Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Анціпенка: “Для мяне сэнс жыцьця ў творчасьці і прысутнасьці”


Вольга Караткевіч, Прага Госьцем Начной Свабоды - філёзаф Алесь Анціпенка, сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябра Рады Беларускага ПЭН-цэнтру, кіраўнік "Беларускага калегіюму".

Караткевіч: "Якое для вас самае складанае пытаньне ў сучаснай Беларусі?"

Анціпенка: "Гэта, напэўна, нашыя бліжэйшыя нацыянальныя пэрспэктывы, тое, якім чынам вырашыцца гэтая новая сытуацыя, і палітычная, і эканамічная. Сур''ёзнасьць і маштабы будучых эканамічных цяжкасьцяў, відаць, будуць адчувацца напрыканцы гэтага году. Так што мы ўступаем у вельмі сур''ёзную фазу пераходу да новых рэаліяў”.

Караткевіч: "Вы працуеце экспэртам у Беларускай асацыяцыі журналістаў. Наколькі, на вашую думку, інфармацыйная прапанова ў Беларусі адпавядае патрэбам грамадзтва”.

Анціпенка :"Калі гаварыць пра дзяржаўныя мэдыі, то тут адна сітуацыя, калі пра недзяржаўныя, то – абсалютна іншая. Але я думаю, што ёсьць пэўны дэфіцыт інфармацыі, існуе нейкі зазор паміж тым, што хацелі б пачуць альбо ўбачыць беларусы, і тым, што яны маюць.

Дарэчы, мы ўжо былі сьведкамі, як рэагавалі маладыя людзі на асьвятленьне падзеяў у дзяржаўных СМІ на Кастрычніцкай плошчы год таму. Гэта паказвае на тое, што ў грамадзтве ўжо паўсталі новыя запатрабаваньні і новыя бачаньні таго, як мэдыі і журналісты, кіруючыся прафесыйнымі стандартамі, мусяць асьвятляць тыя ці іншыя падзеі”.

Караткевіч: "Беларускія апазыцыйныя палітыкі гавораць аб тым, што адсутнасьць доступу да інфармацыі – гэта адна з прычын таго, што грамадзтва інэртнае ў дачыненьні да зьменаў. Ці пагаджаецеся вы?"

Анціпенка: "Праблема з доступам да інфармацыі ёсьць, і яна сур''ёзная. Але я б не лічыў, што ўсё можна зьвесьці да гэтай праблемы, бо мы існавалі да апошняга часу ў грамадзтве, у якім не было рэальнай запатрабаванасьці ў альтэрнатыўнай інфармацыі. Калі большасьць грамадзян знаходзіць сябе ў сітуацыі пэўнага эканамічнага камфорту, а калі ўзяць пад увагу і тое, што цягам апошніх 2 гадоў беларускае грамадзтва прыкметна эвалюцыянавала ў бок грамадзтва спажываньня, то, безумоўна, у такой сітуацыі не існуе рэальнай патрэбы ў альтэрнатыўнай інфармацыі.

Мэдыі звычайна ў такой сітуацыі рэагуюць зьменай свайго зьместу. Запатрабаванымі робяцца забаўляльныя праграмы, жоўтая прэса. Падае цікавасьць да розных праблем, якія ёсьць як у самім грамадзтве, так і за яго межамі. І гэтак адбываецца заўсёды, калі ў грамадзтве настае пэўная стабільнасьць, і людзі маюць пазытыўныя чаканьні адносна будучыні. Гэта ў нас было, але такая сітуацыя ўжо завершаная”.

Караткевіч : "Алесь, вы абаранілі дысэртацыю па сацыяльнай экалёгіі. Што гэта такое?"

Анціпенка: "Тыя праблемы, якія мы называем экалягічнымі,– гэта вынік разьвіцьця чалавечай цывілізацыі ці, больш дакладна, – вынік несупадзеньня, сутыкненьня "лёгік" дзьвюх розных сыстэмаў. Адна зь іх – чалавечая цывілізацыя, а другая – біясфэра, прырода. Глябальныя зьмены клімату ды розныя лякальныя катаклізмы, якія мы сёньня назіраем, паказваюць на канфлікт гэтых дзвюх сістэм. Да таго ж, у выніку жахлівага забруджваньня біясфэра паступова страчвае здольнасьць да самааднаўленьня, гэта значыць, да прадукаваньня жыцьця ў вялікай разнастайнасьці біялягічных відаў, якія можна прыраўняць да цаглінак, з якіх складваецца наша жыцьцё. А таму няцяжка прадбачыць, што, калі мы з велічнай піраміды жыцьця будзем і надалей выцягваць адну цаглінку за другой, дык некалі абрынецца і ўсё збудаваньне. Сацыяльная экалёгія – гэта як раз і ёсьць тая дысцыпліна, якая і вывучае працэсы ўзаемадзеяньня прыродных і сацыяльных сістэм".

Караткевіч: "Гэта праўда, што вас звольнілі з Інстытуту філязофіі і права за антысавецкія выказваньні?"

Анціпенка: "Мяне не звольнілі. Мяне пачалі сыстэмна паніжаць у пасадзе. Я быў старэйшым навуковым супрацоўнікам, мяне зрабілі проста супрацоўнікам, і я вырашыў не чакаць, пакуль мяне ўвогуле звольняць. Адам Мальдзіс у гэты час шукаў загадчыка аддзела так што я без праблем “эміграваў” у Скарынаўскі цэнтар і там працаваў да таго, часу пакуль ня быў запрошаны ў Беларускі фонд Сораса”.

Караткевіч: “Многія адзначаюць, што менавіта дзякуючы вам фонд Сораса былі рэалізаваў многія беларускія праекты. Як вы лічыце, што варта цяпер падтрымліваць цяпер у Беларусі, калі йдзе гаворка пра замежныя праекты: культуру, мэдыі ці апазыцыйных палітыкаў".

Анціпенка: "Калі мы гаворым пра культуру і мэдыі, то тут няможна сказаць альбо культура –альбо медыі, бо культура – гэта тая прастора, у якой паўстаюць і фармуюцца розныя новыя сэнсы ды значэньні таго, што адбываецца ў грамадзтве. Культура як механізм фармаваньня новых сэнсаў і значэньняў у значнай ступені вызначае і пэрспектывы развіцьця грамадзтва. Таму калі мы падтрымліваем мэдыі і не падтрымліваем культуру, то ў выніку мы страчваем больш шырокае разуменьне сэнсу грамадзтва і нашага сацыяльнага жыцьця. І культура, і мэдыі павінны мець сур''ёзную падтрымку. Бо пэрспэктывы і новыя разуменьні сітупацыі фармуюцца спачатку ў галовах прадстаўнікоў культурніцкай, інтэлектуальнай эліты і толькі потым робяцца фактам публічнай сьвядомасьці. Журналісты і мэдыі адыгрываюць ў дадзеным выпадку ролю мультыплікатараў, яны па-просту распаўсюджваюць ідэі, паўсталыя ў галовах людзей, што належаць да інтэлектуальных і культурніцкіх элітаў”.

Караткевіч: "У часе апытаньня ў Менску людзі зазначалі, што хацелі б запытаць у філёзафа, у чым сэнс жыцьця. Што б ім адказалі?"

Анціпенка: "Не навязваючы сваю думку, я адказаў бы так. Для мяне сэнс жыцьця ў творчасьці і прысутнасьці. Творчасьць адкрывае для нас нас саміх, адмыкае сэнс у рэчах, адкрывае гэты сьвет для нас і ўрэшце надае нашаму жыцьцю вялікі сэнс. Я думаю, што менавіта творчы чалавек мае найбольшы шанец наблізіцца да першароднага чалавека. Гэта значыць, наблізіцца да таго чалавека, які створаны на ўзор і падабенства Божае. Бог – гэта перадусім творца. І калі чалавек таксама імкнецца да творчасьці, то ён прыпадабняецца да Бога, выяўляе сваё боскае паходжаньне".

Караткевіч: “Я ведаю, што самай мудрай жывёлай вы лічыце бабра. У вас нават ёсьць твор пра бабра, верш...”

Анціпенка: "Гэта не твор, гэта два радкі. Я лічу, што калі шукаць нейкіх жывёл блізкіх па мэнтальнасьці беларусам, то для мяне такімі сымбалічнымі істотамі беларусаў зьяўляюцца бабры. Калісьці я напісаў два радкі: “Мудры народ наш бабёр, апладніўся, пажыў і памёр”.

Караткевіч: "На хвалях Свабоды гучыць перадача "Ў што я веру". У што верыце вы?”

Анціпенка: “Я веру перадусім у Бога, у тое, што чалавек – гэта істота, якая не ведае ўсіх глыбіняў свайго я, што ён здатны на высокія творчыя зьдзяйсьненьні, і што ён некалі зможа зразумець не толькі сабе падобных, але і іншыя жывыя істоты. Калі яму гэта ўдасца, то гэта будзе адна з падвалін у вырашэньні экалягічнай праблемы, якую мы таксама закраналі ў нашай гутарцы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG