Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашызм — складаная гістарычная зьява...”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Многія нашы слухачы памятаюць пра выпадак з грамадзкай актывісткай з Магілёва Крысьцінай Шацікавай. Напярэдадні Дня Волі, 23 сакавіка, Крысьціну пасьля гутаркі ў Магілёўскай управе КДБ людзі ў цывільным гвалтам адвезьлі ў гарадзкі псыхіятрычны шпіталь, дзе трымалі некалькі дзён.

Некаторыя праваабаронцы й палітыкі лічаць, што гэты інцыдэнт можа сьведчыць пра аднаўленьне ў Беларусі сыстэмы савецкай карнай псыхіятрыі.

Уласным досьведам дачыненьняў з уладамі й псыхіятрамі падзяліўся ў лісьце слухач Віктар Макарэвіч зь вёскі Няровы Валожынскага раёну:

“У мяне ў свой час быў падобны выпадак. Праўда, тады, дваццаць гадоў таму, пра апазыцыю размова не ішла. У маім выпадку ўсё пачалося са скаргаў на неправамоцныя дзеяньні міліцыі. За гэтыя скаргі я і трапіў на прымусовае лекаваньне ў псыхіятрычны шпіталь.

І мяне там, так бы мовіць, “лячылі” цэлых восем месяцаў. Зрабілі амаль непрытомным, пасадзілі сэрца (што адчуваецца і цяпер, больш як праз дваццаць гадоў). Словам, скалечылі ўсё жыцьцё…

Што цікава, у далейшым мае скаргі на міліцыю былі пацьверджаныя як аб’ектыўныя і справядлівыя. Але і дагэтуль ніхто не прызнаў усяго ўчыненага са мной злачынствам. Мяне толькі кормяць запэўніваньнямі, што ні на якім псыхуліку я не стаю, а таму, маўляў, свабодны ва ўсіх сваіх дзеяньнях.

Але ж гэта абсурд. Я ж стаў інвалідам 2-й групы, у мяне падарванае здароўе. А скалечаны лёс? У мяне ж усё ў жыцьці магло скласьціся па-іншаму. А страчаных гадоў не адкруціш назад, як кінастужку. І ніхто нават ня думае хоць бы прызнаць зло і пакаяцца. Як толькі зямля носіць такіх…

Так што гэтай дзяўчыне, Крысьціне Шацікавай, яшчэ пашанцавала: яе вызвалілі праз тры дні. Але гэта дзякуючы такім, як я. Была ж у свой час створана камісія Вярхоўнага Савету ў справе расьсьледаваньня псыхіятрычных рэпрэсіяў. Такіх, як я, у БССР было нямала. Але ўсё даўно заглохла. А праблема ж засталася…”


Цяжка казаць пра тое, што Крысьціне Шацікавай пашанцавала, спадар Макарэвіч. Яе вымушаныя былі вызваліць пасьля таго, як гэты выпадак стаў здабыткам галоснасьці й пра дэталі ўсёй справы шырока загаварылі ў Беларусі й за мяжой.

На Захадзе яшчэ не забылі пра тое, як псыхушкі камуністычны рэжым выкарыстоўваў у барацьбе з савецкімі дысідэнтамі. Выпадак з Крысьцінай вельмі выразна нагадаў усім пра мінулае.

Палітычная карная псыхіятрыя можа паўстаць зноў у тым выпадку, калі грамадзтва будзе маўчаць і калі такія людзі, як Крысьціна Шацікава, застануцца сам-насам з так званымі “дактарамі”, у якіх з-пад белых халатаў відаць пагоны афіцэраў КДБ.

Наш даўні слухач і аўтар Алесь Марціновіч з Баранавічаў свае новыя паліталягічныя развагі прысьвяціў тэме грамадзкіх пратэстаў у Беларусі, іхным асаблівасьцям у параўнаньні з пратэстамі ў суседніх краінах.

Важна заўважыць, што свой ліст спадар Марціновіч накіраваў нам яшчэ да 25 сакавіка — гэта значыць, да таго, як сталі вядомыя вынікі найбольш значнай вясновай акцыі апазыцыі. Слухач піша:

“Лукашызм — складаная гістарычная зьява, якую давядзецца доўга зжываць. І зусім ня факт, што гэта пазбаўленьне будзе весьціся пад ідэалягемамі цяперашніх лідэраў апазыцыі.

Гэты рэжым яшчэ вельмі й вельмі эфэктыўны ў кіраваньні. Мяняць яго народ усім натоўпам ня пойдзе. Магчымы бунт найбольш прасунутых, а вось агульнанацыянальнай рэвалюцыі ня будзе. У Менску незадаволеныя прасунутыя ўрэшце могуць на ўсё плюнуць і зьехаць вучыцца ды працаваць на Захад...”


Далей у сваім лісьце Алесь Марціновіч з Баранавічаў спрабуе правесьці паралелі паміж сёньняшнімі беларускімі рэаліямі й досьведам іншых усходнеэўрапейскіх краінаў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Палякі — нацыя цывілізацыйна-каталіцкая, згуртаваная; літоўцы, латышы, эстонцы — нацыі моўныя; украінцы — нацыя з моўным ухілам і з адвечным пошукам сваіх выразных адрозьненьняў ад Расеі. Беларусы — ня першае, не другое і ня трэцяе.

Мілінкевіч як крэатура Вінцука Вячоркі, як спараджэньне БНФ, рызыкуе зноў увесьці Беларусь у тупікі пачатку 1990-х гадоў, калі праз гарлахвацтва апазыцыі ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, праз грубыя памылкі Шушкевіча і Пазьняка Лукашэнка з восені 1993 году хутка здабыў папулярнасьць да канца вясны 1994 году. Пазьняк тады сам сябе навязьліва прапаноўваў праз тэледэбаты ў Вярхоўным Савеце. А за Лукашэнку самі масы ўхапіліся.

Досьвед Расеі, паўднёвага ўсходу Ўкраіны засьцерагае: ня варта чакаць у Беларусі той хуткай любові да Захаду, ЗША, НАТО, Эўразьвязу, якая была ва Ўсходняй Эўропе ў 1990-я гады.

Там такая любоў пасьпяхова спалучалася зь мясцовым антырасейскім, антыімпэрскім нацыяналізмам. У нас, калі апазыцыя праваліць акцыю 25 сакавіка, трэба рыхтавацца да эвалюцыйнага шляху на дзесяцігодзьдзі”.


Большасьць палітолягаў і назіральнікаў схіляюцца да думкі, што шэсьце і мітынг 25 сакавіка ня сталі для апазыцыі ні асаблівым посьпехам, ні заўважным правалам. Акцыя была не настолькі масавай, каб сьведчыць пра нейкія істотныя зрухі ў грамадзкай сьвядомасьці; але і не такой невыразнай і бездапаможнай, як, відавочна, разьлічвала ўлада, праводзячы напярэдадні яе шырокую кампанію прэвентыўных арыштаў, затрыманьняў і запалохваньняў.

Натуральна, спадзяваньні тых, хто чакаў ад падзеяў 25 сакавіка нейкага лёсавызначальнага павароту ў найноўшай гісторыі Беларусі, ня спраўдзіліся. Хоць асаблівых падставаў для такіх спадзяваньняў і не было.

Драматычную гісторыю з прыватнага жыцьця распавёў у лісьце на “Свабоду” наш слухач з Магілёва Мікалай Пілік.

Гісторыя ў некалькіх словах такая. Сям’я спадара Піліка ў свой час распалася. Маленькая дачка засталася з жонкай. Потым здарылася няшчасьце: былая жонка ад анкалягічнай хваробы памерла. А дачка засталася ў апякункі — сястры памерлай маці, сваёй цёткі. Мікалай Пілік усімі магчымымі спосабамі спрабуе вярнуць дачку, якой ужо 14 гадоў, але безвынікова.

“Калі я прапанаваў апякунцы вярнуць маю дачку, яна катэгарычна адмовілася і адначасова пачала настройваць дзяўчынку супраць мяне. Падазраю, што яе пераконваюць, нібы гэта я вінаваты ў сьмерці яе маці.

Суды (і раённы, і абласны) мае просьбы аб вяртаньні дачкі пакінулі без задавальненьня. Каб ня страціць розуму і не запіць з гора, я вымушаны быў зьвярнуцца па дапамогу да псыхатэрапэўта ў сваю паліклініку, дзе праходзіў курс амбуляторнага лекаваньня з дыягназам “сындром гора”.

Куды я толькі ні зьвяртаўся зь пісьмовымі скаргамі — адусюль атрымліваю толькі фармальныя адпіскі, у якіх чынушы ківаюць адзін на аднаго. Раённы аддзел адукацыі аказвае ціск на настаўнікаў той школы, дзе вучыцца дачка — каб не дапусьціць кантактаў зь ёю.

На мае спробы паразумецца з дачкой, яна заяўляе, што, калі прызначаная апека, дык значыць, я ня ў стане выхоўваць яе. І ясна дае зразумець, што лічыць мяне псыхам. Дайшло да таго, што родная дачка перастала размаўляць са мной нават па тэлефоне.

На нашы суды я больш не спадзяюся. Можа, Эўрапейскі суд правоў чалавека дапамог бы ў маёй бядзе?”


Драматычная гісторыя, у якой цяжка быць судзьдзём і дарадчыкам. Асабліва з улікам таго, што многія дэталі й абставіны складаных дачыненьняў паміж бацькам і дачкой засталіся, вядома ж, за рамкамі гэтага ліста.

Чатырнаццацігадовая дзяўчынка-падлетак — ужо амаль сфармаваная асоба, з уласнай (няхай невялікай) гісторыяй жыцьця, уласным досьведам, уласнымі дзіцячымі ўспамінамі... Ня думаю, спадар Пілік, што яе любоў і давер магчыма вярнуць з дапамогай суду (нават эўрапейскага — тым больш, што ў Эўрапейскім судзе правоў чалавека беларускія справы не разглядаюцца, Беларусь не ўваходзіць у Раду Эўропы).

Асэнсаваць мінулыя пралікі, атрымаць дараваньне, вярнуць давер і павагу ўжо амаль дарослага чалавека, у існасьці, кампэнсаваць тое, што было ўпушчана пяць і дзесяць гадоў таму, калі ваша дачка была маленькая — гэта здольны зрабіць толькі вы сам, спадар Пілік. Цярпеньня вам у гэтай справе і посьпеху.

На заканчэньне кароткі ліст ад Алеся Шустоўскага з Барысава:

“Па дзяржаўных тэлеканалах у гэтыя дні часта круцяць рэклямны ролік пра лідзкую муку. Рэкляма гэта на беларускай мове, але чамусьці ў тэксьце выкарыстоўваецца слова “пасха”.

Мушу растлумачыць, што ў беларускай мове габрэйскае слова “пасха” (або “песах”, ці “пейсах”) адсутнічае. Бо ў нашай мове ёсьць даволі трапнае слова “Вялікдзень”, якое надзвычай дакладна перадае сутнасьць гэтага вялікага хрысьціянскага сьвята. Увогуле, было б правільней ужываць гэта слова і ў расейскай мове. Мо пачуе гэтыя мае заўвагі маскоўскі патрыярхат і прыслухаецца да іх”.


Сапраўды, спадар Шустоўскі, слова “пасха” прыйшло са старажытнагабрэйскай мовы ў грэцкую, а адтуль — у расейскую. І ў ёй замацавалася. Наўрад ці расейская праваслаўная царква захоча адмаўляцца ад яго дзеля запазычваньня ў беларускай мове. Важна, каб самі беларусы больш далікатна і беражліва ставіліся да ўласнага моўнага багацьця.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG