Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Летась адпачыць на Кубу зьезьдзілі 700 беларусаў


Ганна Соўсь, Менск Гэтымі днямі ў Менску працуе дзясяты вясновы кірмаш турыстычных паслугаў “Адпачынак-2007”. Удзельнічаюць 245 фірмаў зь Беларусі, Чэхіі, Літвы, Латвіі, Украіны ды іншых краінаў. Турапэратары канстатуюць: сёлета беларусы па-ранейшаму аддаюць перавагу краінам, уезд у якія не патрабуе шэнгенскай візы. Што да ўязнога турызму, то, паводле міжнародных экспэртаў, заходнія спажыўцы яшчэ не ўспрымаюць Беларусь як турыстычную краіну.

Сёлета на турыстычнай выставе на большую частку прапановаў — цэны ў эўра.

Турыстычная выстава, Менск, запрашальнікі Дзяўчаты запрашаюць кліентаў турфірмаў

Прадстаўніца Асацыяцыі турыстычных арганізацыяў пры Саюзе прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага спадарыня Ганна адзначае, што ў беларускіх турыстаў па-ранейшаму папулярныя Баўгарыя, Турцыя, Эгіпет, Туніс і Чарнагорыя:

“У гэтыя краіны вельмі проста аформіць візы. Чарнагорыя ўвогуле бязь візы, Баўгарыя не стварае ніякіх праблемаў, Румынія таксама. Вельмі праблематычныя краіны сёлета, як ні дзіўна, гэта Літва і Польшча. Я думаю, што сёлета туды істотна зьменшыцца плынь турыстаў. Практычна немагчыма стала адкрываць візы. Засталося вельмі мала турфірмаў, акрэдытаваных пры гэтых амбасадах”.

Турыстычная выстава, Менск, “Лінія Сталіна” А ты запісаўся на “Лінію Сталіна”?

Адзін са стэндаў на выставе прэзэнтуе гістарычна-культурны комплекс “Лінія Сталіна”. Цэны тут самыя нізкія. Што да наведнікаў...

“Шмат школьнікаў, шмат з прафсаюзаў, з розных арганізацыяў. Таксама на комплексе дзеці могуць праехацца на квадрацыклах. Можна паезьдзіць на катамаранах і зьесьці вельмі смачнай салдацкай кашы”, — кажа работніца комплексу.

Дарэчы, сярод паслугаў на “Лініі Сталіна” — язда на БТР-ы, каштуе 10 тысяч рублёў.

Яшчэ адзін экзатычны стэнд прадстаўляе Кубу — пакуль яшчэ ня надта папулярную ў беларусаў, бо толькі квіток туды каштуе 1000 эўра.

“За 2006-ты, паводле статыстыкі, на Кубу выехала зь Беларусі 700 чалавек. Гэта, вядома, кропля ў моры ў параўнаньні з Расеяй і Ўкраінай, але цікавасьць ёсьць”, — кажа прадстаўніца кубінскага турапэратара.

Турыстычная выстава, Менск, паездка на Кубу Туры на Кубу прапаноўваюць расейка й кубінка

Значную частку турыстычнай выставы займаюць прапановы ўязнога турызму, але наведнікаў ля гэтых стэндаў няшмат.

Я пагутарыла зь Людмілай Фурман, прадстаўніцай ўправы спорту і турызму Гарадзенскага аблвыканкаму. Паводле яе, вельмі папулярныя маглі б стаць двух-, трохдзённыя туры ў памежныя раёны Гарадзеншчыны, аднак:

“Людзі прыяжджаюць сюды ў тыя мясьціны, дзе яны калісьці жылі, дзе іх бацькаўшчына. І тут ёсьць праблема зь мяжой. І бывае, што чалавек, які хоча прыехаць толькі на выходныя дні, гэтыя дні стаіць на мяжы”.

Турыстычная выстава, Менск, “ЦэнтарКурорт”, Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Адзін з найбольшых стэндаў займае “ЦэнтарКурорт” Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта

Нямецкі прафэсар Альбрэхт Штайніке, партнэр у нямецка-беларускім турыстычным праекце “Tempus”, у інтэрвію “Свабодзе” адзначыў, што беларускім турфірмам даводзіцца працаваць у больш жорсткіх умовах, чым іхнім эўрапейскім калегам:

“На маю думку, асноўная праблема ў тым, што Беларусь як турыстычная тэрыторыя яшчэ не існуе ў галовах заходніх спажыўцоў. Неабходна зрабіць адпаведныя крокі, каб Беларусь стала вядомай. Што да ўласна турыстычнай індустрыі, то такое ўражаньне, што за апошнія некалькі гадоў адбылося істотнае разьвіцьцё. Павысіўся прафэсійны ўзровень тых, хто працуе на гэтым рынку”.

Лілія Кобзік, галоўная рэдактарка газэты “Туризм и отдых”, адзначае, што чаканага спаду на рынку турыстычных паслугаў не адбылося:

“Мы гэта бачым. Прапановаў шмат. Магчыма, што адпачынак будзе даражэйшы. Што будзе гітом сэзону? Вядома, Турцыя. Турцыі будзе столькі, што сказаць, што яе шмат, — значыць, нічога не сказаць. Існуе стабільная праслойка людзей, якія нават нечага сабе ня купяць, нейкай шараговай патрыманай машыны, але паедуць адпачываць”.

У Беларусі на сёньняшні дзень турыстычныя паслугі прапаноўваюць 616 кампаніяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG