Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе падрыхтоўка да “Эўрабачаньня-2007”?


Ігар Карней, Менск З 10 да 12 траўня ў сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі пройдзе чарговы сьпеўны конкурс “Эўрабачаньне-2007”. Беларусь будзе прадстаўляць 21-гадовы Дзьмітрый Калдун. Артыст перамог у адборачным туры зь песьняй “Work Your Magic”.

Кіраўнік музычнага тэлепраекту “ЭўраФэст” народны артыст Беларусі Аляксандар Ціхановіч паведаміў, што цяпер Дзьмітрый Калдун знаходзіцца з прома-турам ў Бэльгіі. Ён вяртаецца ў Беларусь 16 красавіка і ад''яжджае ў Маскву, дзе будзе праходзіць пастаноўка нумару, які будзе паказаны 10 траўня ў Хэльсынкі.

Аляксандар Ціхановіч верыць у перамогу Калдуна.

“Пакуль у яго ўсё пасьпяхова. Букмэкерскія кампаніі ставяць яго на першае месца. Ну, хтосьці і на першае, але ў тройцы ён пастаянна. Зразумела, што прагноз -- гэта адно, а конкурс ёсьць конкурс. Таму на гэта ніхто не зважае і кожны разумее: гэта спаборніцтва, можа ўсялякае быць і трэба разьлічваць на боскую дапамогу і ягоны прафэсіяналізм, які ўвесь час падвышаецца. Прынамсі, хлопец стараецца”.

Аляксандар Ціхановіч абверг чуткі пра тое, што ў Калдуна зьявіліся праблемы з галасавымі зьвязкамі:

“Ён ходзіць да лекара-фаніятара, расьпяваецца, займаецца. Але гэта проста ўмовы такія, так трэба. Гэта спэцыяльна мы зрабілі для таго, каб ён быў пад наглядам спэцыялістаў, каб, наадварот, не “перасьпяваўся”.

Галоўнымі канкурэнтамі Калдуна на “ЭўраФэсьце” лічацца прадстаўнікі Расеі – беларускі паводле паходжаньня гурт “The Projeсt”. Яны будуць выконваць кампазыцыю “S.T.A.R.” Лідэр калектыву Яўген Чалышаў:

“Канешне, будзем перажываць за беларускага ўдзельніка, таму што ён прадстаўляе нашу краіну. Тым больш, з Калдуном у нас вельмі добрыя адносіны. І калі ў мяне, магчыма калісьці і былі прэтэнзіі да кагосьці з нашых апанэнтаў, то пэўна не да яго. А хутчэй да тых, хто арганізоўваў яго перамогу”.

У лютым папулярны ў мінулым нямецкі дуэт “Modern Talking” абвінаваціў Кіркорава ў плягіяце. У інтэрвію расейскаму каналу “НТВ” прадстаўнікі аднаго з салістаў ” Дзітэра Болена прадэманстравалі нізкі аднолькавых у гучаньні радкоў песьні “Modern Talking” з кіркораўскім “Work Your Magic”.

Яўген Чалышаў лічыць, што удзел Філіпа Кіркорава ў падрыхтоўцы Дзьмітрыя Калдуна ня пойдзе на карысьць апошняму. Яўген Чалышаў кажа, што Кіркораў ўжо рыхтаваў да Эўрабачаньня Анжаліку Агурбаш, якая нават ня выйшла ў фінал Эўрабачаньня.

“Ня ведаю, на колькі ён яму патрэбен у Беларусі, але факт застаецца фактам: пасьля таго, як ён сюды прыяжджаў з Калдуном, праз два месяцы ў яго быў сольны канцэрт у Палацы рэспублікі. Людзі прыйшлі і канцэрт быў апраўданы... Дай Бог, каб Кіркораў дапамог нашай краіне. Але наступным разам, калі такая сытуацыя зноў паўторыцца, на “Эўрабачаньне” трэба выпраўляць самога Філіпа. Тады будзе ўвогуле ўсё цудоўна. Філіп Кіркораў ад Беларусі на “Эўрабачаньні” глядзеўся б ідэальна. Тым больш, што і Баўгарыю ён ужо зьбіраўся прадстаўляць, і ад Расеі калісьці выступаў. Засталося ад Беларусі толькі паехаць і ўсё”.

Другога траўня дэлегацыя ў складзе 25 чалавек ад’едзе ў Хэльсынкі. Сьледам выправіцца кантэйнэр прома-прадукцыі. Там будзе гарэлка, настойка і бальзам “Калдун” вытворчасьці менскага “Крышталю”, а таксама цукеркі “Сундук Колдуна” ад Менскай кандытарскай фабрыкі “Камунарка”. Уся прадукцыя аздобленая выявай артыста і эмблемай “Эўрабачаньня”.

Гл. таксама • Які варта стварыць конкурс для беларусаў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG