Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьпяховыя беларускі – гасьцямі амбасадаркі ЗША


Ганна Соўсь, Менск Каля сотні вядомых і пасьпяховых жанчын сабрала сёньня амбасадарка ЗША ў Беларусі Карэн Ст’юарт у бібліятэцы імя Пушкіна ў Менску. Кіраўніца амэрыканскай дыпляматычнай місіі вырашыла такім чынам павіншаваць беларускіх жанчынаў з нагоды сакавіка. Паводле традыцыі ў Злучаных Штатах цягам сакавіка ладзяць цырымоніі і імпрэзы ў гонар тых жанчынаў, якія зрабілі вялікі ўнёсак у гісторыю амэрыканскага грамадзтва.

Злучаных Штатах, адрозна ад Беларусі, не адзначаюць 8 сакавіка, аднак сам сакавік для амэрыканцаў – гэта месяц, прысьвечаны ролі жанчынаў у гісторыі.

Амбасадарка Карэн Ст’юарт таксама зазначыла:

“Менавіта месяц, прысьвечаны ролі жанчын у гісторыі, і сьвята 8 сакавіка дазваляюць нам аддаць даніну павагі мужнасьці і мэтанакіраванасьці выбітных жанчын ва ўсім сьвеце і на працягу ўсёй гісторыі. Дзякуючы намаганьням такіх жанчын, сьвет зьмяніўся і стаў больш мірным і шчасьлівым”.



Менавіта ў сакавіку споўнілася 30 гадоў, як Карэн Ст’юарт паступіла на дыпляматычную службу Дзярждэпартамэнту ЗША. Амбасадарка згадала, што ў той час сярод тых, якія вучыліся на дыпляматаў, было толькі 10 працэнтаў жанчынаў. Цяпер у дыпляматычнай школе пры Дзярждэпартамэнце ЗША студэнтак нават крыху болей за студэнтаў.

У Злучаных Штатах першая жанчына атрымала пасаду амбасадара ў 1953 годзе, а ў студзені 1997-га Мадлен Олбрайт стала першая жанчынай на пасадзе Дзяржсакратара ЗША. Яна заставалася першай высокапастаўленай жанчынай у гісторыі да таго часу, пакуль сёлета ў студзені сьпікерам Палаты прадстаўнікоў ЗША ня стала Нэнсі Пелозі. Дарэчы, і Мадлен Олбрайт, і цяперашняя амбасадарка ЗША ў Беларусі, і сэнатарка, і верагодная кандыдатка ў прэзыдэнты Гілары Клінтан скончылі ў розныя гады Каледж Уэлзлі ў штаце Масачусэтс.



Амбасадарка ЗША прадставіла выставу партрэтаў, якія аб’ядноўваюцца назвай “Дарога да роўнасьці: як амэрыканскія жанчыны здабылі права голасу”. Экспазыцыя прысьвечаная таму ўнёску, што зрабілі пры канцы 19—пачатку 20-га стагодзьдзя амэрыканскія актывісткі ў справу абароны асноўных правоў жанчынаў. На партрэтах адна з заснавальніц жаночага руху за раўнапраўе Сюзан Энтані, а таксама Люсі Бёрнс, якая неаднаразова трапляла за краты, адстойваючы права жанчынаў на ўдзел у выбарах. Там жа Маргарэт Фоўлі, якая арганізавала адзін з першых прафсаюзаў рабочых. Сярод выбітных жанчынаў Беларусі Карэн Ст’юарт згадала Эўфрасіньню Полацкую, Элізу Ажэшку і Алаізу Пашкевіч.

Што да сучасных беларускіх жанчынаў, то сёньня на запрашэньне амэрыканскай амбасадаркі прыйшлі пісьменьніца Вольга Іпатава, гісторык Ніна Стужынская, праваабаронца Вера Страмкоўская, народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка, палітыкі Валянціна Палевікова, Людміла Гразнова, Зінаіда Ганчар. Усяго –каля сотні беларусак, і кожная зь іх нечым адметная.



Гаворыць першая жанчына старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольга Іпатава.

“Пасьпяховыя жанчыны ў сёньняшняй Беларусі – гэта асаблівыя жанчыны. Напрыклад, ніводная з гэтых жанчын, наколькі я ведаю, не ўвайшла ў кнігу “Жанчыны Беларусі”, якую выдала дзяржаўнае выдавецтва. Там былі іншыя жанчыны. Але гэтыя жанчыны ня менш, а на мой погляд, нашмат больш заслугоўваюць, каб трапіць у кнігу “Сапраўдныя жанчыны Беларусі”. Таму што іхні посьпех ідзе празь церні, калі палітычная дзейнасьць, то празь перасьледы”.
XS
SM
MD
LG