Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік менскай міліцыі А.Куляшоў адказаў на зварот БАЖ


Радыё Свабода “Беларуская асацыяцыя журналістаў” атрымала адказ галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму на свой зварот, у якім патрабавалася выконваць заканадаўства аб СМІ супрацоўнікамі праваахоўных органаў і не парушаць правы журналістаў падчас вулічных масавых акцый.

У лісьце ад 30 сакавіка за подпісам начальніка ўпраўленьня Анатоля Куляшова паведамляецца, што зварот разгледжаны “дакладна і ўсебакова”, з супрацоўнікамі “чарговым разам” абмеркаваныя палажэньні і патрабаваньні Закону “Аб друку і іншых СМІ”, “прыняты канкрэтныя меры па недапушчэньні парушэньняў”.

Кіраўнік сталічнай міліцыі запэўніў, што імі “даўно занятая пазыцыя ўмацаваньня партнёрскіх узаемаадносінаў з журналістамі”, а менскія міліцыянеры “зацікаўленыя ў развіцьці паўнавартасных і даверлівых адносінаў з усімі рэспубліканскімі і сталічнымі СМІ”, паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Нагадаем, 22 сакавіка, напярэдадні заплянаванай на 25 сакавіка масавай дэманстрацыі – Дня Волі, БАЖ накіравала лісты міністру ўнутраных справаў Беларусі Уладзімеру Навумаву і начальніку ўпраўленьня ўнутраных справаў Менскага гарвыканкаму Анатолю Куляшову, дзе, спасылаючыся на беларускае заканадаўства аб СМІ, патрабавала не перашкаджаць журналістам працаваць у ходзе падобных акцый і тым самым не парушаць нормы закону.

Тым не менш, 25 сакавіка супрацоўнікі міліцыі не дапусьцілі некаторых журналістаў на Кастрычніцкую плошчу. Таксама падчас выкананьня службовых абавязкаў пацярпелі журналістка Алена Андрэева і журналістка польскага інфармагенцтва «PAP» Бажэна Кузавінска, паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG