Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Мілінкевіч: “Тое, што адбылося 25 сакавіка, умацоўвае наш дух”


Ганна Соўсь, Менск Што думаюць пра вынікі акцыі, якая адбылася ў Менску 25 сакавіка, яе арганізатары? І як ацэньваюць яны (а таксама супрацоўнікі міліцыі) колькасьць удзельнікаў шэсьця і мітынгу?

Лідэр аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч лічыць сёлетняе сьвяткаваньне Дня Волі пасьпяховым:

“Мы выканалі той плян, які ставілі перад сабой. Я казаў, што мы ня пойдзем на Бангалор, і мы не пайшлі на Бангалор. Так што акцыя прайшла хутчэй паводле нашага сцэнару, хаця мы абсалютна шчыра пазьбягалі канфрантацыі, пазьбягалі сутыкненьняў зь міліцыяй. Яна не вытрымлівала ў пэўныя моманты.

Дасягнутае самае галоўнае — мы яшчэ раз прадэманстравалі, што ў Беларусі ёсьць сілы, якія будуць адстойваць незалежнасьць, якія працягнуць змаганьне за дэмакратыю. Тое, што адбылося, умацоўвае дух. Гэта – самае галоўнае”.

Паводле лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, галоўнае, што ўсе, хто хацелі адсьвяткаваць Дзень Волі, зрабілі гэта і прайшлі вуліцамі Менску як свабодныя людзі:

“Трэба прызнаць, што на сёньняшні дзень усе гэтыя размовы пра дыялёг зьяўляюцца надта перабольшанымі. Таму што дыялёг, перамовы ня могуць праходзіць пры пасярэдніцтве турэмных наглядчыкаў. Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прадэманстравалі, што ў нас ёсьць патэнцыял, але трэба працаваць ня толькі з актыўнай часткай грамадзтва, але і з тымі, хто расчараваны ва ўладзе, але пакуль яшчэ пасіўны ў дзеяньнях”.

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч называе сёлетняе сьвяткаваньне Дня Волі паваротным пунктам у разьвіцьці Беларусі, бо ўлады пачалі канкураваць з апазыцыяй за апазыцыйныя лёзунгі. І тое, што эўрапейскі кірунак і лёзунг “За незалежную Беларусь” улады хочуць забраць сябе, ёсьць перамогай апазыцыі ў сэнсавым пляне, кажа Віктар Івашкевіч:

“У выніку атрымалася, што акцыя адбывалася ва ўсім горадзе. Кожны чалавек на Дзень Незалежнасьці атрымаў магчымасьць адсьвяткаваць яго так, як ён хацеў. Хто хацеў патузацца зь міліцыяй, патузаўся, хто хацеў мірнага шэсьця — атрымаў, хто хацеў мітынгу — атрымаў, хто хацеў разам з уладай сьвяткаваць — атрымаў. Сьвята па поўнай праграме”.

Як ацэньваюць арганізатары колькасьць удзельнікаў акцыі? Паводле Анатоля Лябедзькі, ў шэсьцях і мітынгу з нагоды Дня Волі ўзялі ўдзел каля сямі тысяч чалавек. Віктар Івашкевіч называе іншую лічбу — дзесяць тысяч.

Аляксандар Мілінкевіч ацэньвае колькасьць удзельнікаў у 5-7 тысячаў.

А менская міліцыя лічыць, што акцыя апазыцыі сабрала тры тысячы чалавек,– пра гэта “Свабодзе” сёньня паведамілі ў прэсавай службе Галоўнага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менгарвыканкаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG