Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкасьці прапанавалі плаціць за ахову Курапатаў


Ганна Соўсь, Менск Упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапануе Аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій плаціць за ахову ўрочышча Курапаты. Адпаведны ліст за подпісам намесьніка начальніка абласной міліцыі спадара Шутава атрымалі сёньня сябры аргкамітэту.

У лютым аргкамітэт зьвярнуўся да старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава са зваротам, у якім быў выказаны клопат наконт урочышча Курапаты, якое мае гісторыка-культурную каштоўнасьць. Сябры аргкамітэту распавялі пра шматлікія выпадкі вандалізму ў дачыненьні да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”. Аргкамітэт папрасіў кіраўніка Менгарвыканкаму вырашыць пытаньне надзейнай аховы ўрочышча Курапаты і лавы Клінтана.

Як піша намесьнік старшыні абласной міліцыі спадар Шутаў, “для забесьпячэньня ахоўных мерапрыемстваў дадзенага аб’екту неабходныя значныя фінансавыя сродкі, якіх упраўленьне ўнутраных справаў Менаблвыканкаму ня мае. Таму забясьпечыць кругласутачную ахову комплексу Курапаты на бязвыплатнай аснове ня мае магчымасьці. Разам з тым, – зазначае ён, – Менскі абласны дэпартамэнт аховы пры аплаце з вашага боку паслугаў аховы гатовы разгледзець пытаньне ў ахове Курапатаў”.

Сакратар аргкамітэту дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій Уладзімер Раманоўскі назваў верхам цынізму прапанову лічыць дзяржаўны мэмарыяльны комплекс за прыватны аб’ект, ахова якога патрабуе аплаты.

“Не разумею, што за псыхалёгія ў людзей, якія пішуць такое. Увогуле, зьяўляецца наступная ідэя. Давайце напішам экс-прэзыдэнту ЗША Білу Клінтану. Няхай ён нам дапаможа аплаціць ахову знаку “Ад амэрыканскага народу”, які ён усталяваў. Іншага выйсьця мы ня бачым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG