнікаў няма. Юрый Іосіфавіч, бацька пілёта (сам у мінулым авіятар) на пытаньне – што штурхае лётчыкаў на сумнеўныя камэрцыйныя прапановы -- адказвае так:

“Жыцьцё. Працаваць жа трэба. А працы няма. Пры Саюзе работы было дастаткова, а ў Беларусі дзе працаўладкавацца? Самалёты ёсьць, людзей шмат, але сама тэрыторыя маленькая, яе не хапае. Значыць, едуць, хто дзе ўладкоўваецца. Падаецца, гэта адзіная прычына. Размовы неаднойчы былі: там жа гінуць цэлыя экіпажы. А хлопцы адказваюць: а ўсё ж заробак большы, чым тут. Таму, кажуць, ляталі і будзем лятаць...”.

Аляксандар зь Менску за сваё жыцьцё пабываў шмат у якіх афрыканскіх краінах. Кажа, што рызыка – адзін з элемэнтаў прафэсіі. Дзяржава толькі рыхтуе спэцыялістаў, а вось наконт працаўладкаваньня не задумваецца:

“Едуць зарабляць грошы. Бо плацяць там звычайна добрыя грошы. Асабліва пяць гадоў таму гэты былі насамрэч вялікія грошы для Беларусі”.

Карней: “Вы ўсьведамлялі, што гэта досыць рызыкоўная прапанова?”.

“Я ведаў, што небясьпечна і што рызыка магла быць. Але перад тым, як ад’ехаць, людзі, якія набіралі каманду, запэўнівалі: усё будзе даволі бясьпечна, ня будзе рызыкі ваеннай, ня будзе рызыкі для здароўя. Бо гэта таксама важны аспэкт -- калі доўга там знаходзісься, можна захварэць. Нават малярыя на гэтым тле – як насмарк, зусім дробязь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG