Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Белы: Я веру, што "дзякуй" у Беларусі будзе суправаджацца сэрцам


Вольга Караткевіч, Прага Госьцем "Начной Свабоды" ў пятніцу быў гісторык Алесь Белы. Алесь Белы нарадзіўся ў Менску ў 1968 годзе, мае адукацыю інжынэра-оптыка, скончыў школу бізнэсу ў Вялікай Брытаніі, асьпірант магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова.

Караткевіч: Алесь, нагода для нашай гутаркі - такая рамантычная вашая прапанова, каб у Беларусі адзначаўся Дзень Дз - Дзень Дзякуй...

Белы: Гэтая думка ўзьнікла ў мяне недзе год таму, пасьля я сабраўся з думкамі і напісаў радок, які блукаў у інтэрнэце і нядаўна "Наша Ніва" знайшла ў сваёй рэдакцыйнай пошце, апублікавала на сайце. У свой час тая ж "Наша Ніва" абвяшчала некалькі разоў "Дні без чужога слова" - вельмі такая высакародная акцыя. Патрыёты беларускамоўныя ў гэты дзень заклікаліся гаварыць выключна па-беларуску. Відаць, і ў дзяцінстве шмат хто часта гуляў у такія гульні - дамаўляўся зь сябрамі гаварыць толькі па-беларуску. У мяне таксама былі такія эпізоды.

Трэба паводзіць так, каб была патрэба ва ўдзячнасьці

Паколькі працэнт людзей, якія, скажам, умеюць карыстацца актыўна беларускай мовай, не такі й вялікі, то эфэкт ад такіх акцыяў невялікі. Ды ўжо цяпер згаданыя мной дні не праводзяцца. Я падумаў інакш паглядзець на гэтую патрэбу - патрэбу ў "дзякуй".

Гаворка пра пачуцьцё ўдзячнасьці і пра патрэбу падзякаваць, аддзячыць людзям, якія зрабілі хаця б мінімальнае дабро. Самім словам, жэстам, усьмешкай заахвоціць, каб дэманстравалі ўдзячнасьць. Трэба пазытыўнае стаўленьне да ўдзячнасьці. За апошнія гадоў 10 людзі сталі больш цярпліва ставіцца адно да аднаго. Гэта такая хваля - калі бывае хваля калектыўнага жэсту, якая мае вынік. Як інтэлектуальная цунамі. Трэба правесьці піярэ - з налепкамі, значкамі, каб падлеткі проста як мага болей шукалі сытуацый, каб сказаць часьцей "дзякуй". І адпаведна паводзіць сябе так, каб была нагода сказаць дзякуй.

Караткевіч: Як вы думаеце, ці высокая культура ўдзячнасьці ў Беларусі?

Белы: У мяне ёсьць адчуваньне, што трэба зьмяняць сытуацыю да лепшага. Я скептычна стаўлюся да міту, што беларусы ўдзячныя і талерантныя людзі. Клясычны мэнтальны тып, якія быў навязаны, як прыгонны калгасны селянін, нясхільны да адкрытага выказваньня думак асабліва ў варожым асяродзьдзі - чужынскі панскі горад. Рудымэнты варожага стаўленьня да чужога асяродзьдзя і дагэтуль адчуваюцца. Таму Дзень Дз мог бы неяк зьлепшыць сытуацыю. А яшчэ і пашырыць ужытак беларускай мовы, бо з такіх базавых момантаў пачынаецца вывучэньня і замежнай мовы, і сваёй забытай.

Нам быў навязаны вобраз прыгоннага калгаснага селяніна

Калі б была дастатковая колькасьць людзей, якія б давалі прыклад пазытыўных ветлівых паводзін і пры гэтым суправаджалі б гэта беларускімі словамі, падвысіўся б прэстыж беларускай мовы.

Караткевіч: Алесь, у вас чацьвера дзяцей. Як вы іх адаптуеце ў беларушчыну?

Белы: Сям''я ў нас мяшаная. Жонка ў мяне расейка, хаця яна ставіцца пазытыўна да маіх высілкаў. Іншая справа, што мне часам не хапае часу, каб часта быць з дзецьмі. Са старэйшым мы размаўляем амаль выключна па-беларуску. Малодшая менш беларускамоўная. А сярэднія - хлопчык і дзяўчынка - якраз пасярэдзіне.

Калі казаць пра асяродкі, дык гэта - касьцёл. Малодшую водзяць у царкву ХВЕ "Благодать, а старэйшы, дарослы, яму 19 гадоў, ён сьпявае ў касьцёльным хоры на Залатой Горцы каля 9 гадоў. Гэтая вялікая падтрымка, каб дзеці ня думалі, што бацька нейкі вар''ят і гаворыць на незразумелай мове.

Зьмена спалучэньня "белая русь" ня вырашыць культурных праблем

Караткевіч: Сярод іншага вы выдалі кнігу пра эвалюцыю назвы "Белая Русь". Ці варта беларусам камплексаваць з прычыны такой назвы?

Белы: Я не камплексую. Гэтая назва мае заслужаную доўгую гісторыю, і ўсе гэтыя ідэі аб тым, што назва аўтаматычна азначае другараднасьць, залежнасьць - мне ня блізкія. Я ведаю, што гэтая назва прадукт лацінскай цывілізацыі, што гэта, скажам, лябараторны прадукт гуманітарных лябараторых Захаду, а пасьля быў даволі штучна ўкарэнены. Зрэшты, і слова Русь мае паўночнае паходжаньне.

Мне здаецца, што камплексаваць можна было з іншых прычын. Напрыклад, што не стае пачуцьця ўдзячнасьці. Ды іншых заган грамадзтва. Але ня з назвы. Назву можна крытыкаваць, можна субэтнічныя назвы прапаноўваць, але сур''ёзна казаць, што гэта вырашыць нашыя культурныя праблемы - не выпадае.

Караткевіч: Ня ведаю, ці правільна я працытую адно з вашых выказваньняў, што вы калекцыянуеце факты?

Белы: Я калекцыяную вобразы...

Караткевіч: Які з самых цікавых у вашай калекцыі?

Белы: Мне цікавы кананічны вобраз беларуса, які надзелены рысамі міталягічнай істоты. Апошнім часам мяне перасьледуюць кулінарныя вобразы. Апошні артыкул, які я скончыў для "Нашай Нівы" скончыў - пра траску. Чамусьці мне вобраз траскі перасьледуе. Дарэчы, у Бродзкага ёсьць паэма "Калыханка трасковага мысу". Вось траска як квінтэсэнцыя заходнеэўрапейскай культуры...

Караткевіч: Калі я чытаю артыкулы, дзе йдзе карэляцыя прадуктаў з мэнтальнасьцю, а пішуць пра базылік ці траску ў беларускай кухні, прыяжджаеш, а цяжка знайсьці нават.

Белы: Што да гэтай рыбы, дык яна рэдкай не была. Беларускі рынак, калі ўвогуле казаць пра рыбу, то ён бедны. Але траску знайсьці можна:) Маю любімую птушку ў кулінарыі - гуся - знайсьці значна цяжэй. Яна ў гісторыі беларускай кухні ж больш распаўсюджаная.

Караткевіч: На хвалях Свабоды ёсьць перадача "У што я веру". У што верыце вы?

Белы: Я веру ў тое, што гэты Дзень Дз калісьці будуць у Беларусі сьвяткваць. Адна з магчымых датаў магло быць 9 траўня, калі гэты дзень мы павінны адчуваць і быць удзячнымі тым, хто ўратаваў нас ад зьнішчэньня. Але сьвяткаваньне менавіта 9-га траўня магло б дапамагчы пазбавіцца ад таго савецкага мілітарызму, якім гэты дзень нагружаны. Яшчэ я веру, што калі-небудзь слова "дзякуй" будзе гучаць у Беларусі нашмат часьцей. І гэта будзе шчыра, суправаджацца сэрцам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG