Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Процька: падзеі вакол БХК — ціск на Маскву


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства юстыцыі прапанавала Вярхоўнаму Суду часова прыпыніць разгляд справы аб прыпыненьні дзейнасьці Беларускага Хэльсынскага камітэту. Раней менавіта гэтае міністэрства ініцыявала суд з-за нявыплаты падаткаў БХК. Чаму Міністэрства юстыцыі адмаўляецца ад сваіх намераў?

У афіцыйным паведамленьні Міністэрства юстыцыі тлумачыць новую ініцыятыву тым, што “Беларускі Хэльсынскі камітэт робіць усё магчымае дзеля разьвязаньня ўзьніклай прававой калізіі”.

Аднак падаць нейкія падрабязнасьці намесьніца кіраўніка Ўправы грамадзкіх арганізацыяў міністэрства Алена Кірычэнка адмовілася:

“Не магу вам нешта камэнтаваць у гэтым пытаньні. Увогуле, у нас усё гэта адбываецца з дазволу кіраўніцтва. Павінна быць даручэньне міністра: калі ён дасьць дазвол пракамэнтаваць, мы пракамэнтуем”.

Нагадаю, што Беларускі Хэльсынскі камітэт вінавацяць у нявыплаце 75 тысяч даляраў падаткаў з атрыманых сродкаў паводле праграмы ТАСІS. Судовыя слуханьні ў гэтай справе доўжацца ад траўня мінулага году.

Аднак кіраўніцтва БХК па-ранейшаму не намерваецца рабіць нейкіх выплатаў, бо гэтыя патрабаваньні, паводле яго, супярэчаць міжнароднаму заканадаўству, якое мусіць выконваць і Беларусь.

Гэтую “прававую калізію” стварылі самі беларускія ўлады, кажа старшыня БХК Тацяна Процька:

“У дзяржаве нават не існуе такога мэханізму, які дазволіў бы нам выплаціць гэтыя падаткі. І ня толькі нам, а і іншым арганізацыям, якія працавалі ў гэтай праграме, а іх каля ста сарака. Пэўна цяпер і шукаюць такія мэханізмы — каб і ваўкі былі сытыя, і козы цэлыя.

Чаму гэта робіцца цяпер, калі нашая краіна нібыта зьвяртаецца да эўрапейскай сыстэмы каштоўнасьцяў? Пакуль што ўсё, што адбываецца зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам, гэта пэўны ціск на Маскву. Маўляў, калі вы нам ня хочаце дапамагаць, то мы пойдзем гуляць у іншую пясочніцу”.

Паводле спадарыні Процькі, немагчыма прагназаваць, якое рашэньне прыме Вярхоўны Суд.

Падзеі вакол Беларускага Хэльсынскага камітэту камэнтуе юрыст Міхаіл Пастухоў:

“Мне падаецца, што гэта, бадай, першы выпадак, калі робяцца такія захады. Гэта проста гульні ўладаў. Яны парушаюць міжнародныя абавязкі Рэспублікі Беларусь. І ў гэткім выпадку ўвага міжнароднай супольнасьці будзе ўвесь час засяроджаная на гэтай справе. Я думаю, што такі стан можа доўжыцца досыць доўга”.

Сёлета ўлады спрабавалі пазбавіць Беларускі Хэльсынскі камітэт юрыдычнага адрасу. Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, якое валодае будынкам, дзе знаходзіцца офіс БХК, спрабавала скасаваць дамову арэнды.

Аднак пратэсты міжнародных арганізацыяў, у тым ліку Дзярждэпартамэнту ЗША, дапамаглі — улады адмовіліся ад сваіх намераў. Ад імя Эўразьвязу ўрад Нямеччыны выказаў занепакоенасьць намерам уладаў спыніць дзейнасьць Беларускага Хэльсынскага камітэту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG