Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму замежныя аўтаперавозчыкі абмінаюць Беларусь?


Ігар Карней, Менск На мяжы Латвіі і Расеі ўтварылася вялікая чарга грузавых машын. Улады Расеі тлумачаць яе тым, што Беларусь увяла сэзонныя абмежаваньнямі на транзыт вялікагрузнага транспарту праз сваю тэрыторыю. Аднак не толькі гэта адбівае ў перавозчыкаў ахвоту ехаць праз Беларусь – яны баяцца магчымай канфіскацыі грузу і транспартных сродкаў.

На трасе М-1 замежных грузавікоў усё меней

Міжнародная траса М-1 лічыцца адной са стратэгічных і зьвязвае Заходнюю Эўропу з Усходняй. Яшчэ нядаўна гэта была найкарацейшая магчымасьць трапіць з захаду на ўсход і наадварот, чым актыўна карысталіся шматлікія перавозчыкі. Цяпер траса зусім не перапоўненая фурамі з назвамі вядомых вытворцаў. Пэрыядычна праяжджае калёна з суправаджэньнем машыны ДАІ; адзінкавых фур зусім мала. Шмат хто вымушана абмінае Беларусь. Ня толькі таму, што раз-пораз абвяшчаюцца абмежаваньні на транзыт у зьвязку зь летняй сьпёкай ці веснавым міжсэзоньнем. Аповеды пра канфіскаваныя грузы адбіваюць ахвоту вялікай часткі бізнэсоўцаў мець справу зь Беларусьсю...

Прэтэнзіі замежных аўтаперавозчыкаў справядлівыя

Сёньня прадстаўнік дэпартамэнту “Белаўтадар” Васіль Якаўлеў згадзіўся, што прэтэнзіі расейскага боку да Беларусі збольшага справядлівыя. Расейцаў абурае, што сэзонныя абмежаваньні на шэрагу ўчасткаў беларускіх дарог змусілі перавозчыкаў пераарыентавацца на Латвію і з гэтай прычыны ўтварыліся вялізныя чэргі. Аднак, як заявіў Якаўлеў, ад 5 красавіка, у зьвязку са спрыяльнымі ўмовамі надвор’я, абмежаваньні будуць паступова зьмяншацца, а 15 красавіка маюць быць зьняты ўвогуле:

“У нейкай ступені гэта й так. Найперш: калідоры, якія раней ішлі праз Лёзна, Ляды, былі закрытыя для руху цяжкавагавых транспартных сродкаў. А калі на важнейшым міжнародным калідоры абмежаваньняў няма, то ўвесь транспарт якраз сюды й пайшоў. Таму ў нейкай ступені гэта, магчыма, і паўплывала. Але гэта абумоўлена ня толькі гэтым фактарам. Павялічылася агульная інтэнсіўнасьць руху транспарту, які перавозіць грузы з Захаду ў Расею. Аднак пасьля таго, як мы з 15 красавіка ўсе абмежаваньні здымем, усё нармалізуецца, будзе, як і раней”.

Чым выкліканыя сэзонныя абмежаваньні на рух па беларускіх дарогах?

У Беларусі сэзонныя абмежаваньні на рух грузавога транспарту ўводзяцца ўвесну (каб не разьбіваць мокрых дарог) і летам (каб не ствараць каляін у гарачым асфальце). На пытаньне, чаму тая ж Латвія абыходзіцца без жорсткіх абмежаваньняў на рух грузавога аўтатранспарту, спадар Якаўлеў адказаў так:

Якаўлеў: “Шмат якія краіны такія абмежаваньні ўводзяць. Латвія на сваіх асноўных маршрутах абмежаваньняў ня ўводзіць. Але я вам так скажу: ім Эўразьвяз выдаткоўвае столькі сродкаў, што ў іх ёсьць магчымасьць ня ўводзіць абмежаваньняў, а рабіць рамонт. У нас такой магчымасьці пакуль няма. Таму мы змушаны рабіць такія захады. Але сёлета па асноўных калідорах у нас абмежаваньні ня ўводзіліся”.

Замежныя перавозчыкі баяцца беларускіх парадкаў

Я затэлефанаваў грузаперавозчыку Сяргею Харкову, які якраз ехаў у паўднёвым кірунку, па гомельскай трасе. Кіроўца кажа, што сэзонныя абмежаваньні на транзыт таксама ўплываюць на зьмяншэньне колькасьці замежных вялікагрузных аўтамабіляў на беларускіх дарогах. Але галоўнай прычынай, на ягоную думку, ёсьць боязь страціць у Беларусі груз:

Харкоў: “Ня думаю, што гэта наўпрост зьвязана з дарогамі. Па-першае, усе машыны фармуюцца ў канвой. За паслугу трэба плаціць даляр за кілямэтар. Па-другое, вельмі жорсткі дагляд на адпаведнасьць з дакумэнтамі: калі раптам няма пацьверджаньня, што існуе ў Расеі фірма, якой адрасуецца тавар, груз канфіскуюць. Да ўсяго, падакцызныя тавары, якія ніколі не ішлі праз Беларусь: мэбля, электроніка. Ніхто ня хоча зьвязвацца. Нават беларускім перавозчыкам, якія вязуць у Расею падакцызны тавар, рэкамэндавана ехаць праз Украіну ці праз Латвію, але не празь Беларусь. Існуе вялізная пагроза канфіскацыі, а не пагроза веснавой паводкі. Прынамсі, на цэнтральных трасах -- ніякіх праблем”.

Чыноўнікі Мінтрансу спадзяюцца вярнуць на беларускія дарогі перавозчыкаў, якія спэцыялізуюцца на дастаўцы ў Расею прадукцыі з утрыманьнем сьпірту. Такія машыны ў абавязковым парадку перасоўваліся з суправаджэньнем міліцэйскага канвою. Два дні таму норма прызнаная незаконнай і скасаваная. Паводле экспэртаў, гэтае рашэньне працэнтаў на 25 разгрузіць чэргі на латыска-расейскай мяжы, пераарыентаваўшы паток на Беларусь”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG