Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея паміж Беларусьсю і Зымбабвэ


Юры Дракахруст, Прага У мінулыя выходныя у Маскве і Санкт-Пецярбургу міліцыя і АМОН жорстка разагналі маніфэстацыі апазыцыі.

У Маскве ў акцыі пратэсту ўзялі ўдзел каля дзьвюх тысяч чалавек. Супраць іх былі кінутыя каля 9 тысячаў міліцыянтаў і байцоў АМОНу. Дзеяньні міліцыі былі вельмі брутальнымі, шмат людзей было зьбіта, каля 170 чалавек затрыманыя. Большасьць іх была асуджаная да невялікіх штрафаў або вызваленая без пакараньня.

У Санкт-Пецярбургу падчас акцыі пратэсту было затрымана 120 чалавек. Губэрнатар Санкт-Пецярбургу Валянціна Матвіенка аддала загад дасьледаваць скаргі на зьбіцьцё ўдзельнікаў дэманстрацыі.

Расейскі ўпаўнаважаны ў правох чалавека Ўладзімер Лукін таксама заявіў, што гатовы разгледзець скаргі асобаў, якія пацярпелі ў выніку дзеяньняў праваахоўных органаў падчас маніфэстацый.

Сярод затрыманых у Маскве быў і лідэр руху “Іншая Расея” Гары Каспараў. Паводле яго, падзеі ў Маскве і Санкт-Пецярбургу паказалі як расейцам, гэтак і сьвету сапраўднае аблічча цяперашняга Крамля:

“Цяпер мы апынуліся недзе паміж Беларусьсю і Зымбабвэ, і некаторыя лічаць, што дзеяньні міліцыі на маскоўскіх вуліцах былі такімі ж жорсткімі, як дзеяньні міліцыі на вуліцах Менску”, - заявіў Гары Каспараў.

Дэманстрацыі ў Расеі адбыліся неўзабаве пасьля зьяўленьня ў брытанскай газэце Guardian артыкулу палітычнага ўцекача, былога расейскага алігарха Барыса Беразоўскага, які паведаміў пра свае пляны звалу рэжыму Уладзіміра Пуціна. Ужыты ім выраз “сілавыя сродкі” выклікаў ня толькі абурэньне расейскай улады, але і крытыку з брытанскага боку. У інтэрвію Радыё Свабода Беразоўскі патлумачыў, што ён меў на ўвазе:

“Я лічу, што ніякага спосабу зьмяніць гэты рэжым праз дэмакратычныя працэдуры, такія як выбары, ня існуе. Таму трэба выкарыстоўваць сілу. Тое, што адбылося ва Ўкраіне, напрыклад, ці ў Грузіі – гэта тыповы прыклад сілавога перахопу ўлады ў маім разуменьні”, - сказаў Барыс Беразоўскі.

У адказ на пытаньне карэспандэнта, ці не баіцца ён, што на вуліцу выйдуць, скажам, 10 тысяч чалавек і стануць ахвярамі сілавога ўдару ўлады, лёнданскі выгнаньнік адказаў:

“Насамрэч гэта выбар кожнага грамадзяніна – выходзіць на вуліцу або не. Чаго я буду за іх перасьцерагацца?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG