Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 красавіка - Дзень салідарнасьці


Любоў Лунёва, Менск Сёньня ў Беларусі і за межамі краіны моладзевыя актывісты дэмакратычнага руху будуць ладзіць акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых, палітвязьнямі і рэпрэсаванымі грамадзянамі за ўдзел у апазыцыйных акцыях. Больш за год 16 чысла кожнага месяца міліцыя працуе ва ўзмоцненым рэжыме. Часам колькасьць затрыманых даходзіла да паўсотні чалавек.

Сёньня актывісты моладзевага дэмакратычнага руху ў Менску і ў рэгіёнах будуць вывешваць расьцяжкі з заклікам вызваліць палітвязьняў, а таксама расклейваць партрэты зьніклых у людных месцах. Вырашана гэтым разам не ладзіць буйных вулічных акцый, каб не трапіць за краты напярэдадні правядзеньня “Чарнобыльскага шляху”. Моладзевы актывіст партыі БНФ Франак Вячорка лічыць, што трэба, наагул, адмовіцца ад правядзеньня акцый менавіта 16 чысла.

“Акцыі салідарнасьці будуць мець сэнс, калі яны будуць катэгарычна мяняць свой фармат, а таксама свой зьмест. За апошнія месяцы яны сталі менш колькасныя і правакуюць непатрэбныя, часам залішнія затрыманьні нават тых, хто выпадкова праходзіў каля якога-небудзь палітычнага офісу ці асяродку. Таму, я мяркую, што нам трэба перш за ўсё мяняць дату, ну й мяняць фармат. Магчыма гэтыя акцыі салідарнасьці спалучаць ня толькі з салідарнасьцю з палітвязьнямі, але й ладзіць нейкія палітінфармацыі”.

Франак Вячорка падзяліўся сваімі меркаваньнямі наконт фармату акцый:

“У дзень салідарнасьці ва ўсім сьвеце распавесьці хто такі Леў Сапега для Беларусі і хто такі Леў Сапега для Эўропы. А беларусам яшчэ раз распавесьці пра сытуацыю з палітзьняволенымі, альбо пра сытуацыю з незалежнай прэсай. Акцыі трэба мяняць ня толькі на больш мірныя, але й на найбольш творчыя. Таму што акцыі звычайна становяцца не дэманстрацыяй нашай пазыцыі, яны становяцца дэманстрацыяй абсурду ўладаў”.

Гаворыць старшыня камітэта абароны рэпрэсаваных Іна Кулей:

“Тэма 16-га, якая вядомая ня толькі ў Беларусі, а і ва ўсім сьвеце, што гэта Дзень Салідарнасьці і ў гэты дзень з Беларусьсю салідарныя іншыя краіны ва ўсім сьвеце, павінна гучаць і надалей. Таму што людзі ведаюць, што ў гэты дзень людзі выказваюць падтрымку й палітвязьням і той моладзі, якая была на плошчы, і той моладзі, якая сёньня ў шэрагах змагароў. Я думаю, што папросту павінна зьмяніцца тактыка і мы мяняем гэтую тактыку прэвэнтыўнай абаронай той моладзі, якая выказвае нязгоду з сёньняшнім рэжымам”.

Ва Ўкраіне, Польшчы, Эстоніі, ЗША, Нямеччыне, Літве і Латвіі беларускія студэнты разам з прадстаўнікамі мясцовых моладзевых арганізацый традыцыйна будуць ладзіць пікеты і раздаваць мінакам інфармацыйныя матэрыялы пра палітычную сытуацыю ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG