Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачынаецца дачны сэзон: што для беларусаў лецішча?


Ігар Карней, Менск Раньняя вясна прысьпешыла адкрыцьцё дачнага сэзону. Пераўтвораныя ў імправізаваныя парнікі кватэры паступова вызваляюцца ад расады, а перапынкі паміж вылазкамі на лецішча становяцца ўсё карацейшымі. Як рыхтуюцца да новага сэзону грамадзяне, для каго гэта яшчэ і магчымасьць забясьпечыць харчовую праграму?

За 40 гадоў жыцьця на знакамітай пісьменьніцкай Лысай гары вядомы паэт Васіль Зуёнак стаў сапраўдным “акадэмікам агародных навук”. І сёлета на лецішча выпраўляецца як ў працяглую камандзіроўку. Разам з жонкай Валянцінай Мацьвеяўнай стала асесьці на ўчастку Зуёнкі мяркуюць тыдні праз два. А вось назад, у горад, звычайна не сьпяшаюцца – “калі толькі пад зіму”:

“Ну, ужо зьбіраюся, так. Па ўсёй кватэры стаіць на падваконьніках расада, усё расьце, зелянее. І недзе праз паўмесяца будзе ўжо ўсё на градах”.

Карней: “Іншымі словамі, цяпер паступова будзеце ўсё туды перавозіць?”

“Так, так. Усё цягнецца ўжо даўно, такая ўжо ў нас завядзёнка. І да самай глыбокай восені будзем жыць на лецішчы. Так што, прыяжджайце”.

У былога дэпутата Вярхоўнага Савету, грамадзкага дзеяча Віктара Алампіева жытло гэтаксама нагадвае вялікую цяпліцу. І калі на надзеле на яго ўскладзеная збольшага фізычная праца, то тэхналягічны працэс з вырошчваньнем расады ў руках жонкі, спадарыні Фаіны:

“Мая жонка спэцыяліст у гэтай справе, вырошчвае расаду практычна ўсю сама. Мы нічога не купляем; яна выбірае плады лепшых памідораў, перцаў, агуркоў і пасьля даводзіць іх да адпаведнага пасадачнага матэрыялу. То бок, мы ўсё вырошчваем самі. Вось бачу на падваконьніку расаду гэтых самых перцаў і капусты. Памідораў яшчэ няма, яна толькі пачынае зь імі працаваць”.

У Беларусі болей за 600 тысяч сем’яў маюць зямельны надзел ці зьяўляюцца сябрамі садовых таварыстваў ці дачных каапэратываў. Абсалютная бальшыня ўласьнікаў пабудаваліся яшчэ за савецкім часам, калі лецішча асацыявалася з шасьцю соткамі, на якія трэба было ўклініць дом і граду з агуркамі.

Старшыня Саюзу мастакоў Беларусі графік Уладзімер Басалыга сваё лецішча ў Астрашыцкім гарадку, якое суседнічае з пазагародняй рэзыдэнцыяй Аляксандра Лукашэнкі, за шмат гадоў пераабсталяваў у сапраўдны творчы куток з уласнай міні-карчмой. Тут ён ня толькі вырошчвае разнастайную садавіну ды гародніну, але й майструе, габлюе, пілуе. А ў пэрспэктыве хацеў бы зрабіць паступовы пераход ад звыклага агароду да цывілізаванага траўніка:

“Пляны цяпер будуць такія: ад кветак, безумоўна, жонка не адмовіцца. А я, відаць, усё ж буду рабіць нейкі поплаў. Газон называецца, ці траўнік”.

А вось жыхарка Менска Ірына Звонава лецішча як месца адпачынку разглядае ў апошнюю чаргу. Для яе, у якой за тры пакаленьні сям’я разраслася, але мусіць жыць на чатырох дзесятках мэтраў, лецішча -- ці не галоўны спосаб міжсэзоннага існаваньня:

“Так атрымалася, што мы, чатыры сям’і, жывём у адной кватэры на вуліцы Янкі Маўра ў Менску. Вы ўяўляеце, як увогуле могуць чатыры сям’і зьмясьціцца на 40 мэтрах? Вось і блукаем, хто куды. Таму тая бульба, тая морква, той бурак як мне, прынамсі дык прыбаўка да пэнсіі”.

Што ў дачных гісторыях найбольш непакоіць гаспадароў, дык гэта неабходнасьць на ўсю зіму пакідаць свае хаты без нагляду. Як расказвае дачнік з Хмелеўкі Сяргей Саевіч, за некалькі месяцаў адсутнасьці вельмі часта куток хтосьці абжыве. Пры гэтым прыхоплівае ня самы багаты, але ўсё ж скарб. Шанцаў знайсьці сьляды незаконных пасяленцаў практычна няма:

“Ждановіцкая міліцыя, якой нібыта падпарадкоўваецца наш каапэратыў, ад нас досыць далёка знаходзіцца. Была сытуацыя, калі разрабавалі шмат дамоў, да нас сюды прыяжджалі супрацоўнікі міліцыі, складалі пратаколы. І адзін зь іх сказаў: хлопцы, шанцаў на тое, што мы вам чымсьці дапаможам, практычна ніякіх. Чаму? Таму што напачатку сэзону мы ўсе сядзім на лецішчах і складаем перапісы скрадзеных рэчаў. Крадуць так шмат, што аддзелы міліцыі проста заваленыя кучамі заяваў і пералікамі скрадзенага”.



На здымку: “Лысагорскі” дачнік Васіль Зуёнак (фота аўтара)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG