Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калгас развальваецца, затое ў старшыні зьявіўся катэдж, а ў яго дзетак — кватэры ў Менску”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Галоўная тэма нашай пошты апошняга тыдня — адгалоскі Дня Волі ў Менску, калі па галоўным праспэкце сталіцы, насуперак забароне ўлады, пад нацыянальнымі сьцягамі прайшлі тысячы людзей. Сярод іх былі слухачы і аўтары лістоў на “Свабоду”.

Сёньняшнюю размову пачну з аднаго з такіх допісаў, аўтар якога Яўген Доўжык з Маладэчна:

“Настрой быў узьнёслы і сьветлы. Мы зноў у цэнтры Менску, і ніякі АМОН нас не напалохаў. Бачыў шмат знаёмых твараў з розных раёнаў Беларусі. А вось жыхароў Менску магло б быць значна больш.

Цяпер вось сеў за гэты ліст і задумаўся: а што далей? На такія акцыі я прыяжджаю ўжо добры дзясятак гадоў. Але ж нічога наўкол не мяняецца. Напэўна, калі б нас выйшла сто тысяч і калі б мы прыйшлі да адміністрацыі прэзыдэнта — гэта было б падобна на рэвалюцыю, і тады нейкія зьмены былі б магчымыя. Але ж сто тысяч ня выйдзе: гэта не Ўкраіна і ня Грузія. І што нас у такім выпадку чакае? Бясконцае панаваньне Лукашэнкі?”

Крыху дзіўна, спадар Доўжык, разважаць пра нешта бясконцае ў кароткім чалавечым жыцьці.

Гадоў праз трыццаць, калі Беларусь будзе часткай аб’яднанай Эўропы, нашы праўнукі, вывучаючы цяперашні пэрыяд гісторыі Беларусі (які назавуць, верагодна, пераходным ад камунізму да дэмакратыі), будуць зьдзіўляцца, чаму больш за дзесяць гадоў на мяжы ХХ і ХХІ стагодзьдзяў Беларусь заставалася на мапе Эўропы белай аўтарытарнай плямай.

Гэта ж так відавочна: свабодны чалавек у дэмакратычнай дзяржаве пры рынкавай эканоміцы жыве заўсёды лепш, чым той, за каго чыноўнік вырашае, як яму жыць, за каго галасаваць і на якія мітынгі хадзіць.

Сёньняшнія пакаленьні беларусаў асэнсуюць і ўсьвядомяць гэта, відавочна, пазьней, чым іншыя эўрапейскія народы.

Гэтая ж тэма закранаецца ў электронным лісьце нашага слухача і аўтара Кастуся Сырэля з Вушачаў:

“Вельмі спачуваю паважанаму мной спадару Казуліну, гэта гераічны чалавек, але лічу памылковым ягоны спантанны заклік “ісьці на Акрэсьціна”. Мяркую, што масавыя мерапрыемствы такога кшталту павінны дбайна плянавацца, і ніякім імправізацыям тут ня месца.

Раіў бы арганізатарам пачытаць кнігу Густава Ле Бона “Псыхалёгія народаў і мас”, а таксама ўспомніць трагічныя падзеі на Нямізе ў траўні 1999 году, ці на стадыёне ў Лужніках у Маскве ў 1982-м. Натоўп — гэта страшная і малакіраваная сіла. Дастаткова было б двум-тром правакатарам крыкнуць “На штурм!” — і ля турмы магло б адбыцца пабоішча. Улада атрымала б магчымасьць расправіцца з апазыцыяй адным ударам. Успомніце, як былі выкарыстаныя падпал райхстагу ці забойства Кірава.

Што да Плошчы-2007, то дзіўлюся, як улада да гэтага часу не ўчыніла буйной правакацыі, каб скончыць з усімі апазыцыйнымі сіламі й рэшткамі незалежнай прэсы адным ударам. Прызнацца, зь вялікай трывогай чакаў 25 сакавіка. Але, на шчасьце, абышлося. Ды ўсё ж заспакойвацца ня варта, як і перабольшваць “мяккія” дзеяньні спэцслужбаў. Ня варта і лічыць, што ўлада нечага баіцца — загнаная ў кут, яна можа быць здольная на ўсё”.

Дзеяньні спэцслужбаў у дачыненьні да арганізатараў і ўдзельнікаў апазыцыйнай акцыі 25 сакавіка цяжка назваць мяккімі, спадар Сырэль. Дзясяткі прэвэнтыўных затрыманьняў і арыштаў актывістаў напярэдадні 25 сакавіка, судовы канвэер са стандартнымі абвінавачаньнямі ў “хуліганстве”…

Так, у дзень шэсьця і мітынгу, 25 сакавіка, міліцыя і спэцслужбы на менскіх вуліцах гвалту пазьбягалі. Але толькі таму, што былі пад прыцэлам шматлікіх тэлекамэр і выконвалі загад не ствараць “карцінкі” для замежных тэлестанцыяў.

Што да мэтаду правакацыяў як спосабу раз і назаўсёды зьнішчыць апазыцыю… Думаю, спадар Сырэль, такую мэту перад сабой улада пакуль ня ставіць. Калі б паставіла — апазыцыя, відавочна, была б зьнішчаная і забароненая куды больш простым спосабам — напрыклад, дэкрэтам прэзыдэнта альбо рашэньнем так званага Ўсебеларускага народнага сходу з наступнымі папраўкамі ў Канстытуцыю, якая пакуль што дазваляе палітычны плюралізм і шматпартыйнасьць.

Гэтую мяжу аўтарытарны беларускі рэжым не адважваецца пераходзіць. Напэўна, ператварэньне ў дыктатуру і дэспатыю азіяцкага ўзору ўсё ж пакуль не ўваходзіць у пляны першага прэзыдэнта Беларусі.

Наш слухач Алесь Рымша з Наваполацку ў сваім лісьце на “Свабоду” разважае аб праблеме лідэрства ў беларускай апазыцыі. Ён піша:

“Надакучылі ўжо гэтыя прамаскоўскія так званыя “абаронцы” беларускага народу — Казулін, Нісьцюк, Марыніч, Бухвостаў, Фралоў, Скрабец ды іншыя. Першым наўмысна называю Казуліна, бо лічу, што чалавек, які быў рэктарам Белдзяржунівэрсытэту, служыў рэжыму і нішчыў беларускае слова, ня мае маральнага права на лідэрства ў Беларусі. Як ня мае ён права даваць парады Мілінкевічу — браць ці ня браць удзел у нейкім там чарговым штучным кангрэсе. Няхай там зьбіраюцца Лябедзька з Навасядам ды спрачаюцца, у каго зь іх вышэйшы рэйтынг сярод насельніцтва”.

Хто павінен быць палітычным лідэрам Беларусі, мае вызначыць само беларускае грамадзтва ў выніку справядлівых дэмакратычных выбараў. Праблема ў тым, што выбары такія ў сёньняшніх умовах у Беларусі немагчымыя: у дзяржаве створаная палітычная сыстэма, якая арыентаваная на манапалізацыю ўлады і ўтрыманьне яе ў адных руках.

Можна па-рознаму ставіцца да тых асобаў, якія пералічаныя ў вашым, спадар Рымша, лісьце. Але варта мець на ўвазе, што ўсе яны выступаюць за дэмантаж такой сыстэмы і дэмакратычныя пераўтварэньні ў Беларусі. А Аляксандар Казулін у змаганьні за гэтыя ідэалы ўжо другі год вымушаны ахвяроўваць асабістай свабодай.

Аўтар наступнага кароткага ліста — Мікола Канаховіч з Пружанаў. Слухач піша:

“Кожны сьвядомы беларус, не ачмураны хлусьлівай прапагандай, незалежна ад свайго ўзросту, адукацыі і сацыяльнага статусу, выдатна разумее, што і былы ўрад БССР, і сёньняшні рэжым — служкі й марыянэткі маскоўскіх акупантаў. Наш сапраўдны легітымны урад — гэта Ўрад БНР у выгнаньні, які ўзначальвае сёньня паважаная Івонка Сурвіла.

Але не зусім зразумела, чаму законны урад нашай краіны не падтрымлівае самых цесных стасункаў з партыямі дэмакратычнага кірунку і не каардынуе іх дзеяньняў?”

Урад БНР у выгнаньні, спадар Канаховіч — галоўным чынам сымбаль будучай дэмакратычнай Беларусі, а не рэальны інстытут улады. Выконваць уладных функцыяў ён ня мае магчымасьці. Пэўныя сувязі з дэмакратычнымі партыямі ён падтрымлівае, але каб каардынаваць ці накіроўваць іх дзейнасьць, у гэтых людзей, зноў жа, няма рэальных рычагоў. Ды і мэты такой яны перад сабой ня ставяць.

На заканчэньне — ліст нашай слухачкі Анэлі Маркевіч з пасёлку Нарач Мядзельскага раёну. У сваім лісьце яна дае адказ тым аўтарам тэлефанаваньняў на “Свабоду”, якія хваляць цяперашнюю ўладу. Спадарыня Маркевіч піша:

“Гэта ўсё былыя камуністы, якія атлусьцелі пры ўладнай кармушцы. Калі Лукашэнка быў дэпутатам, дык абяцаў ператрэсьці ўсіх карумпаваных чыноўнікаў зьверху данізу. Каля сябе ён многіх ператрэс, а вось унізе ўвесь ланцужок застаўся нечапаным.

Паглядзіце, як абрабавалі калгасы — большасьць іх даведзеная да ручкі. Цяпер аб’ядноўваюць: робяць з трох жабрацкіх калгасаў адзін. Нібы ад гэтага ён будзе лепш працаваць. Тэхніка зламаная, фэрмы парожнія, людзі сядзяць бяз працы… Палі зарастаюць… А зладзюгі-камуністы непакояцца: хутка ня будзе чаго красьці, ды і, можа, давядзецца адказваць за ўсё.

Тут жа ўсё навідавоку: калгас развальваецца, затое ў начальніка вырас катэдж, а ў яго дзетак зьявіліся кватэры ў Менску. Адкуль, за якія грошы?”

Сёньняшнія 30—40-гадовыя старшыні калгасаў і чыноўнікі раённай вэртыкалі да кампартыйнай намэнклятуры не належалі: ні ў райкамах, ні ў абкамах партыі не працавалі, ды і ў КПСС многія не былі — не пасьпелі. Так што справа тут, спадарыня Маркевіч, не ў партыйнай прыналежнасьці чыноўнікаў, а ў сыстэме ўлады і ў калгаснай сыстэме на вёсцы, якія з часу СССР ня надта зьмяніліся.

Новыя пакаленьні намэнклятурных начальнікаў працягваюць справу папярэднікаў. Вынікі іх намаганьняў вясковыя людзі бачаць вельмі добра. Самыя адметныя сымбалі такога гаспадараньня — разваленая калгасная фэрма і новы шыкоўны катэдж калгаснага старшыні — атрыбуты, якія можна знайсьці ледзь ня ў кожным беларускім калгасе.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG