Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: невядомыя змагаюцца супраць непраўдзівых паказаньняў на судах


Радыё Свабода У Магілёве невядомая дагэтуль арганізацыя “Патрыёты Беларусі” пачала распаўсюджваць улёткі, у якіх названыя імёны людзей, якія, нібыта, на судзе 2 красавіка далі непраўдзівыя паказаньні супраць грамадзкіх актывістаў Антона Ўсьцімчука ды Яўгена Суворава. Абодва асуджаныя Ленінскім судом Магілёва на сем сутак адміністрацыйнага арышту.

Як вынікае з распаўсюджанай інфармацыі блізу 200 ўлётак раскіданыя ў паштовыя скрынкі дамоў па вуліцы Куцепава й Маўчанскага, там дзе й жывуць сьведкі. Тэкст паведамленьня просты і ляканічны: “У вашым пад’езьдзе жыве чалавек, у якога няма, ані сораму, ані сумленьня”. Далей называецца учынак гэтага чалавека.

Высьветліць, што гэта за арганізацыя й да чаго яна імкнецца не ўдалося. Грамадзкія й партыйныя актывісты з Магілёву камэнтуюць ініцыятыву невядомай ім арганізацыі пакуль стрымана. Пры гэтым адзначаюць, што падобная ініцыятыва адзін з магчымых шляхоў барацьбы са лжэсьведкамі – суседзі павінны ведаць хто жыве побач зь імі. Гаворыць кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Уладзімер Шанцаў:

“Я мяркую дзеяньне спарадзіла рэакцыю ў адказ. Мы добра памятаем часы гістарычнага матэрыялізму, калі самвыдадаўскія матэрыялы хадзілі па руках. Яны былі надрукаваныя на машынцы. Гэта заўжды было й будзе”.

З Уладзімерам Шанцавым салідарны кіраўнік рэгіянальнай арганізацыі партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

“Я ня ведаю, хто гэта распаўсюджвае гэта. Ці правакацыя гэта, ці гэта добрыя людзі, прыхільнікі дэмакратыі. Я кажу так, досыць быць мяккімі й пушыстымі, трэба ўжо станавіцца жорсткімі і калючымі”.

Актывіст партыі БНФ Зьміцер Салаўёў кажа, што краіна павінна ведаць сваіх герояў:

Салаўёў: “Я такое падтрымліваю, але ж толькі адзінае, тэкст не павінен быць зьняважлівым для той асобы. Ён павінен несьці проста інфармацыю, бо краіна павінна ведаць сваіх герояў”.

Як будуць рэагаваць на распаўсюд такіх улётак праваахоўныя органы, цяжка сказаць. Цяжка сказаць і пра тое, на колькі яны здольныя засьцерагчы грамадзкіх актывістаў, якія зазнаюць перасьлед з боку ўлады, ад ілжэсьведчаньняў. Што да Антона Ўсьцімчука ды Яўгена Суворава – яны на волі й чакаюць перагляду рашэньня Ленінскага суду Магілёву. Іх могуць зьняволіць у любы момант.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG