Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стэфан Эрыксан: “Беларусь – эўрапейская краіна”


Вольга Караткевіч, Прага Госьцем "Начной Свабоды" 3 красавіка быў кіраўнік аддзяленьня пасольства Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан. Стэфан Эрыксан нарадзіўся ў 1962 годзе непадалёк ад Стакгольму, скончыў Інстытут эканомікі й гандлю. Працаваў у Міністэрстве замежных справаў Швэцыі, у Маскве, у Брусэлі й Санкт-Пецярбурзе. У Менску ад 2005 году.

Караткевіч: “Скажыце, Стэфан, калі вы ўпершыню даведаліся пра Беларусь?”

Эрыксан: “Напэўна, гэта адбылося ў 1972 годзе, калі на Алімпіядзе ў Мюнхэне зьявілася Вольга Корбут зь Менску. Тады я ўпершыню даведаўся пра Беларусь”.

Караткевіч: “Што паспрыяла таму, што вы сталі болей цікавіцца Беларусьсю?”

Эрыксан: “Так атрымалася ў жыцьці, што я стаў займацца Ўсходняй Эўропай. Я шмат часу правёў у былым Савецкім Саюзе і ў тым ліку ў Беларусі”.

Караткевіч: “Якія складанасьці спачатку паўсталі перад вамі, калі вы прыступалі да дыпляматычнай місіі ў Беларусі?”

Эрыксан: “Былі некаторыя рознагалосьсі, скажам так. Але я б ня стаў перабольшваць гэтыя складанасьці. Увогуле, ёсьць узаемапаразуменьне зь беларусамі, зь людзьмі, зь якімі я сустракаюся ў Беларусі. Праблемаў няма”.

Караткевіч: “Беларускі побыт – ці лёгка было швэду прыстасавацца?”

Эрыксан: “Для мяне таксама няма вялікіх праблемаў зь беларускім побытам. Магчыма таму, што я жыву такім адасобленым жыцьцём – жыву ў цэнтры Менску, працую ў цэнтры Менску. Для мяне гэта не праблема”.

Караткевіч: “Дзе і як вы пачалі вывучаць беларускую мову?”

Эрыксан: “Я пачаў вывучаць беларускую мову, калі яшчэ працаваў у Санкт-Пецярбурзе. Так, пасьпеў атрымаць 10-15 урокаў. Але сур’ёзна – толькі пасьля верасьня 2005 году, калі прыехаў працаваць сюды, у Менск. Я маю выдатную выкладчыцу, якая прыходзіць два разы на тыдзень, і такім чынам я вывучаю мову”.

Караткевіч: “Вы перакладалі апавяданьне Васіля Быкава “Сьцяна” ды эсэ Ўладзімера Арлова “Незалежнасьць – гэта...” Спадар Эрыксан, што такое незалежнасьць, на вашую думку?”

Эрыксан: “Незалежнасьць... Ну калі будзем гаварыць пра краіну, то гэта, відаць, калі краіна мае магчымасьць вырашаць свой лёс і свае пытаньні самастойна. Канечне ж, усе мы залежым ад астатняга сьвету ў нечым. Але ж асноўнае – гэта калі краіна й народ самі свой лёс вырашаюць”.

Караткевіч: “Беларусы называюць сябе эўрапейскай нацыяй. На вашую думку, у чым эўрапейскасьць беларускай нацыі, у чым яе адметнасьць?”

Эрыксан: “Гэта асобнае пытаньне – што такое эўрапейскасьць. Для мяне відавочна, што Беларусь ёсьць эўрапейскай краінай, бо мне падаецца, што большасьць эўрапейскіх каштоўнасьцяў для нас аднолькава важныя”.

Караткевіч: “Як вы патлумачыце такую актыўную пазыцыю Швэцыі ў супрацоўніцтве зь Беларусьсю?”

Эрыксан: “Я лічу, што гэта дастаткова натуральна, бо мы амаль што суседнія краіны. Швэцыя мае такія трывалыя традыцыі супрацоўніцтва з рознымі краінамі. І калі пачаліся перамены ў Савецкім Саюзе ў пачатку 1990 гадоў, тады шмат сталі разьвіваць кантакты. Спачатку з краінамі Балтыі, а наступным крокам стала Беларусь, Украіна, Расея. Так мы разьвіваем нашыя сувязі з гэтымі краінамі”.

Караткевіч: “Якія швэдзкія праекты ў Беларусі вы лічыце найбольш удалымі?”

Эрыксан: “У нас шмат праектаў, таму сказаць цяжка, які праект самы ўдалы. Я мяркую, што перавага нашых праектаў у тым, што яны пакрываюць практычна ўсе сфэры жыцьця. Ёсьць праекты ў сацыяльнай сфэры, ёсьць праекты зь недзяржаўнымі арганізацыямі, ёсьць праекты ў галіне экалёгіі. То бок мы працуем вельмі шырока, і гэта самае галоўнае”.

Караткевіч: “Зь беларускай культуры, музыкі, літаратуры – што вы лічыце найбольш канкурэнтаздольным для Эўропы?”

Эрыксан: “Я лічу, што культура любога народу, любой краіны робіцца для самога народу. Таму казаць пра канкурэнтаздольнасьць, напэўна, цяжка, але, канечне, любая культурная зьява, якая вылучаецца аўтэнтычнасьцю, самабытнасьцю, арыгінальнасьцю можа быць цікавай для іншых краінаў. Мне падаецца, што ў музыцы і літаратуры ёсьць шмат цікавага, што беларускай культура можа прапанаваць эўрапейскім ды іншым краінам”.

Караткевіч: “Неяк Аляксандар Лукашэнка сказаў, што для яго ўзорам швэдзкі сацыялізм. Якія цяпер самыя галоўныя сацыяльныя праблемы ў Швэцыі. Што варта абмінуць і што варта ўзяць за прыклад?”

Эрыксан: “Мы ў Швэцыі так ужо шмат ня кажам пра “швэдзкі сацыялізм”, але чамусьці ў былым Савецкім Саюзе пра яго вельмі часта згадваюць. Гэта 1960 – 1970-я гады, калі мы шукалі свой трэці шлях паміж камунізмам і капіталізмам. А цяпер я б не казаў, што швэдзкая мадэль нагэтулькі адрозьніваецца ад астатніх краінаў. Сацыяльныя праблемы ёсьць ува ўсіх краінах, у тым ліку і ў Швэцыі. Ёсьць праблема старэньня краіны – шмат людзей сталага веку і меней людзей працаздольнага ўзросту. Ёсьць, канечне, праблемы, зьвязаныя зь міграцыяй, з прыбыцьцём новых грамадзянаў Швэцыі, але мы імкнёмся іх вырашаць, як можам”.

Караткевіч: “Адкуль пайшоў стэрэатып пра швэдзкую сям''ю?”

Эрыксан: “Даводзіцца адказваць і на гэтае пытаньне. Я думаю, што гэта ад 1960 – 1970 гадоў, калі адбылася так званая сэксуальная рэвалюцыя, і мы ў гэтым былі першымі. Пасьля гэтага і застаецца такі вобраз пра нас, не зусім правільны сёньня”.

Караткевіч: “На вашую думку, чым розьніцца Швэцыя ад іншых скандынаўскіх краін і якія асноўныя сымбалі Швэдзкага каралеўства?”

Эрыксан: "У нас шмат агульнага з нашымі скандынаўскімі суседзямі, ёсьць і адрозьненньні. Швэцыя – самая вялікая паводле насельніцтва. У гісторыі да нас ставіліся па-рознаму, і мы ставіліся па-рознаму да суседзяў. Мы часта ваявалі з датчанамі, Фінляндыя была часткай Швэдзкага каралеўства шмат стагодзьдзяў, таксама як і Нарвэгія. Калі гаварыць пра мовы, то ў фінаў зусім іншая мова – угра-фінская, а з датчанамі і нарвэжцамі ў нас блізкія мовы”.

Караткевіч: “Якое ваша пэрсанальнае меркаваньне: Свэнска Томтэ (Дзед-Мароз, Санта-Клаўс) усё-такі ў Швэцыі жыве перад тым, як падарункі развозіць на Новы год?”

Эрыксан: “Адзін у нас жыве, гэта напэўна. Ёсьць, гавораць, і ў Фінляндыі, ёсьць і ў Беларусі Дзед-Мароз... Я думаю, што ў кожнай краіне павінен жыць свой Дзед-Мароз ці свой Томтэн”.

Караткевіч: “У Швэцыю прыяжджае ўсё больш беларусаў, як і ў іншыя эўрапейскія краіны, у Амэрыку. Як вы думаеце, наколькі гэты працэс уплывае на сытуацыю ў самой Беларусі?”

Эрыксан: “Цяжка казаць, з аднаго боку шкада, калі людзі пакідаюць сваю краіну, з другога, мы ня супраць прымаць некаторых людзей. Як гэта будзе ўплываць на сытуацыю ў Беларусі, – будзем бачыць. Я думаю, што ёсьць шмат людзей, якія б хацелі вярнуцца ў сваю краіну, яны не назаўжды прыехалі да нас”.

Караткевіч: “А вось нейкі культурны сьлед беларусы ўжо пакінулі ў Швэцыі?"

Эрыксан: "Ёсьць некаторыя людзі, якія свой адбітак пакінулі... Ёсьць Зьміцер Плакс, які працуе на нашым радыё і вяшчае на беларускай мове. Ён і літаратар і перакладчык. Ёсьць Андрэй Катлярчук, які напісаў кнігу пра нашую агульную гісторыю”.

Караткевіч: “У вас трое дзяцей, калі я не памыляюся?”

Эрыксан: “Так”.

Караткевіч: “Ці нейкія беларускія словы яны ведаюць?”

Эрыксан: “Я заўсёды ў машыне стаўлю беларускую музыку, ім гэта не заўжды падабаецца, павінен сказаць, але некаторыя песьні ім даспадобы. "Тры чарапахі" НРМ мой хлопец з задавальненьнем слухае цяпер. Так што яны ведаюць...”

Караткевіч: “Скажыце, Стэфан, ці ёсьць у вас нейкія любімыя мясьціны ў Беларусі?”

Эрыксан: “Я пасьпеў павандраваць трохі па Беларусі, мне падабаюцца гістарычныя гарады, такія як Полацак, Пінск, Гародня. На жаль яшчэ не пасьпеў пабыць у азёрным краі, на Нарачы, кажуць, што там вельмі прыгожа”.

Караткевіч: “На нашых хвалях ёсьць перадача “Ў што я веру”. У што верыце вы?”

Эрыксан: “Я ў першую чаргу веру ў чалавека. У магчымасьці чалавека тварыць цуды, нягледзячы на некаторыя цяжкасьці і праблемы. Думаю, што чалавек здольны зрабіць шмат. Калі паглядзець, што чалавек зрабіў за апошнія стагодзьдзі, то гэта дае нагоду верыць у чалавека”.
XS
SM
MD
LG