Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вялікую Расею” прыдумала беларуская апазыцыя?


Віталь Цыганкоў, Менск Чаму прэзыдэнт Беларусі зноў вяртаецца да інтэграцыйнай рыторыкі й крытыкуе кіраўніцтва Расеі? Якое месца ў стратэгіі Аляксандра Лукашэнкі займаюць расейскія прэзыдэнцкія выбары 2008 году? Гэтыя ды іншыя пытаньні абмяркоўваюць публіцыст Аляксандар Фядута і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі.

Віталь Цыганкоў: “Будаўніцтва саюзнай дзяржавы сёньня затармазілася на ўсіх кірунках. Мы сваю пазыцыю дакладна вызначылі, і мяч на баку расейцаў, усё залежыць ад іх. Мы за паўгоду, за год можам вырашыць тыя праблемы, якія назьбіраліся, і значна прасунуцца наперад”, — заявіў 28 сакавіка Аляксандар Лукашэнка.

Крытыка расейскага кіраўніцтва, якая гучыць у гэтых ды іншых радках беларускага прэзыдэнта, магчыма, ня вельмі вострая, але сэнс гэтых выказваньняў даволі празрысты — толькі Расея, (а дакладней, Крэмль) вінаватая ў прыпыненьні інтэграцыйных працэсаў. Якіх палітычных мэтаў дабіваецца Аляксандар Лукашэнка такімі заявамі?”

Галоўная задача для Лукашэнкі цяпер — аслабіць будучага пераемніка Пуціна

Аляксандар Фядута: “Праз год у Расеі адбудуцца чарговыя прэзыдэнцкія выбары, больш як праз паўгоду — выбары ў Думу. Гэта вельмі важныя для Лукашэнкі палітычныя кампаніі, бо менавіта падчас іх будзе вырашацца ягоны палітычны лёс.

Пытаньне стаіць так — ці будзе Расея і надалей спансаваць беларускі палітычны рэжым ці адбудзецца пераемнасьць палітычнага курсу, згодна зь якім Аляксандар Лукашэнка становіцца ўсё больш непажаданай асобай на расейскай палітычнай прасторы і нават побач зь ёй.

Менавіта таму перад Лукашэнкам стаіць галоўная праблема — як можна больш аслабіць будучага пераемніка Пуціна, ня даць яму магчымасьці стаць адносна Беларусі сапраўдным пераемнікам цяперашняга курсу Крамля. Вось чаму выказваньні кіраўніка Беларусі на тэму інтэграцыі будуць станавіцца ўсё больш вострымі”.

Цыганкоў: “Але гэта даволі рызыкоўная гульня — аслабляць пераемніка?”

Фядута: “Менавіта падчас выбараў ніхто ня будзе занадта ўжо ціснуць на Лукашэнку. І ён гэта добра разумее. Большая частка электарату Расеі супадае зь меркаваным электаратам пуцінскага пераемніка, і Лукашэнка для іх — адна з найбольш аўтарытэтных постацяў. Таму яго ў гэтыя месяцы даціскаць ня будуць”.

Цыганкоў: “Яшчэ адна цытата з учорашніх выказваньняў Лукашэнкі: “Калі ў Расеі запануе здаровы сэнс і расейцы хочуць з намі наладжваць на прыстойным грунце дачыненьні, мы да гэтага гатовыя”.

Так трэба разумець, што цяпер у Расеі здаровага сэнсу няма? Паўлюк, ваш адказ на пытаньне — якіх палітычных мэтаў дабіваецца Аляксандар Лукашэнка такімі заявамі?”

Галоўнай сэнсацыяй былі пераконваньні Лукашэнкі, што ён здаровы

Паўлюк Быкоўскі: “На маю думку, гэтыя выказваньні не былі самымі галоўнымі падчас імправізаванай прэсавай канфэрэнцыі каля цяпліцаў.

Большай сэнсацыяй былі пераконваньні Лукашэнкі, што ён здаровы, — ён абвяргаў на гэты конт усялякія чуткі. Магчыма, менавіта дзеля гэтага ўвогуле і была зьдзейсьненая гэтая паездка і сустрэча з журналістамі.

Што да расейскага аспэкту, то калі Лукашэнка закранае гэтыя тэмы, то ён будзе цытавацца ў расейскіх мэдыях, і гэтым дасягаецца эфэкт ягонай прысутнасьці.

Акрамя таго, цяпер надыходзіць гадавіна інаўгурацыі Лукашэнкі, і гэты выступ у нейкай ступені падводзіць вынікі году працы. Прэзыдэнт нічога не сказаў такога, што перашкаджала б Беларусі й надалей атрымліваць газ за паўцаны (як нядаўна высьветлілася, Беларусь плаціць толькі 55 даляраў). На маю думку, ён усяго толькі нагадаў пра сваю прысутнасьць.

Лукашэнка найперш баіцца еднасьці Расеі і Захаду ў беларускім пытаньні

Цыганкоў: “Аляксандар Фядута закрануў пытаньне пра тое, якое месца ў стратэгіі Аляксандра Лукашэнкі займаюць расейскія прэзыдэнцкія выбары 2008 году.

У адным зь нядаўніх “Праскіх акцэнтаў” расейскі палітоляг Андрэй П’янткоўскі заявіў, што Аляксандар Лукашэнка ніяк ня здолее выкарыстаць прэзыдэнцкую кампанію. Ніяк яна ня будзе гучаць, і ніяк ён яе не выкарыстае. Бо ўвогуле ніякай кампаніі ня будзе, гэта не 1996-ты, і нават не 2000 год.

Уся інтрыга ў тым, ці сыдзе Пуцін (а яму вельмі хочацца пайсьці), ці атачэньне прымусіць яго застацца. Гэта вельмі востры канфлікт, і Лукашэнка тут ні пры чым”. Аляксандар, як вы можаце даказаць сваю тэзу, што Лукашэнку ўдасца выкарыстаць 2008 год у сваіх інтарэсах?”

Фядута: “Я не казаў, што яму ўдасца, я казаў, што ён спрабуе яе выкарыстоўваць. Выбару насамрэч у яго няма — сёньня яго ад расейскай улады можа абараніць толькі расейскі электарат. Таму ён будзе ўсё часьцей казаць пра братэрства і ўсе астатнія словы, якія надакучылі палітычнай эліце, але, як і раней, узьдзейнічаюць на электарат.

Лукашэнка лічыць (на мой погляд, тут я магу і памыляцца), што такім чынам ён можа абараніцца ад ціску з боку Крамля.

Учора ў інтэрнэце зьявіўся тэкст замежнапалітычнай канцэпцыі Расеі, распрацаваны МЗС. Міністэрства прызнае, што ў палітыцы да Беларусі былі дапушчаныя пэўныя памылкі, і нельга дапусьціць, каб беларускія пытаньне перашкаджала ў дачыненьнях Расеі і Захаду.

Вось чаго баіцца Лукашэнка (еднасьці Расеі й Захаду ў беларускім пытаньні), вось супраць чаго ён спрабуе бараніцца”.

Ідэя “вялікай Расеі” ўзьнікла ў беларускай апазыцыі?

Цыганкоў: “Давайце з гэтага пункту гледжаньня ацэнім апошнюю забаўную калізію — стварэньне партыі “Вялікая Расея”.

Нагадаем, тыдзень таму дэпутат расейскай Дзяржаўнай Думы Андрэй Савельеў заявіў пра намер стварыць патрыятычную партыю на базе крыла партыі “Родина”. Паводле Савельева, цяперашні яе кіраўнік Дзьмітры Рагозін гатовы саступіць партыйную пасаду Аляксандру Лукашэнку.

Сам Лукашэнка ўчора назваў гэта “сумасбродством”. Ці нанесла гэтая гісторыя палітычную шкоду Лукашэнку?”

Быкоўскі: “Натуральна, Лукашэнка юрыдычна ня можа ўдзельнічаць у расейскай палітыцы. Да стварэньня гэтай партыі ён асабіста, напэўна, ня мае ніякага дачыненьня, хаця, магчыма, у яго атачэньні ёсьць людзі, якія нейкім чынам зьвязаныя з Рагозіным.

Але неверагодна, каб гэта дало плён у рэальнай палітычнай гульні ў Расеі — цяпер Лукашэнка ўсё ж ёсьць вонкавай фігурай для расейскай палітыкі.

Сама ж гэтая партыя ствараецца, магчыма, для таго, каб знэрваваць Крэмль, які ў час пераходу ўлады можа баяцца чаго заўгодна, у тым ліку і Лукашэнкі, які, нібы тыя марсіяне, высадзіцца на Зямлю і ўсё захопіць. Гэта фантастычны сюжэт, але ў час вялікіх узрушэньняў баяцца нават неверагоднага”.

Цыганкоў: “Аляксандар, як мяркуеце, увесь гэты сюжэт пашкодзіў Лукашэнку?”

Фядута: “На мой погляд, пашкодзіў — менавіта таму, што Крэмль сёньня баіцца ўсяго, чаго ня мае сэнсу баяцца. Наколькі я разумею, ідэя стварэньня гэтай партыі зыходзіла не з Расеі, а зь Беларусі. І не з атачэньня прэзыдэнта, а наадварот — хутчэй за ўсё, з пэўнага апазыцыйнага кола, якое добра разумее, што адбываецца ў Расеі, і паспрабавала такім чынам падставіць Лукашэнку”.

Цыганкоў: “Якая тады ў гэтым роля Савельева і Рагозіна? Яны не разумелі, што рабілі?”

Фядута: “Чаму ж? Яны гуляюць у сваю гульню”.

Цыганкоў: “І іх не хвалюе рэнамэ Лукашэнкі?”

Фядута: “Іх не хвалюе ня толькі рэнамэ, але і ўвесь палітычны лёс Лукашэнкі, і лёс сымулякру, які называецца “саюзная дзяржава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG