Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будуць зачыненыя крамы д’юці-фры?


Ігар Карней, Менск Праект указу Аляксандра Лукашэнкі прапануе зьліквідаваць у Беларусі практычна ўсе крамы бязмытнага гандлю сыстэмы д’юці-фры. У прыватнасьці, мяркуецца пакінуць адну краму ў будынку Нацыянальнага аэрапорту “Менск-2”, а таксама краму для абслугоўваньня дыпляматычных прадстаўніцтваў і місіяў у Менску. Чым выкліканая такая прапанова?

У выпадку закрыцьця крамаў людзі наўрад ці змогуць знайсьці іншую працу

На ўсім пэрымэтры беларускай мяжы ў кірунку Літвы, Латвіі, Польшчы і Ўкраіны працуюць 52 крамы бяспошліннага гандлю д’юці-фры (duty-free). Яны ахопліваюць Нацыянальны аэрапорт “Менск-2”, аўтамабільныя пункты пропуску, а таксама чыгуначныя вакзалы.

Ад 1996 году прэзыдэнцкім указам у Менску адкрылі адпаведную краму для замежных дыпляматаў, якая падпарадкоўваецца Галоўнаму ўпраўленьню ў абслугоўваньні дыпкорпусу і афіцыйных дэлегацыяў “Дыпсэрвіс” Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта.

Аднак новы дакумэнт, распрацаваны ў адміністрацыі прэзыдэнта, прадугледжвае істотнае скарачэньне любімага месца прыпынку тых, хто выяжджае за межы Беларусі, паведамляе агенцтва Прайм-ТАСС.

Мяркуецца, што ад ранейшай паўсотні застануцца дзьве крамы: у Нацыянальным аэрапорце “Менск-2” і згаданы ўжо “Дыпсэрвіс”, дзе змогуць рабіць закупы толькі акрэдытаваныя ў Беларусі дыпляматы.

Работнікі крамаў бязмытнага гандлю пэрспэктыву працаўладкаваньня ў мясцовых сельпо ўспрымаюць адмоўна.

Так, увесь пэрсанал крамаў д’юці-фры на памежным пераходзе “Каменны Лог” прыяжджае з суседніх Ашмянаў.

Загадчыца адной з крамаў, якая належыць кампаніі “Бела Трэйдынг”, кажа: у выпадку закрыцьця крамаў людзі наўрад ці змогуць знайсьці іншую працу:

“Як і ва ўсіх маленькіх гарадах, працаўладкавацца тут вельмі складана. Але што да нашага калектыву, то ніякіх размоваў ні пра што не вялося. І я мяркую, што калі якое рашэньне будзе сапраўды, то гэтая інфармацыя будзе ў нашага кіраўніцтва. А нам проста давядуць да ведама.

Але існаваньне такіх крамаў найперш у інтарэсах самай дзяржавы, калі людзі, пакупнікі пакідаюць тут валюту. Што, у нас у дзяржаве столькі лішняй валюты? Асабліва цяпер, у зьвязку з... Прабачце, я ўвогуле нічога не павінна гаварыць...”

Праз крамы праходзяць гуртовыя схемы незаконнай рэалізацыі алькаголю й тытуню?

Размовы пра неабходнасьць закрыцьця крамаў д’юці-фры вядуцца ўжо не адзін год. У выніку праверак Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў: праз крамы бяспошліннага гандлю праходзяць гуртовыя схемы незаконнай рэалізацыі алькаголю й тытуню.

Аднак замест акрэсьленых першапачаткова радыкальных захадаў ажно да закрыцьця крамаў былі зробленыя карэктывы: адпаведныя службы толькі ўзмацнілі кантроль за рухам тавараў праз д’юці-фры.

У кампаніі “Хэлен Валеры”, якая мае цэлую сетку памежных крамаў бяспошліннага гандлю, паведамілі, што на дадзены момант ніякіх прэтэнзіяў да іх з боку органаў кантролю няма:

“Ведаеце, мы кіруемся толькі афіцыйнай інфармацыяй. І калі цяпер размовы аднавіліся, то, мабыць, кіраўніцтву краіны лепш відаць, што рабіць, а што не. Чатыры гады таму былі адпаведныя праверкі Дзяржкантролю, пасьля гэтага ніякіх праверак больш не было. І вынікі гэтых праверак былі выдатныя. У іншым выпадку хто-небудзь быў бы закрыты”.

На думку экспэртаў, на ідэю закрыць крамы д’юці-фры навёў аналіз сытуацыі, зроблены Камітэтам дзяржкантролю.

Як кажа кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, падлічылі колькасьць людзей, якія выяжджалі за мяжу праз памежныя пункты пропуску, і колькасьць тавару, рэалізаванага ў крамах д’юці-фры.

Аказалася, што ў сярэднім на чалавека, які выяжджае ў іншыя краіны, прыпадае 10 літраў алькаголю (а моцныя напоі ў такіх аб’ёмах нельга ўвозіць ні ў адну краіну).

То бок, ёсьць падставы казаць, што асобныя крамы выкарыстоўваюцца, каб набываць тавар, а потым увозіць яго назад у Беларусь. А гэта парушае дзейнае заканадаўства і статус крамаў д’юці-фры.

Паводле Міністэрства статыстыкі й аналізу Беларусі, летась імпарт моцных сьпіртовых напояў праз крамы бяспошліннага гандлю склаў амаль 700 тысяч дэкалітраў на суму каля 25 мільёнаў даляраў. Гэта складае 75% ад агульнага аб’ёму імпарту гэтай прадукцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG