Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кацярыне Садоўскай у калёніі не даюць інсуліну


Алег Грузьдзіловіч, Менск Хто не дазволіў Мікалаю Статкевічу наведаць бацьку на Вялікдзень? Кацярына Садоўская паведамляе пра праблемы з мэдыкамэнтамі ў гомельскай жаночай калёніі. Які працоўны дзень лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча ў калёніі? Аляксандру Казуліну яшчэ месяц дазволілі дыетычнае харчаваньне.

Адпачынак на Вялікдзень дазволілі маладзёваму лідэру Паўлу Севярынцу, які адбывае “хімію” ў Полацкім раёне на мяжы з Расеяй і да бацькоў прыяжджае ў Віцебск. А вось Мікалая Статкевіча з “хіміі” на Вялікдзень не адпусьцілі. Палітык разьлічваў наведаць хворага бацьку, які жыве ў Баранавічах, але дазволу не атрымаў. Хто да гэтага спрычыніўся? Мікалай Статкевіч мае асабістую вэрсію:

Статкевіч: “Як я зразумеў, ініцыятыва забароны сыходзіць зь мясцовага КДБ, які робіць запыт ва ўправу КДБ па Менску і Менскай вобласьці, а адтуль звычайна паступае адмова. Мне стала вядома, што пазыцыя КДБ паўстае на тым, каб мяне нікуды да канца тэрміну не выпускаць”.

“Уся турма толькі айчыннымі лекамі лечыцца”

Чарговы ліст прыйшоў дамоў ад Кацярыны Садоўскай, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі. Праваабаронца піша, што ў калёнію прывезьлі новую групу асуджаных жанчын, і зараз некаторыя вязьні сьпяць у калідоры, бо месцаў у пакоях не хапае. Сярод асуджаных шмат жанчын сталага веку, у тым ліку старэйшыя за 70 гадоў, якія фізычна ня могуць забрацца на другі ярус ложкаў, дзе атрымалі месцы. Ёсьць і іншыя праблемы – у тым ліку з мэдыкамэнтамі замежнай вытворчасьці.

“Піша, што не хапае лекаў. Інсулін ёй замянілі на лекі айчыннай вытворчасьці, і нешта ў яе захварэлі ногі. Уся турма толькі айчыннымі лекамі лечыцца, замежных лекаў не даюць зусім”.

Працоўны дзень Зьмітра Дашкевіча– 10 гадзін

Мінулым разам мы паведамлялі пра новыя праблемы ў лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча: яго перавялі на цяжкую фізычную працу, абмяжоўваюць ягоныя кантакты з іншымі вязьнямі. З апошняга ліста Зьмітра дамоў сталі вядомы некаторыя падрабязнасьці. Маці палітвязьня Вольга Васільеўна цытуе ліст сына адносна ягонага распарадку дня.

“Пісаць пра мой працоўны дзень няма сілаў, і там асабліва нічога цікавага няма. Пад’ём у 6 раніцы, з 8 да 18 вечара працоўны дзень, а 22-ой вечара адбой. А калі няма сілаў, то і раней”.

“Колькі ж цягнецца працоўны дзень у майго сына на лесапільным участку?”, – задае пытаньне бацька вязьня Вячаслаў Дашкевіч. Паводле ягоных падлікаў, ня меней за 10 гадзін.

Актывіст Маладога Фронту Артур Фінькевіч атрымаў невялікае паслабленьне ў рэжыме: юнаку дазволілі вяртацца з працы не цягам 15 хвілін, як было раней, а на паўгадзіны болей. Гэта дае магчымасьць вырашаць некаторыя бытавыя праблемы: набываць харчы, лекі, тавары быту.

“Выхад з такой працяглай галадоўкі мінімум можа працягвацца да лета”

Яшчэ на месяц працягнулі рэжым выхаду з галадоўкі для Аляксандра Казуліна. Нагадаю, гэты рэжым дазваляе вязьню атрымліваць адмысловае дыетычнае харчаваньне і не працаваць, але ўсе іншыя патрабаваньні турэмнай дысцыпліны з Казуліна ня зьнятыя. Адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч заўважае, што турэмны рэжым выхаду з галадоўкі не дапамог ягонаму падабароннаму набраць вагу, страчаную падчас працяглай галадоўкі: за месяц пасьля таго, як Казуліну забаранілі прымаць харчовыя перадачы з дому, ён набраў толькі адзін кіляграм.

“Варта згадаць, што яшчэ напачатку мэдыкі папярэджвалі, што выхад з такой працяглай галадоўкі мінімум можа працягвацца да лета, прычым на волі, а ён жа не на волі, не ў санаторыі, а ў калёніі. Таму цяжка прадказаць, што будзе далей, але варта зазначыць, што пакуль пазытыўных зьменаў няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG