Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве склікаюць новы Майдан


Валер Каліноўскі, Прага У розных гарадах Украіны сёньня праходзяць маніфэстацыі за і супраць урадавай кааліцыі на чале зь Віктарам Януковічам. Прыхільнікі ўраду правялі ў Кіеве шматтысячны Форум нацыянальнага адзінства, іх праціўнікі – паседжаньне Камітэту нацыянальнага выратаваньня. На суботу ў Кіеве заплянаваны апазыцыйны мітынг на Майдане незалежнасьці з патрабаваньнямі роспуску Вярхоўнай Рады і правядзеньня новых парлямэнцкіх выбараў. Праект адпаведнага ўказу падрыхтаваны і чакае падпісаньня прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам.

Прэзыдэнт Віктар Юшчанка падставай для магчымага роспуску Вярхоўнай Рады лічыць парушэньні фракцыйнага прынцыпу пры фармаваньні ўрадавай кааліцыі, калі ў лік большасьці пачалі пераходзіць асобныя дэпутаты з іншых фракцый, што, на ягоную думку, не адпавядае Канстытуцыі. Прэзыдэнт Украіны сёньня правёў перамовы з прэм’ерам Віктарам Януковічам і запатрабаваў ад яго накіраваць супольны запыт у Канстытуцыйны суд, каб вырашыць усе спрэчкі на гэты конт, захаваць легітымнасьць у фармаваньні ўрадавай кааліцыі і гарантыі дзейнасьці апазыцыі.

Пакуль прэзыдэнт і прэм’ер праводзяць кансультацыі паміж сабой і з прадстаўнікамі розных палітычных сіл, арганізатары Аранжавай рэвалюцыі 2004 году Юлія Цімашэнка, Юры Луцэнка, Віктар Каськіў зьбіраюцца арганізаваць новыя масавыя выступы на Майдане незалежнасьці ў Кіеве. Гаворыць Юлія Цімашэнка:

“Мы заўтра з 17-й гадзіны пачынаем зьбіраць Майдан. Мы робім гэта не для таго, каб штосьці яшчэ раз сказаць людзям. Мы хочам, каб людзі сказалі прэзыдэнту сваёй яўкай, што яны за датэрміновыя выбары Вярхоўнай Рады”.

Наколькі магчымы паўтор сцэнару Майдану 2004 году? Меркаваньне кіеўскага палітоляга Міхаіла Білэцькага:

“На гэты конт ёсьць вялікія сумневы, магчыма, нават не па масавасьці, а па выніковасьці. Гэты Майдан крыху заўчасны, і ўзьнік ён крыху спантанна, бо вялікая каардынацыйная рада апазыцыі плянавала выступ на восень, калі народ адчуе на сабе цяжар новых камунальных тарыфаў”.

Паводле спадара Білэцькага, у адрозьненьне ад 2004 году ў апазыцыі няма поўнага адзінства, прэзыдэнт Віктар Юшчанка выяўляе нерашучасьць, а тым часам прэм’ер Віктар Януковіч зрабіў адпаведныя высновы з падзеяў Аранжавай рэвалюцыі і шмат чаму навучыўся. Януковіч цяпер пазыцыянуе сябе як прыхільнік нацыянальнага адзінства Ўкраіны.

Але і парлямэнцкую апазыцыю, і прэзыдэнта Віктара Юшчанку хвалююць дзеяньні ўраду і кіруючай кааліцыі, якія, пераманьваючы дэпутатаў зь іншых фракцыяў, зьбіраюцца сабраць канстытуцыйную большасьць, якая будзе магчы прымаць законы і мяняць Канстытуцыю, пераадольваючы вэта прэзыдэнта.

Тым часам ва ўрадавай Партыі рэгіёнаў лічаць, што для роспуску Вярхоўнай Рады няма юрыдычных падставаў і не бачаць нейкай палітычнай пагрозы сабе з боку заўтрашняга мітынгу на Майдане Незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG