Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выстава “Пагоні” — зноў у Палацы мастацтва


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў Палацы мастацтва адкрылася вялікая выстава творчае суполкі “Пагоня”, прысьвечаная Дню Волі. Такія выставы ладзяцца пятнаццаць гадоў. Але апошнія шэсьць гадоў творчай суполцы “Пагоня” з розных прычынаў улады не дазвалялі выстаўляцца ў Палацы мастацтва. Сёлета дасягнулі кампрамісу, і “Пагоня” вярнулася ў Палац.

Адкрывае “Пагоню” звон. Той самы звон, які ў сакавіку 2006-га быў арыштаваны на Кастрычніцкім пляцы і 21 дзень правёў у пастарунку. На выставе — жывапіс, графіка, габэлен, скульптура, інсталяцыі, нацыянальныя строі. Сёлетняя выстава завецца “Разам”.

Апавядае адзін са стваральнікаў выставы Аляксей Марачкін:

“Разам” — гэта значыць, разам з нашымі сябрамі “Пагоні”. “Разам” — гэта значыць з нашымі папярэднікамі, хто працаваў для Беларусі. Тут такія сымбалічныя фігуры, як Язэп Драздовіч, Пётар Сергіевіч, Мікалай Дучыц, Міхась Сеўрук, Лявон Баразна, Яўген Кулік — яны тут прысутнічаюць з намі, і гэта вельмі сымбалічна”.

Спадар Марачкін кажа, што запрашалі й многіх клясыкаў выяўленчага мастацтва. Некаторыя спачатку пагадзіліся, а потым адмовіліся. Тым ня менш, выстава атрымалася, лічыць Аляксей Марачкін:

“Шмат тут моладзі, маладыя людзі разам з намі. Яны разам і на дэманстрацыях, яны разам ідэйна, духоўна”.

Карэспандэнтка: “Але твораў значна больш прадстаўлена, чым можа зьмясьціць заля. У вас даволі жорсткія й прынцыповыя крытэры адбору?”

Марачкін: “Прынцыповыя — так, але я б не сказаў, што жорсткія. Усе ведалі, на якія творы арыентуецца наша суполка. Гэта і фармальныя, і канцэптуальныя, і краявіды. Крытэры — каб перш за ўсё было мастацтва”.

Карэспандэнтка: “А чаму вашай карціны “Плошча” няма?”

Марачкін: “Плошчу” настолькі разрэклямавалі, яе ўжо бачылі, дый яна даволі вялікая. Я вырашыў яе не паказваць, а паказаць тыя творы, якіх глядач ня бачыў. Напрыклад, “Сьляза Міндоўга” некалі была адхіленая са скандалам, арыштаваная. Трохрукая фігура, у адной руцэ — расейскія грошы, а другой дулю паказвае. А унізе — газавая труба. Чым яна разыходзіцца з палітыкай сёньняшняга кіраўніка? “Наце вам вашы грошы, і так абыдземся...”

На выставе шмат гістарычных палотнаў, партрэтаў выбітных дзеячаў. Алесь Пушкін прадставіў партрэт рэпрэсаванага і расстралянага ў 1951 годзе Георгія Бортніка, Алесь Цыркуноў — кампазыцыю “Воляй пакліканыя...” і партрэт Рамана Скірмунта, Сяржук Цімохаў — “Кантату”. Мастак Рыгор Сітніца ўдзельнічае ў выставах суполкі “Пагоня” ад самага пачатку. Сёлета ён прэзэнтаваў цыкль “Суб’ектыўная рэчаіснасьць”:

“Я адрозьніваюся ўласным стылем, але гэта ўсё адно палягае ў нацыянальна адметных артэфактах. Я павінен быць нацыянальным мастаком, бо, езьдзячы па сьвеце, я заўважыў, што авангард — ён прыкладна аднолькавы ад Лісабону да Ўладзівастоку. І калі ты нечым цікавы, то ты перш за ўсё цікавы ўласным сьветапоглядам, а сьветапогляд мастака палягае ў нацыянальным”.

Выстава творчай суполкі “Пагоня” ў сталічным Палацы мастацтва працягнецца да 15 красавіка.

Палатно Аляксея Марачкіна “Сьляза Вітаўта”.

Партрэт Георгія Бортніка. Аўтар Алесь Пушкін.

Фрагмэнт кампазыцыі Алеся Пушкіна.

Партрэт Рамана Скірмунта. Аўтар Алесь Цыркуноў.

Карціна Рыгора Сітніцы “Суб’ектыўная рэчаіснасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG