Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэальны заробак беларусаў за 4 месяцы зьнізіўся на 6 %


Іна Студзінская, Менск Паводле інфармацыі Міністэрства статыстыкі і аналізу, у Беларусі ў лютым гэтага году параўнальна са студзенем адзначана зьніжэньне сярэдняга налічанага заробку. У рэальным вылічэньні (з улікам росту спажывецкіх цэнаў) у лютым заробкі паменшыліся на 1,3 працэнта параўнальна са студзенем, на 10,9 працэнта – параўнальна са сьнежнем.

Чаму зьніжаецца рэальная заробная плата?

Эканамічны аглядальнік тыднёвіка “Белорусы и рынок” Канстанцін Скуратовіч лічыць, што зьмяншэньне заробкаў на пачатку году – рэч звычайная, бо пры канцы году людзям почасту выплачваюць прэміі, даплаты:
Канстанцін Скуратовіч: “Cёлета гэтае зьніжэньне было больш значнае, чым у мінулыя гады”.


“А ў лютым ужо за кошт падаткаў, за кошт пераходу на звычайныя графікі, за кошт таго, што з пачатку году ўмовы вытворчасьці і рэалізацыі прадукцыі толькі ўсталёўваюцца, прыбыткі прадпрыемстваў зьмяншаюцца. І памяншаюцца заробкі ў тых, у каго зарплаты залежаць ад выпрацоўкі. Але менавіта сёлета гэтае зьніжэньне было больш значнае, чым у мінулыя гады”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў таксама адзначае сэзонныя ваганьні заробкаў:

“У сьнежні заробкі заўсёды даволі высокія, таму што з вынікаў году на прадпрыемствах выдаюць павышаную зарплату. А вось люты – месяц кароткі, працоўных дзён менш, таму й заробкі людзі атрымалі крыху меншыя. Але ў сапраўднасьці паніжэньне ёсьць”.

Я папрасіла Леаніда Злотнікава спрагназаваць, ці адбудзецца блізкім часам рост заробкаў. На думку эканаміста, сёлета заробкі не павысяцца.

“Мяркую нават, што й зьнізяцца. Я маю на ўвазе, што крыху панізяцца рэальныя заробкі”, – лічыць Леанід Злотнікаў.

Як тым часам людзі ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча? Гутару зь менчукамі.

Карэспандэнтка: “Ці памятаеце вы, калі апошні раз вам падвышалі заробак?”

Спадарыня: “Ой, нават і не прыгадаю калі. Не памятаю. Мабыць, даўно, калі ня памятаю”.

Спадарыня: “Квартплата вельмі высокая, цэны ў крамах растуць з кожным днём”.
“А хіба ў нас таньней нешта станавілася? Цэны толькі падвышаюцца”.


Карэспандэнтка: “А заробак вам калі падвышалі?”

Спадарыня: “Ой, год таму, здаецца. Нават і не памятаю дакладна. Пэнсіі не падбаўляюць, заробкаў таксама не падвышаюць”.

Дзяўчына: “Адразу ў студзені адчулі пагаршэньне. Варта было толькі прыйсьці ў краму. За апошнія чатыры месяцы значна вырасьлі цэны, прыходзяць квіткі за кватэру таксама ўсё з вышэйшай і вышэйшай сумай”.

Спадар: “Канечне, горш стала. Квартплата падвысілася, цэны паўсюль узьняліся, а пэнсіі, заробкі стаяць на месцы”.

Карэспандэнтка: “А што, зарплаты не дабавілі?”

Спадар: “Ясна, што не! Пра што гаворка? Вы што, самі ня ведаеце?”

Спадарыня: “А хіба ў нас таньней нешта станавілася? Цэны толькі падвышаюцца”.

Карэспандэнтка: “А заробкі?”

Спадарыня: “Засталіся такія ж самыя”.

Эканамічны аглядальнік Канстанцін Скуратовіч выказаў меркаваньне, што сытуацыя з выплатай заробкаў можа ўскладніцца:

“І можа такая сытуацыя скласьціся, асабліва ў паліўнай прамысловасьці, у прамысловасьці будаўнічых матэрыялаў, калі прадпрыемствы апынуцца без абарачальных сродкаў. Па-другое, ім ня будзе нават хапаць грошай на выплату заробкаў. І давядзецца, як рабілі раней, браць у банкаў крэдыты, каб выплаціць людзям заробкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG