Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маладафронтаўцы віншуюць Барадуліна і Арлова


Любоў Лунёва, Менск Сёньня актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” наведаюць палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, каб павіншаваць іх з Вялікодным сьвятам. Маладафонтаўцы, большасьць зь якіх з’яўляюцца вернікамі розных хрысьціянскіх канфэсіяў, выказваюць ім падзяку за падтрымку сяброў арганізацыі.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” наведаюць Рыгора Барадуліна, Аляксандра Мілінкевіча, Уладзіміра Арлова ды іншых грамадзкіх дзеячоў, каб павіншаваць іх са сьвятам. Яны падрыхтавалі падарункі – фарбаваныя яйкі і паштоўкі, якія дзяўчынкі зрабілі сваімі рукамі. Зьміцер Хведарук, якога хутка будуць судзіць за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, распавёў “Свабодзе”:

“Мы вырашылі абыйсьці ў гэты сьвяточны дзень вядомых палітыкаў, вядомых пісьменьнікаў, літаратараў такіх як рыгор Барадулін, Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімір Арлоў ды яшчэ некаторых выбітных асобаў з фарбаванымі яйкамі, з нашымі фірмовымі падарункамі, каб яшчэ раз зазначыць, што сьвята Вялікдзень – сьвята Адраджэньня, сьвята Свабоды, сьвята вясновага абуджэньня Беларусі”.

Людміла Атакулава разам з некалькімі дзяўчатамі з паперы вырабляла паштоўкі.

“Гэтыя паштоўкі зробленыя з паперы з матывамі Вялікадня, з яйкамі, з птушачкамі, сонейкам і вясновым настроем. Думаю, ім будзе гэта вельмі прыемна. Акрамя таго, такія ж паштовачкі накіравалі палітвязьням, каб яны не забываліся пра Вялікдзень”.

Уладзімір Арлоў шмат увагі надаваў маладафронтаўцам. Ён наведваў актывістаў “Маладога фронту” у Салігорску, Жодзіне, Менску, калі тыя трымалі галадоўку. Некалькі разоў наведваў Паўла Севярынца ў вёсцы Малое Сітна, дзе хлопец адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004. Наведваў Артура Фінькевіча, калі той трапіў на “хімію” за палітычныя графіці.

“Я з велізарнай любоўю стаўлюся да “Маладога фронту”. Думаю, што гэта тыя людзі, за якімі будучыня Беларусі. Я рады любым кантактам з гэтымі маладымі людзьмі, зь якімі я летась быў побач на пляцы Каліноўскага”.

Большасьць актывістаў “Маладога фронту” належаць да праваслаўнай канфэсіі. Зьміцер Дашкевіч, які адбывае пакараньне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі ў Шклоўскай турме, і Барыс Гарэцкі, якога хутка будуць судзіць паводле аналягічнага абвінавачаньня, -- пратэстанты. Шмат хто з маладафронтаўцаў сьвядома сталі вернікамі-хрысьціянамі , нягледзячы на тое, што выхоўваліся ў атэістычных сем’ях. Сёньня, як і ў нядзелю, яны спачатку наведаюць царкву, а адтуль пойдуць віншаваць вызначаных асобаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG