Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шахцёры выйдуць пратэставаць. Але – паасобку


Іна Студзінская, Менск Салігорскія шахцёры цягам году вядуць перамовы з прадстаўнікамі Міністэрства працы, Адміністрацыі прэзыдэнта, Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі з патрабаваньнем выключыць з праекту Закону “Аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні” норму, згодна з якой працаўнік ня зможа атрымаць датэрміновую пэнсію, калі будзе працягваць працаваць у шкодных умовах. Збор подпісаў, ліставаньне, перамовы пакуль не даюць вынікаў. Таму цяпер шахцёры наважаныя на масавыя акцыі пратэсту.

І праўладная пярвічка “Белхімпрафсаюзу”, і Незалежны прафсаюз гарнякоў, што ўваходзіць у Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў – адстойваюць інтарэсы працоўных. Але акцыі пратэсту з аднымі і тымі ж патрабаваньнямі яны ладзяць паасобку.

У пачатку красавіка пачынаецца веснавая сэсія Палаты прадстаўнікоў, на якую выносіцца законапраект “Аб прафэсійным пэнсійным страхаваньні”. Таму шахцёры сьпяшаюцца. Прафсаюз хімікаў падаў заяўку ў Менскі аблвыканкам на імя Дамашкевіча і на імя старшыні Салігорскага райвыканкаму Рымашэўскага аб правядзеньні 10 красавіка мітынгу-пратэсту пад лёзунгам “Рукі прэч ад ільготных пэнсіяў!”

“Адначасова зьвярнуліся да прэзыдэнта ўжо ў другі раз, у Савет Міністраў да Сідорскага, каб яны прынялі ўсе залежныя ад іх захады па недапушчэньні дэстабілізацыі, таму што працаўнікі хвалююцца, патрабуюць ад прафсаюзу канкрэтных захадаў па абароне сваіх інтарэсаў”, – гаворыць намесьнік старшыні прафсаюзу хімікаў Сьцяпан Івашкевіч.

Прафсаюз хімікаў спадзяецца вывесьці на мітынг 5-6 тысяч чалавек. “Усе на мітынг! Пакажам дзяржаўным служачым сваю рашучасьць і салідарнасьць, прымусім іх паважаць інтарэсы народу!”, – гаворыцца ў звароце аргкамітэту прафкаму. Вось толькі Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі не падтрымала страйкоўцаў.

Незалежны прафсаюз гарнякоў таксама выступае ў абарону пэнсіяў шахцёраў. У сакавіку ён падаваў заяўку на правядзеньне пікету 14 сакавіка, але тады пікетаваньне мясцовыя ўлады не дазволілі: спаслаліся на эпідэмію грыпу, маўляў, масавыя мерапрыемствы забароненыя. І вось зараз Незалежны прафсаюз гарнякоў зноў актывізаваўся.

“Мы падалі заяўку на 13 красавіка на шэсьце і мітынг на плошчы Цэнтральнай, але, думаем, будзе “стопудовая” забарона. І таму падалі яшчэ адну заяўку на пікет, таксама на 10 красавіка,ад 10-й раніцы да 17-й. Пікет на стадыёне “Будаўнік”, дзе і “хімікі”, – распавёў Дзяніс Таўпека.

Намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, у склад якога ўваходзіць незалежны прафсаюз гарнякоў Мікалай Канах выказаў такое меркаваньне: “Паміж імі ад самага пачатку стварэньня нашага прафсаюзу ёсьць пэўны антаганізм. Робяць яны адну справу, але дух суперніцтва застаўся. Ёсьць паняцьце “дух спаборнасьці”, але калі пытаньне тычыцца інтарэсаў працоўных, тут трэба выступаць разам”.

Гл. таксама

• Шахцёры “Беларуськалію” будуць пратэставаць

• Салігорскія шахцёры могуць застацца без паліклінікі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG