Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычны крызіс пагоршыў інвэстыцыйную прывабнасьць Украіны


Тацяна Поклад, Прага Супрацьстаяньне паміж галінамі ўлады ў Кіеве працягваецца і дасягнула крытычнага моманту. Канфлікт мае вырашыць Канстытуцыйны суд, у які дэпутаты Вярхоўнай Рада Ўкраіны накіравалі запыт адносна законнасьці ўказу прэзыдэнта Віктара Юшчанкі аб роспуску парлямэнту і датэрміновых выбарах.

Крызыс ва Ўкраіне дае прыклад праблем, зь якімі сутыкаюцца парлямэнцкія сыстэмы, калі дэпутаты зьмяняюць сваю палітычную арыентацыю. У краінах з даўнімі традыцыямі дэмакратыі існуюць адмысловыя мэханізмы для ўрэгуляваньня падобных сытуацыяў.

Гаворка пра сытуацыі, калі асобныя дэпутаты пераходзяць з апазыцыі ў кіруючую кааліцыю. Існуюць розныя падыходы, але так званыя старыя дэмакратыі, дазваляючы парлямэнтарам зьмяняць палітычную арыентацыю, маюць і моцныя мэханізмы для прадухіленьня крызісаў. У Кангрэсе ЗША, да прыкладу, дзейнічаюць так званыя “whips” – так называюць людзей, праца якіх у партыі літаральна палягае ў тым, каб прымушаць абраных дэпутатаў прытрымлівацца пазыцыі сваёй партыі. Напярэдадні галасаваньня яны інфармуюць лідэраў пра тое, колькі дэпутатаў застаюцца ляяльнымі, колькі – не, далей лідэр дзейнічае адпаведна сытуацыі. Такім чынам прадухіляюцца крызысныя сытуацыі.



Амэрыканскае эканамічнае выданьне “The Wall Street Journal” піша сёньня, што палітычны крызыс ва Ўкраіне спыняе інвэстыцыі і пагражае працэсу выздараўленьня ўкраінскай эканомікі, які пачаўся летась. Украіна з насельніцтвам у 48 мільёнаў чалавек гуляе важную ролю ў рэгіянальнай стабільнасьці і гандлі энэрганосьбітамі, празь яе тэрыторыю праходзіць 80 працэнтаў экспарту расейскага газу.

Пасьля ўказу прэзыдэнта Віктара Юшчанкі аб роспуску парлямэнта былі адкладзеныя некалькі інвэстыцыйных праектаў, у іх ліку крэдыт на 300 мільёнаў даляраў, які украінская чыгунка мела намер узяць у банка Barclays Capital, праект рэканструкцыі асноўных дарог краіны, кантракт на 189 мільёнаў даляраў з кампаніяй Hutchinson Whampoa Ltd. для будаўніцтва партовага кантэйнэрнага тэрміналу.

Марк Чэмпіён (Marc Champion) з The Wall Street Journal з адзначае, што хаця пра-расейскі прэм’ер Віктар Януковіч “не зрабіў вялікіх эканамічных зьменаў, як гэта хацелася б заходнім інвэстарам, але большая стабільнасьць пры яго кіраваньні ажывіла інвэстыцыі. Паводле The Wall Street Journal, “цяжка зразумець, як змогуць новыя магчымыя выбары палепшыць інвэстыцыйны клімат ва Ўкраіне” і “найбольш верагодным вынікам новых выбараў будзе новы ўрад на чале з Януковічам, і хутчэй за ўсё, далейшая барацьба”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG