Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь 1996-га і Ўкраіна 2007-га – падабенствы і адрозьненьні


Уладзімер Глод, Менск Падзеі ва Ўкраіне, дзе прэзыдэнт Віктар Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду і прызначыў датэрміновыя выбары, даюць падставу зьвярнуцца да сытуацыі ў Беларусі. Восеньню 1996 году тут таксама было відавочнае супрацьстаяньне: з аднаго боку кіраўніка дзяржавы і з другога – тагачаснага парлямэнту – Вярхоўнага Савету XIIІ скліканьня.

Прэзыдэнцтва праводзілі пайменным галасаваньнем

Да 1994 году Беларусь была парлямэнцкай рэспублікай. Гэта азначае, што найвышэйшая ўлада ў краіне належала менавіта парлямэнту – на той час аднапалатнаму Вярхоўнаму Савету. Але ён пад ціскам дэпутатаў, якія арыентаваліся на тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча, прагаласаваў за пераход да прэзыдэнцтва.

Рабілася гэта так – дэпутаты разглядалі праект новай Канстытуцыі. Спачатку яны галасавалі за яе розныя разьдзелы. Самымі апошнімі прымаліся разьдзелы пра формы ўлады, таму што тут ініцыятары прэзыдэнцтва доўгі час ніяк не маглі набраць неабходных дзьвюх трацін галасоў.

Юрась Беленькі: “Зянон Пазьняк, астатнія сябры апазыцыі казалі: беларускае грамадзтва ня можа пайсьці на прэзыдэнцкую форму ўлады, бо няма традыцыяў дэмакратыі”.
"І тады яны пайшлі на несумленны крок – зрабілі пайменныя бюлетэні, дзе фіксаваліся імя і прозьвішча дэпутата, –згадвае дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Юрась Беленькі. – І толькі праз такія бюлетэні яны і здолелі правесьці разьдзел пра прэзыдэнцтва”.

Чаму дэмакратычныя дэпутаты, перадусім з фракцыі БНФ, не прымалі прэзыдэнцкай формы ўлады?

“Зянон Пазьняк, астатнія сябры апазыцыі казалі: беларускае грамадзтва ня можа пайсьці на прэзыдэнцкую форму ўлады, бо няма традыцыяў дэмакратыі, няма разьвітых інстытутаў дэмакратыі, няма рэальнага падзелу ўладаў, – працягвае Юрась Беленькі. – І таму пры ўвядзеньні прэзыдэнцтва з моцным прэзыдэнтам відавочна адбудзецца захоп прэзыдэнтам усёй улады ў краіне. Што і здарылася”.

Канфлікт паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам, цяпер ужо Вярхоўным Саветам XIII скліканьня, выліўся ў вядомае супрацьстаяньне са спробай аб’явіць імпічмэнт Лукашэнку, з прыездам гэтак званых міратворцаў з Масквы (Чарнамырдзіна, Строева, Селязьнёва). Завяршылася ўсё гэта так званым лістападаўскім рэфэрэндумам 1996 году, ліквідацыяй Вярхоўнага Савету (парлямэнту) і стварэньнем Палаты прадстаўнікоў, куды дэпутаты не абіраліся, а былі прызначаныя кіраўніком дзяржавы.

У беларускі канфлікт не былі замяшаныя замежныя партнэры

Дэпутат Вярхоўнага Савету XIII скліканьня Ўладзімер Нісьцюк лічыць, што паміж падзеямі больш чым дзесяцігадовай даўнасьці ў Беларусі і цяперашнімі ва Ўкраіне падобнага мала:

Уладзімер Нісьцюк: “Агульнае толькі адно – на постсавецкай прасторы людзі, якія прыходзяць да ўлады, вельмі ня хочуць будаваць гэтую ўладу дэмакратычна”.
“Ва Ўкраіне адбыўся канфлікт паміж структурамі, якія ўжо даўно ва ўладзе, якія маюць як фінансавыя магчымасьці, так і людзкія рэсурсы. А тое, што адбылося ў нас ў 1996 годзе, было вельмі неўранаважанае. Усё было ў руках аднаго чалавека, і нічога не было ў руках другога боку, акрамя тых 150-200 чалавек, якія прыходзілі на плошчу, каб нас падтрымаць.

Па-другое, у нашую сытуацыю не былі так актыўна замяшаныя замежныя партнэры. Ва Ўкраіне ёсьць бок, які вельмі актыўна падтрымліваецца Расеяй, і ёсьць бок, які падтрымліваецца Захадам. У нас такога таксама не было. Таму што Вярхоўны Савет ня меў падтрымкі – ні з Захаду, ні з Усходу. Падтрымку меў толькі адзін бок. Таму ўсё так лёгка адбывалася ў 1996 годзе”.

І ўсё ж, ці ёсьць нешта агульнае паміж падзеямі ва Ўкраіне цяпер і ў Беларусі 10 з паловай гадоў таму? З гэтым пытаньнем зьвяртаюся да Ўладзімера Нісьцюка.

“Агульнае толькі адно – на постсавецкай прасторы людзі, якія прыходзяць да ўлады, вельмі ня хочуць будаваць гэтую ўладу дэмакратычна, – гаворыць Нісьцюк. – Ніхто ня хоча, каб адной галіне ўлады супрацьстаяла ў якасьці балянсу другая. Усе хочуць мець уладу ў адных руках. Усе добра разумеюць, што гэта савецкі сындром. Каб яго перажыць, трэба хаця б стагодзьдзе пажыць у новых умовах. На жаль, гэта савецкае жаданьне быць генсекам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG