Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былой гаспадыні “Камілы” сёньня вынесуць прысуд


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Ленінскім судзе Менску будзе абвешчаны прысуд былой журналістцы, уладальніцы крамы моднага адзеньня “Каміла” Ірыне Лазоўскай. Вядомай прадпрымальніцы пагражае 8 гадоў зьняволеньня за махлярства, між тым яна заяўляе пра сваю невінаватасьць.

Каб суд над прадпрымальнікам ішоў амаль год – для Беларусі зьява вельмі рэдкая. Але працэс, які сёньня закончыцца ў Ленінскім судзе Менску, адметны і асобай, якую абвінавачваюць. Ірына Лазоўская, якой сёньня вынесуць прысуд, была супрацоўніцай незалежных мэдыяў пачатку 1990-ых гадоў, пазьней – уладальніцай адной зь першых крамаў моднага адзеньня “Каміла”, бутыка “Hugo Boss”.

Восеньню 2005 году Ірыну Лазоўскую арыштавалі. Сьледчыя мяркуюць, што прадпрымальніца авалодала памяшканьнямі некалькіх крамаў у цэнтры Менску, падрабіўшы дакумэнты. Страты, якія нібыта нанесла Ірына Лазоўская, вымяраюцца сотнямі тысяч даляраў. Пракурор запрасіў для прадпрымальніцы 8 гадоў зьняволеньня.

Сьведкам на працэсе выступіў вядомы ў краіне прадпрымальнік і мэцэнат, былы муж Ірыны Лазоўскай Алесь Суша. У тым ліку на ягоных паказаньнях грунтуецца абвінавачаньне Лазоўскай у махлярстве з дакумэнтамі. Аднак прадпрымальніца назвала паказаньні Сушы паклёпам. Паводле яе, гэта сьледзтва прымусіла былога мужа агаварыць яе. Алесь Суша ціск з боку сьледзтва абвяргае.

“Якое сьледзтва можа быць, калі ўжо ідуць судовыя спрэчкі? Пры чым тут сьледзтва? Яна кажа нейкую недарэчнасьць”.

Ірына Лазоўская на судзе таксама ўказала на шэраг супярэчнасьцяў у паказаньнях Алеся Сушы і іншых сьведак, сказала і пра адсутнасьць пэўных дакумэнтальных доказаў яе віны. “Прашу вызваліць мяне з турмы”, – зьвярнулася прадпрымальніца да судзьдзі Тацяны Жулкоўскай у апошнім слове. Аднак журналістка “БелГазэты” Алена Анкуда, якая прысутнічала на працэсе, сумняваецца, што прысуд будзе апраўдальным.

“Хаця Ірына трымаецца добра, трэба адзначыць, што яна моцная жанчына і змагаецца актыўна за сваю свабоду, але, на жаль, пазыцый на яе карысьць, на якія можна зьвярнуць увагу, я ў яе не знайшла”.

Падчас сьледзтва, якое цягнулася болей за паўтара году Ірыну Лазоўскую трымалі то ў Менскім, то ў Жодзінскім сьледчым ізалятары. Калі яе прызнаюць вінаватай, то хутчэй за ўсё накіруюць для адбыцьця пакараньня ў Гомельскую жаночую калёнію.
XS
SM
MD
LG