Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барань: “У нас большасьць з інтэлектам — таму і баявыя!”


Віталь Сямашка, Барань Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Дванаццацітысячную Барань, што за восем кілямэтраў ад Воршы, самі жыхары лічаць хто рабочым пасёлкам, хто прыгарадам. Хоць гетман Вялікага Княства Літоўскага Хрыстафор Радзівіл заклаў горад на Барані амаль 410 гадоў таму.

А за савецкім часам мясьціне надалі статус гораду — бо пабудавалі тут прадпрыемства вытворчасьці вайсковых сродкаў сувязі “Чырвоны кастрычнік”.

Але цяпер лёс тагачаснага “гіганта зборкі” незайздросны — страчаны былыя вытворчыя сувязі, рынкі збыту. Няма попыту нават на міліцэйскія радыёстанцыі, якімі Барань забясьпечвала ўвесь сацыялістычны лягер, а таксама Кубу ды прасавецкія рэжымы ў Афрыцы ды Азіі. Быў год, калі ў розныя пункты плянэты іх адаслалі ажно за мільён. Згадваюць муж і жонка Ганна ды Васіль Леўчанкавы:

Леўчанкавы: “Калі было каля 9 тысяч працоўных, добра зараблялі тады. Тут быў вельмі навукаёмісты завод з мноствам людзей з інтэлектам “вышэйшым за сярэдні”. Адусюль ехалі людзі з вышэйшай адукацыяй — зь Менску, Піцеру, Варонежу. У час незалежнасьці быў абвешчаны конкурс на новую назву прадпрыемства. Выйграла гэты конкурс назва “Лёс”. І стылізаваныя літары былі чырвоным і белым збоку. Лёс Барані стаў бел-чырвона-белы…”

Ня мае назва мясцовасьці й адносінаў да вядомых жывёаўл, сьцьвярджае краязнаўца ды ўкладальнік гістарычнага даведніка пра Барань Віктар Міхасёў.



Міхасёў: “У канцы шасьцідзясятых гадоў такі быў узровень савецкага краязнаўства. Тады ствараўся заводзкі музэй, і тры інжынэры селі ды прыдумалі байку, што ехаў князь, убачыў на полі барана — і пайшла адсюль Барань. Але я ведаю асабіста тых, хто сплёў гэтую легенду. І да жывёлы, што бязьвінна вінаваціцца ў недалёкасьці, гэта ня мае ніякага дачыненьня.

У назвы ёсьць некалькі вэрсіяў. Была такая рэчка Барань. Ёсьць на Балканах Барань — па-сэрбску гэта высокае сухое месца сярод лясоў. А ёсьць дакумэнты XV—XVI стагодзьдзяў, што асноўным заняткам тут было бортніцтва — збор мёду на продаж па Дняпры, аж да Кіева”.

Лепей ведаюць бараньцы сучасную гісторыю — тут яна прайшла празь лёс большасьці насельнікаў.

У жнівеньскія дні 1991-га яны павесілі над хмарачосам заводакіраваньня вялізны плякат — “Фашызм ня пройдзе!”. У 1993-м бараньцы былі сярод першых, хто на знак пратэсту супраць падвышэньня цэнаў ды нізкіх заробкаў перакрылі чыгунку з Масквы на Берасьце.

Тады й нарадзіўся тут Свабодны прафсаюз мэталістаў. Разам зь яго цяперашнім лідэрам Васілём Леўчанкавым на вуліцы сустракаем і яго першага старшыню, 57-гадовага спадара Гурчанкава. Міхась Зьмітравіч маладзее на вачах, згадваючы той час.

Гурчанкаў: “Пайшла ўся Барань — мы арганізавалі калёны, аўтобусы вазілі. Два дні прастаялі. Адсоткаў восемдзесят рабочых было. І ўзьнік прафсаюз. На першым сходзе было восем чалавек, а пасьля — пяцьсот.

Мы паказалі людзям, што трэба змагацца за свае правы: аднаўлялі незаконна звольненых, здымалі спагнаньні. Выйгралі амаль усе суды. На ліцейцы дамагліся падняцьця расцэнак ды заробкаў. Рабілі страйкі па-італьянску — на працы быць, але нічога не рабіць”.

Сёньня “на працы быць, але нічога не рабіць” ужо мусяць завадчане “Лёсу”, якіх засталося менш за паўтары тысячы. Як тут кажуць, мэталёвых шафаў ды таксафонаў, што засталіся ў асартымэнце, у краіне не бракуе.

Факт: толькі ў сьнежні мінулага году ўпершыню за пятнаццаць гадоў папрацавалі хоць зь мізэрным прыбыткам.

Зь пяці садкоў у горадзе засталіся два. Няма дзіцячага летніка, у заняпадзе калісьці найлепшая на Віцебшчыне стадыённая пляцоўка.

Што ж да жыльля… Паслухаем лепш 33-гадовага наладчыка Віктара, што працуе на “Лёсе” ўжо восем гадоў. І столькі ж жыве ў рабочым інтэрнаце.



Віктар: “У пэрспэктыве нічога, бо гарвыканкам не выдзяляе на завод жытла. Умовы — далей няма куды. Жыльлё, як прахадны двор. Гуляньне якое — на ўвесь калідор чуваць, дзеці ня сьпяць. Узімку холадна, дзьме. У душы, як улетку, вада халодная. Дзеці на скразьняках, бывае, хварэюць.

Галоўнае — ёсьць у іншых інтэрнатах пакоі свабодныя, але не выдзяляюць. Кажуць, калі адзін дзіцёнак — “не паложана” два пакоі. А для каго іх хаваюць, ня ведаю — можа, для сваіх знаёмых”.

А былы дэпутат гарсавету спадарыня Галіна Мацюшэнка называе Барань “партовым горадам”:

Мацюшэнка: “У нас адны “марачкі” ў горадзе: вялікая колькасьць мужчын знаходзіцца на заробках, у “плаваньні” — паўгоду. Усе клопаты ў выхаваньні дзяцей кладуцца на маці. Сем’і непаўнавартасныя, бо ня маюць клопату бацькоў”.

Нават мужныя рыцары з тутэйшага клюбу “Мансальват”, які ўжо пяць гадоў узначальвае беспрацоўная швачка і маці двух маленькіх дзетак Тацяна Мухіна, зьяжджаюць.

Мухіна: “Бо будучыні няма ані рыцарскай, ані чалавечай. Паступаюць у ВНУ, у клюбы Віцебску, Менску ды Польшчы”.

Тыя ж, хто засталіся, ускладаюць адказнасьць за сытуацыю на ўладу ды асабіста на кіраўніка дзяржавы. Дарэчы, вось як вобраз прэзыдэнта з гадамі мяняўся ў 58-гадовага сьлесара спадара Мікалая Бурага:

Буры: “Як прэзыдэнта я яго паважаў — актыўны такі. Але адразу не спадабалася, як ён адмяніў тэлетрансьляцыю з парлямэнцкіх сэсіяў. Праўду мы практычна перасталі ведаць — ужо “ўсё добра”.

Пасьля, у 1997 годзе прыехаў Лукашэнка ў Барань. На круталёце прызямліўся, сустракалі адміністрацыя й купка нашых. Яму не спадабалася, што не была пастаўленая трыбуна. І ён прама ў натоўп кінуў: “Звольніць!” Вось тут я задумаўся. Ён сказаў: “Ну я вам пакажу гэтыя страйкі!”

Цяпер не падабаецца, як прэзыдэнт шпыняе ўбеленых сівізной міністраў — як хлопчыкаў. І — “Выганю, накажу!”. Занадта частыя ператрусы. Рэйтынг яго ўпаў у маіх вачах”.

Тым ня менш, палітычнае жыцьцё ў Барані віравала ды віруе. Тут ёсьць суполкі ўсіх палітычных партыяў. Апошняя ж выбарчая кампанія ў мясцовы савет, паводле назіраньняў адмыслоўцаў, была ці ня самай скандальнай у краіне.

Напярэдадні галасаваньня невядомыя распаўсюдзілі ўлёткі пра чатырох незалежных кандыдатаў, дзе яны называліся “агентамі ды паслугачамі заходніх спэцслужбаў, што жывуць на падачкі”. Дарэчы, на апошняй характарыстыцы настойвае сакратар ідэалёгіі райкаму КПБ, 79-гадовы Анатоль Касьянаў.



Карэспандэнт: “Вы сапраўды думаеце, што і бараньскіх апазыцыянэраў спэцслужбы фінансуюць?

Касьянаў: “Я ня думаю, я ведаю гэта дакладна. Канкрэтна хто колькі атрымлівае, я не магу сказаць. Але яны ж езьдзяць за мяжу на розныя сэмінары — зразумела ж, за якія грошы. Амэрыка стаіць цяпер на чале магнатаў капіталу ўсяго сьвету. Мы сабралі Савет вэтэранаў, кожнаму даручылі стварыць агітацыйную групу, надрукавалі матэрыялы…”

Калі расказаў пра сустрэчу старшыню незалежнага прафсаюзу мэталістаў Васілю Леўчанкаву, той ня мог стрымаць рогату — маўляў, вось адкуль і вушы растуць.

Дарэчы, прафсаюзнаму лідэру дасталося больш за ўсіх. Дзеля яго дыскрэдытацыі вырабілі з гумы адмысловы штамп, дзе на стылізаванай свастыкай чарнелі літары “БНФ” — гэткі штамп ставілі на Леўчанкавых перадвыбарчых матэрыялах. Аўтар гэткага вынаходніцтва нават не хаваўся, пра што спадару Васілю паведамілі рабочыя аб’яднаньня “Лёс”.

Леўчанкаў: “Рабочыя, што сядзелі з гэтым Віктарам, былым прапаршчыкам, электрыкам працуе, бачылі, як ён з гумы выразае гэтую пячатку”.

Празь месяц міліцыянты былі вымушаныя завесьці-такі супраць паклёпнікаў крымінальную справу. Але ў часе маёй вандроўкі ўжо другая справа была заведзеная супраць усё таго ж Леўчанкава. На момант эфіру судзьдзя Аршанскага гарадзкога суду Калесьнік аштрафаваў яго на 300 тысяч беларускіх рублёў. Апавядае спадар Васіль:

Леўчанкаў: “У 2005 годзе атрымаў грашовы перавод ад роднага брата на 1000 рублёў. Паводле нашага заканадаўства, гэтую суму ня трэба дэкляраваць і плаціць зь яе падаткі. А калі я падаваў дэклярацыю ў Аршанскую выбарчую камісію, пазначыў яе памер і ад каго.

Яны аддалі ў падатковую інспэкцыю на праверку, дзе высьветлілася, што запаўняў перавод ня родны брат, у якога была траўмаваная правая рука, а яго жонка. І ўжо дзейнічаў другі дакумэнт, дзе зьявілася паняцьце сваяцтва — па-расейску “свойство”, паводле якога не падлягаюць абкладаньню грошы, дасланыя і іншымі роднымі”.

Між іншым, паводле зьвестак з тае ж інспэкцыі, нявыплачаны падатак складаў бы каля 7 тысяч рублёў — у сорак разоў менш за накладзены штраф. Леўчанкаў вырашыў прайсьці ўсе судовыя інстанцыі — аж да Камісіі ў правах чалавека пры ААН.

Апазыцыя, між іншым, мае ў Барані яшчэ адзін трывалы электарат — каля трохсот прадпрымальнікаў, што працуюць у сфэры гандлю, мэблевай ды швачнай вытворчасьці. Апавядае Галіна Мацюшэнка, што ўзначальвала два гады таму прадпрымальніцкі страйкам:

Мацюшэнка: “Праблемы прадпрымальніцтва, як і ва ўсіх малых гарадах — патрэбна льготнае падаткаабкладаньне, таму што меншая колькасьць людзей, менш разьвітая інфраструктура. А гэта зьніжэньне платы за арэнду зямлі, павелічэньне работнікаў, якіх можна наймаць, — ня тры, а больш. Краіна зноў знаходзіцца ў перадстрайкавым стане. У Барані яны не выходзяць на вуліцы, але й не ідуць працаваць — сядзячы страйк”.

А ў мясцовага прадпрымальніцтва вялізныя магчымасьці. Арэнда ж гандлёвай ці працоўнай плошчы ў Барані ўдвая таньнейшая, чым у блізкай Воршы. Працягвае спадарыня Мацюшэнка.

Мацюшэнка: “Каб разьвіваць малы і сярэдні бізнэс, мы маем вялізныя свабодныя плошчы нашага заводу, на тэрыторыі якога можна было б зрабіць тэхнапарк альбо бізнэс-інкубатар. Гэта судзеяньне стварэньню камэрцыйных фірмаў, стварэньне рабочых месцаў, офісныя паслугі на льготных умовах”.

У Бараньскім гарсавеце даўнія традыцыі фракцыйнай дзейнасьці. Праўда, пасьля вышэй памянёных падзеяў ад апазыцыі ў дэпутаты прайшоў толькі сябра БСДП “Грамада” 48-гадовы Віктар Міхасёў.

Карэспандэнт: “Быць партыйцам для цябе прынцыпова?”

Міхасёў: “Канечне, хоць ва ўлётцы можна было б і не пісаць. У самой партыі працы з дэпутатамі апошнімі чатырма гадамі не вялося, нават маральнай падтрымкі не адчуваў. Прынцыповасьць у тым, што я не хачу выходзіць у каньюнктурных рэчах — “цяжка, дык бягуць”. І Казулін не паўплываў — гэта маё асабістае рашэньне. Мы выступалі на кожнай сэсіі гарсавету з ініцыятывамі. Да нас зьвярталіся жыхары, бо ведалі, што пытаньне будзе ўзьнятае”.

Мясцовым апазыцыянэрам, удалося, як кажуць, немагчымае. Ня толькі захаваць, але й надаць статус помніка прыроды мясцовага значэньня цудоўнаму парку з старымі соснамі ды кляновай алеяй, што месьціцца ў рысе гораду на тэрыторыі 10 гектараў. Былая дэпутатка ды сяброўка Партыі БНФ Ганна Леўчанкава паклала на гэта гады жыцьця ды ўсю моц душы.



Леўчанкава: “Калі была перадвыбарчая кампанія, людзі казалі: фашысты не пілавалі нашага парку, а саветы пілуюць! Міхасёва абазвалі вартаўніком — “Будуць нам указваць, 106 мільёнаў выдзелілі, мы іх засвоім!” Засвоілі паводле пляну добраўпарадкаваньня, сьпілаваўшы шэсьць векавых соснаў, бярозы, ліпы, чаромхі.

Я і Міхасёў падпісалі ліст у вядомых людзей. У нас ёсьць заключэньне Віцебскага ўнівэрсытэту — яны паглядзелі на крыжы для пілаваньня, што былі пастаўленыя на 50% соснаў ды ахалі, бо тыя добра захаваліся, хоць узрост 120—150 гадоў. Каб захаваць парк, трэба было надаць яму статус. Я зрабіла дакумэнт-прадстаўленьне. І пастанову райсавету — сказалі, рабі сама. Я зрабіла”.

У часе вандроўкі ўсё мацнела мая павага да сям’і Леўчанкавых. Павага да таго, як пасьлядоўна, пераканана дамагаюцца разгляду пастаўленых задачаў. І без ваганьняў ды страху.

Да прыкладу, Васіль Леўчанкаў перакананы, што й на гэты Дзень Волі ён зь сябрамі адзначыць сьвята на вуліцах гораду, як і мінулымі гадамі. Яшчэ адзін ягоны ўспамін.



Леўчанкаў: “Наш прафсаюзны сьцяг — на бел-чырвона-белым фоне напісана “СПМ” — Свабодны прафсаюз мэталістаў. Гэтым і адрозьніваецца ад нацыянальнага. У сем гадзін раніцы выйшаў на ўскраіну і прайшоў праз усю Барань. У канцы заўважыла мяне міліцыя, недзе сталі тэлефанаваць, але ў мяне дрэўка хутка скручваецца дзьвюма часткамі. І — пайшоў на завод.

Ахоўнік расказваў, што тэлефанавалі зь міліцыі, ці ўваходзіў са сьцягам. Сказалі, ня бачылі. Міліцыя і не прыходзіла. І ад таго, здаецца, што ў людзей такое добрае стаўленьне, улада шалее. У моладзі, дык дакладна ёсьць свая Барань, свая Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG