Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Клімаў – у камэры, дзе яго трымалі падчас мінулага арышту


Алег Грузьдзіловіч, Менск Палітвязень Андрэй Клімаў даслаў дамоў першыя лісты зь Менскага сьледчага ізалятару, куды яго зьмясьцілі пасьля арышту 3 красавіка. Што стала вядома пра ўмовы ўтрыманьня вязьня?

Жонка палітыка Тацяна Клімава кажа, што ўжо атрымала ад мужа з турмы два лісты. “Збольшага лісты маюць прыватны характар, і цытаваць іх я ня буду. Пра турэмнае жыцьцё Андрэй амаль нічога ня піша”, – кажа жонка палітыка.

Усё ж нейкімі зьвесткамі Тацяна Клімава падзялілася:

“Так, ён напісаў, што яго зьмясьцілі ў тую самую камэру, у якой ён быў раней, але ў якую дакладна — я ня ведаю. За ягоныя ранейшыя знаходжаньні на Валадарцы яго шмат разоў пераводзілі туды-сюды, зьмяшчалі ў розныя камэры”.

Тацяна Клімава хвалюецца, каб для мужа не паўтарыўся 1998 год, калі ён трапіў у камэру з надзвычай жорсткімі ўмовамі:

“Туды зьмяшчалі людзей, якіх зьбіраліся зламаць, ад іх сьледчыя плянавалі атрымаць прызнаньні. Гэта рабілася ў змове з адміністрацыяй ізалятару”.

Паводле Тацяны Клімавай, цяпер у Менскім сьледчым ізалятары ёсьць некалькі гэтак званых камэрцыйных камэраў з палепшанымі ўмовамі ўтрыманьня. За знаходжаньне там са сваякоў вязьняў бяруць грошы.

Але жонка Клімава не атрымоўвала рахункаў за такую камэру – таму мяркуе, што Андрэй знаходзіцца ў іншых умовах.

Зь лістоў Тацяна зрабіла выснову, што яе муж мала клапоціцца пра ўмовы ўтрыманьня:

“Гэта ўсё не цікавіць – ані ўмовы, ані здароўе. Ён у вялікай крыўдзе на тое, як зь ім абышліся, і гэта галоўнае”.

На мінулым тыдні Тацяна Клімава перадала мужу ў турму перадачу – харчы й адзеньне. За месяц вязьню дазваляюць атрымаць дзьве такія перадачы – на 15 кіляграмаў кожную. Другую перадачу Тацяна плянуе перадаць у канцы красавіка.

Тацяна Клімава пакуль не зьвярталася да сьледчага пракуратуры, каб даў спатканьне з мужам. Яна патлумачыла прычыны:

“Мой стан здароўя не дазваляе мне ўступаць у кантакты з прадстаўнікамі гэтай установы. Проста баюся, што магу ня вытрымаць”.

Сьледчы менскай пракуратуры Анатоль Гадун, які расьсьледуе справу Андрэя Клімава, па-ранейшаму ад камэнтару адмаўляецца. Гэтаксама і дзяжурны Менскага сьледчага ізалятару не паведамляе падрабязнасьцяў пра ўмовы ўтрыманьня Андрэя Клімава.

Андрэй Клімаў раней адбыў болей за чатыры гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў эканамічных злачынствах, а пасьля 15 месяцаў “хіміі” за арганізацыю вулічнай акцыі пратэсту.

Гэтым разам Андрэя Клімава вінавацяць у закліках скінуць уладу. Палітыку пагражае 3 гады зьняволеньня — але ён не прызнае сябе вінаватым і, паводле адвакаткі Кацярыны Дудко, адмаўляецца ўдзельнічаць у сьледчых дзеяньнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG