Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маладыя не імітуюць, яны шчырыя, сапраўдныя, сьмелыя»


Віталь Цыганкоў, Менск У пачатку красавіка крымінальную справу супраць актывістаў Маладога Фронту зьбіраюцца перадаць у суд. Чым можа завершыцца гэты працэс? Ці ня могуць маладафронтаўцы выступіць у ролі закладнікаў у магчымых перамовах беларускай улады з Захадам? Пра якія тэндэнцыі гаворыць выпадак з Крысьцінай Шацікавай, якую гвалтоўна зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь? Гэтыя ды іншыя тэмы абмяркоўваюць за круглым сталом Экспэртызы Свабоды палітычны вязень Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне абмежаваньнем свабоды ў вёсцы Блонь Пухавіцкага раёну і выканаўчы дырэктар Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак.

Цыганкоў: “Пракуратура Менску выставіла абвінавачаньне ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі яшчэ тром сябрам “Маладога фронту”. Да Зьмітра Хведарука і Алега Корбана дадаліся Аляксей Янушэўскі, Наста Палажанка і Барыс Гарэцкі. Паводле актывістаў, у пачатку красавіка крымінальную справу зьбіраюцца перадаць у суд. Паводле Насты Палажанкі, крымінальная справа супраць актывістаў “Маладога фронту” складае шэсьць тамоў. Маладафронтаўцам належыць азнаёміцца з дакумэнтамі да 4 красавіка, пасьля справу накіруюць у суд. Мікола Cтаткевіч, сыходзячы з вашага аналізу, чым можа завершыцца гэты суд?”

“Беларусь – адзіная краіна ў сьвеце, дзе пратэстуюць па тратуарах”

Статкевіч: “Калі дойдзе да працэсу, то ён завершыцца, безумоўна, прызнаньнем іх вінаватымі і нейкім пакараньнем.

Ёсьць тры прычыны, паводле якіх уціск супраць Маладога Фронту працягваецца. Першая прычына – стратэгічная, доўгатэрміновая. Маладафронтаўцы задаюць настрой сярод моладзі. А гэта небясьпека ў будучыні – калі моладзь супраць улады, гэта для ўлады кепскі канец.

Другая прычына – сярэднетэрміновая, апэратыўная. Зараз у Беларусі клясычнай палітыкі няма. І самі апазыцыйныя палітыкі апынуліся перад выбарам – альбо ў рэвалюцыянэры альбо ў дысыдэнты. У рэвалюцыянэры – небясьпечна, у дысыдэнты... А хто будзе фундаваць дысыдэнцкія структуры? Таму “дарослыя” палітыкі імітуюць рэвалюцыю. Дастаткова сказаць, што Беларусь – адзіная краіна ў сьвеце, дзе пратэстныя дэманстрацыі адбываюцца толькі па тратуарах са спыненьнем на чырвоная сьвятло светлафораў. А дзеці не імітуюць, яны шчырыя, сапраўдныя, сьмелыя, таму гэта небясьпека, якую баіцца гэтая ўлада.

І, нарэшце, трэцяя прычына, тактычная. Трэба гандлявацца з Захадам, трэба кагосьці адпускаць А адпускаць неахвота. Таму трэба “набраць” як мага болей, а потым амністыя. Дзеці падпадуць пад амністыя, але судзімасьць пры гэтым застанецца. Яны застануцца “падвешанымі”, але Захаду не да гэтых дэталяў”.

"Цыганкоў: Такім чынам, маладафронтаўцы выступаюць у ролі закладнікаў ў магчымых перамовах з Захадам? Падчас зімовага супрацьстаяньня з Расеяй зьявіліся развагі пра магчымую адлігу да грамадзянскай супольнасьці – па-вашаму, ці маюць сэнс такія размовы, ці не варта іх спыніць?"

Статкевіч: “Яны сэнсу ня маюць. Улада яшчэ магла саступаць падчас, як я гэта называю, “вялікай вулічнай вайны за незалежнасьць” 1996-2000 году. Тады таксама,дарэчы, зьявілася сваё маладое пакаленьне, якое вельмі зацята змагалася за незалежнасьць. Але мы не пагражалі ўладзе, мы проста патрабавалі, каб яна спыніла гандаль незалежнасьцю.

Ім было куды адступаць. Пасьля чарговай дэманстрацыі Лукашэнка зьнікаў на тыдзень, потым зьяўляўся і гаварыў пра незалежнасьць і сувэрэнітэт.

Цяпер, калі мы патрабуем свабоды і дэмакратыі, ім адступаць няма куды. Яны каля сьценкі, бо яны так гэта ўспрымаюць. Любы крок да дэмакратыі – гэта для іх крок да згубы ўлады”.

Цыганкоў: “Спадар Гулак, вашы адказы на гэтыя ж пытаньні -- чым можа завершыцца працэс над маладафронтаўцамі і якую стратэгію праводзіць рэжым у дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці?”

“Рэжым зробіць тое, да чаго прымусяць абставіны”

Гулак: "Вельмі няўдзячная справа – даваць тут прагнозы. Хацелася б, каб суд быў законы і справядлівы. У такім выпадку хлопцаў павінны апраўдаць. Мы лічым, што 193-ці артыкул Крымінальнага Кодэксу супярэчыць Канстытуцыі Беларусі, якая гарантуе свабоду аб’яднаньняў.

Хаця, канешне, такія спадзяваньні ня маюць рэальных падставаў, і мы атрымаем тое, пра што казаў Мікола Статкевіч – хлопцаў асудзяць.

Але тым ня менш ня варта спыняць размовы пра магчымасьць і неабходнасьць павароту рэжыму да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Гэта патрэбна ўсім нам, патрэбна Беларусі?"

Цыганкоў: “Але ці патрэбна гэта ўладзе?”

Гулак: "Рэжыму не патрэбна, але рэжым будзе рабіць тое, да чаго прымусяць абставіны. Калі будуць складацца адпаведныя ўмовы – і з-за дзеяньняў апазыцыйных рухаў, і эканамічныя стасункі з Расеяй і Захадам – з-за ўсяго гэтага комплексу рэжым будзе вымушаны мяняцца".

"Сколька ў вашым раёне арыстована”

Цыганкоў: “Мікола Статкевіч ужо згадаў выпадак з грамадзкай актывісткай Крысьцінай Шацікавай, якую гвалтоўна зьмясьцілі ў псыхіятрычны шпіталь, дзе пасьля абсьледаваньня на трэці дзень выпусьцілі. Ці можна назваць гэта прыватным выпадкам ці мы можам казаць пра пэўную тэндэнцыю?”

Статкевіч: “Гэта тэндэнцыя, бо гэта ўжо ня першы выпадак. Таксама ў псыхіятрычнай лячэбніцы апынулася спадарыня Садоўская, а потым у турме. Улады сапраўды адчуваюць сябе прыціснутымі да сьценкі. Іх дзеяньні ў адносінах да грамадзянскай супольнасьці будуць адпавядаць іхняму пачуцьцю небясьпекі. Чым больш яны будуць пачувацца ў небясьпецы, тым больш жорсткімі будуць іхнія дзеяньні ў адказ.

Але я згодны з Алегам – размовы пра “паварот” трэба весьці. Нават разумеючы, што гэтая ўлада добраахвотна ні на якую дэмакратызацыю ня пойдзе. Але само тое, што яны вядуць увесь час нейкія перамовы (і я ўвесь час кажу гэта сваім эўрапейскім партнэрам), у нейкай ступені прымушае ўладу хаця б часова сьцішваць рэпрэсіі. Напрыклад, летась было каля 30 палітзьняволеных, а зараз толькі 6. Тут таксама пэўная ілюзія ўладаў, што ім удасца “забаўбатаць” Эўропу.”

Цыганкоў: “Вы кажаце: “Чым больш яны будуць пачувацца ў небясьпецы, тым больш жорсткімі будуць іхнія дзеяньні ў адказ”. Але адчуваць небясьпеку яны будуць якраз, калі апазыцыя будзе актыўна сябе выяўляць. Атрымліваецца нейкая зачараванае кола, калі актыўнасьць апазыцыі будзе выклікаць усё большыя рэпрэсіі..”

Статкевіч: “Я б выкарыстаў параўнаньне з сьціснутай спружынай, якая калісьці выпрастаецца. Зараз ужо такое ўражаньне, што не зьверху даюцца каманды ціснуць, а наадварот, зьверху ідзе каманда прыцішыць рэпрэсіі. Бо гэтая машына ўжо аўтаномная, працуе на самазаводцы. Ёсьць нейкія пляны, параўнаньні – “а сколька в вашым раёне арыстована, а почему меньше чем в прошлом году?” Прыблізна так яна працуе”.

Цыганкоў: “Спадар Гулак, наколькі выпадак з Шацікавай гаворыць пра пэўную тэндэнцыю?”

Гулак: “Сапраўды, вядомыя выпадкі, калі людзі абаранялі свае правы, і на іх знаходзілі менавіта такія мэтады ўзьдзеяньня. Змагацца з псыхіятрычным перасьледам больш складана, чым з міліцэйска-пракурорскам. Таму вельмі важна давесьці да лягічнага канца справу Шацікавай, і мы з ёй працуем у гэтым накірунку.

На маю думку, з Крысьцінай атрымалася так, бо рэпрэсіўная машына сапраўды працуе сама па сабе. Быў дадзены загад спыніць актывістаў, а Крысьціну немагчыма арыштаваць у адміністратыўным парадку, бо ў яе двое непаўналетніх дзяцей – таму да яе прымянілі такі мэтад. Таму вельмі важна адразу, што называецца, “даць па руках”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG