Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду?


Юры Дракахруст, Прага Учора прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка сваім указам распусьціў Вярхоўную Раду. Датэрміновыя выбары прызначаныя на 27 траўня. Праўрадавая большасьць парлямэнту называе указ прэзыдэнта незаконным і нават “злачынным” і заяўляе, што не падпарадкуецца яму.

Распусьціць парлямэнт яшчэ летась кіраўніку Украіны настойліва раіла Юлія Цімашэнка. Тады Юшчанка ў адказ унёс у Вярхоўную Раду кандыдатуру Віктара Януковіча. Што ж здарылася зараз?

Юрыдычная падстава, на якую сам Юшчанка спаслаўся у сваім указе – гэта перабег дэпутатаў з “аранжавых” фракцый ва ўрадавую кааліцыю. Працэс набыў настолькі масавы характар , што кааліцыя была пераўтвораная. Менавіта гэта прэзыдэнт расцаніў як парушэньне Канстытуцыі, паводле якой кааліцыі ў парлямэнце могуць ствараць выключна фракцыі.

Праўрадавая большасьць з такой аргумэнтацыяй нязгодная. Паводле яе, урад створаны леташняй кааліцыяй, і тады сам Юшчанка ўносіў кандыдатуру Януковіча, значыць, лічыў тую кааліцыю законна створанай.

Палітыка first

Але справа ня ў юрыдычных тонкасьцях, а ў палітыцы. На працягу ўсяго году ўлада выцякала з рук Юшчанкі, як вада скрозь пясок. І справа ня толькі ў палітрэформе, якая абмежавала паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Урад, праўрадавая большасьць выкарыстоўвалі ўсе магчымасьці, каб зьвесьці ўладу прэзыдэнта на нішто, прэм’ер фактычна вёў уласную зьнешнюю палітыку, Юшчанка практычна страціў кантроль над прызначэньнем кадраў, у парлямэнце праўрадавая большасьць паставіла мэту давесьці свае шэрагі да лічбы ў дзьве траціны дэпутацкага корпусу, пераманьваючы да сябе нястойкіх “аранжавых”.

300 галасоў – гэта канстытуцыйная большасьць, прэзыдэнцкае права вета пры такім разьвіцьці падзеяў стала б нічым, а сама пасада прэзыдэнта набыла б чыста цырыманіяльны характар. Выбарчыя пэрспэктывы партыі Юшчанкі “Наша Украіна” – далёка ня самыя натхняльныя. Але працяг тэндэнцый, якія запанавалі ва ўрадзе і ў парлямэнце, азначаў для яго гарантаваную палітычную сьмерць.

Ці адбудзецца рэвалюцыя?

У нядзелю на Майдане сабраліся дзесяткі тысяч прыхільнікаў “аранжавых” партый – Юшчанкі і Цімашэнкі. Прыхільнікі прэм’ера правялі контрмітынг.

Увечары 2 сакавіка каля Вярхоўнай Рады паўстала намётавае мястэчка прыхільнікаў ураду. Адмова парлямэнцкай большасьці падпарадкавацца ўказу аб роспуску азначае лабавое палітычнае сутыкненьне, так бы мовіць, Майдан на Майдан. Зразумела, Партыя рэгіёнаў і асабіста Януковіч шмат чаму навучыліся пасьля 2004 году, але сцэнар адкрытай, ажно да вулічнай, канфрантацыі для іх зараз рызыкоўны. Калі толькі яны ня будуць мець пераважную падтрымку з боку ўладнага апарату і сілавых структур, яны на парлямэнцкую рэвалюцыю ня пойдуць. Але калі такое здарыцца, гэта будзе найбольш небясьпечны сцэнар. Ня факт, што Украіне ў другі раз пашанцуе прайсьці праз двоеўладзьдзе без крыві.

Што зьменяць выбары?

Паводле сацыялягічных апытаньняў новыя выбары ў раскладзе палітычных сіл у парлямэнце нічога прынцыпова ня зьменяць. Гэта, дарэчы, яшчэ адзін аргумэнт, чаму Партыя рэгіёнаў ня пойдзе на палітычную вайну, у выніку якой можа наагул згубіць усё. Зь іншага боку, дадзеныя апытаньняў – гэта не канчатковыя лічбы ЦВК. Мяркую, важным фактарам уплыву на выбар людзей стане самы факт роспуску парлямэнту.

Шмат прыхільнікаў спакою і парадку ён можа падштурхнуць да “бела-блакітных”, аднак рашучы крок прэзыдэнта можа вярнуць яму сымпатыі тых, хто адвярнуўся ад яго за 2 гады пасьля Майдану. Ну а для Юліі Цімашэнкі выбарчая барацьба – гэта наагул родная стыхія, тут зь ёй мала хто можа зраўняцца.

Найгоршы спосаб кіраваньня...

Насамрэч ніякай катастрофы ў суседняй краіне не адбылося – палітычны крызыс будзе вырашаны галоўнай крыніцай улады – народам, выбарамі.

Уінстан Чэрчыль калісьці казаў: дэмакратыя самы кепскі спосаб кіраваньня, за выключэньнем усіх астатніх. Гледзячы на цяперашнія падзеі ва Ўкраіне, прыгадваецца першая частку выслоўя знакамітага брытанца, але паглядзіш, што адбываецца ў некаторых суседніх з Украінай дзяржавах, разумееш рацыю і другой часткі высновы Чэрчыля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG