Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Палітвязьні застаюцца за кратамі ў Менску, Гомелі, Віцебску, Барысаве


Вячаслаў Кулік, Менск Сёньня зь менскай турмы на Акрэсьціна, а таксама з-пад арышту ў рэгіёнах вызвалена яшчэ некалькі палітвязьняў. Усіх іх – удзельнікаў падрыхтоўкі і сьвяткаваньня Дня Волі – абвінавацілі ў дробным хуліганстве альбо непадпарадкаваньні міліцыі.

А пятай гадзіне раніцы з ізалятару часовага ўтрыманьня Мастоўскага райаддзелу міліцыі вызвалілі Зьмітра Кухлея — дэпутата мясцовага райсавету. Першае інтэрвію ён даў Радыё Свабода:

“Маё затрыманьне было санкцыянавана зьверху — і менавіта КДБ. А што да нашых міліцыянтаў, то гэта пераважна сьвядомыя людзі. Калі я зь імі размаўляў, то многія гаварылі пра неабходнасьць зьменаў. Яны чакаюць гэтых зьменаў. Тое, што вымушаюць рабіць улады, ім не патрэбна. Многія кажуць пра гэта адкрыта”.

Зьміцер Кухлей быў затрыманы ў Мастах 24 сакавіка. Як дэпутат райсавету ён запатрабаваў выклікаць адваката. Але на месцы міліцыянты не знайшлі юрыста. Каб дамовіцца пра дапамогу адваката, Зьміцер зьехаў у Менск.

“У Менску таксама ўдзельнічаў у сьвяткаваньні Дня Волі. І вось калі я ўжо вяртаўся назад, пры выхадзе зь цягніка ў 4.50 раніцы мяне ўжо чакаў нарад міліцыі”, — апавёў спадар Кухлей.

На Гарадзеншчыне сёньня вызвалены Ігар Бонцар. У Магілёве — Максім Азараў. А ў Менску родныя і сябры чакаюць Аляксандра Атрошчанку. Жонка палітвязьня Даша хвалюецца за Аляксандрава здароўе:

“Яго зьбілі пры затрыманьні. Павалілі на зямлю, калі ён быў закаваны ў кайданкі. Джынсы парвалі. Таксама на судзе ён казаў, што на целе ёсьць сінякі і кровападцёкі”.

Сёньня ў Берасьці вызвалены ад плянаванага ў гэты дзень суду старшыня гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі:

“Цяпер я сустракаўся з намесьнікам старшыні Берасьцейскага гарвыканкаму Вячаславам Хафізавым. Фактычна мясцовая ўлада ня ведае, хто павінен складаць пратаколы за распаўсюджваньне друкаванай прадукцыі. Пакуль яны не выходзяць на суд”.

Нагадаю, што Зьміцер Шыманскі быў затрыманы ў Берасьці разам з грамадзкімі актывістамі Юр’ем Жыдовічам і Антонам Стасюком 25 сакавіка за распаўсюджваньне недзяржаўнага бюлетэню “Воля”.

На гэты момант у турме на Акрэсьціна застаецца да 2 красавіка Барыс Гарэцкі. У Гомелі за кратамі Ўладзімер Кацора. У Віцебску — Барыс Хамайда. У Барысаве — Ігар Леднік.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG